На варце Айчыны

№ 8 (826) 23.02.2008 - 29.02.2008 г

Да Дня абаронцаў Айчыны і 90-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь нашы тэлевізійшчыкі падрыхтавалі ажно два падарункі аматарам айчыннага кіно: найновыя стужкі, знятыя на “Беларусьфільме” ў мінулым, 2007 годзе.

Першую з іх — “Шчыт Айчыны” маладога рэжысёра Дзяніса Скварцова, пра якую неаднойчы пісалася на старонках нашай газеты, можна з поўным правам назваць стопрацэнтным “нацыянальным прадуктам”. У ролях заняты выключна беларускія акцёры: Аляксей Сянчыла, Мікалай Кірычэнка, Анатоль Кот ды шэраг іншых… Для аматараў экраннага “напружання” знойдуцца ў фільме і найновыя тэхналогіі, сакрэтныя праекты, прамысловы шпіянаж, і хітрае выкрыццё здрадніцтва, а таксама, вядома ж, чыстае і рамантычнае каханне, якое і разбурае хітрыя шпіёнскія планы. Ну, а пасля прагляду самога фільма гледачы змогуць пазнаёміцца з тым, як вялася праца над ім: “пабываць” на здымачнай пляцоўцы.

А другі фільм, які гледачы Першага канала ўбачаць 24 лютага, — “У чэрвені 41-га” рэжысёра Аляксандра Франскевіча-Лайе — сабраў сапраўды бліскучы “зорны” ансамбль. У галоўнай ролі гэтай чатырохсерыйнай стужкі зняўся культавы расійскі кінаакцёр Сяргей Бязрукаў. Беларуская акцёрская “артылерыя” прадстаўлена ўлюбёным айчынным кінаакцёрам Расціславам Янкоўскім, якога гледачы ўбачаць у ролі Войцэха Бельскага.

Ул.інф.