“Гродзенскі трохкутнік” і яго адрозненне ад Бермудскага

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Велатур "К": па ваколіцах "каралеўскага горада": Водная роўнядзь, не парушаная турызмам / Серыя першая
Маршрут традыцыйнага прэс-велатура “К” падаецца цалкам заканамерным: паколькі Гродна сёлета зноў стаў сталіцай (зразумела ж, Культурнай), цалкам справядліва было скіраваць увагу менавіта ў напрамак “каралеўскага горада”. Як караля робіць світа, так і буйны турыстычны цэнтр немагчыма ўявіць без яго насычаных цікавосткамі ваколіц. Ваколіцы Гродна выглядаюць універсальным дадаткам да тых незлічоных гісторыка-культурных адметнасцей, якія даўно ды нецярпліва чакаюць масавага турыста ў самім горадзе — і, адпаведна, магчымасцю затрымаць гасцей у тых мясцінах як мага даўжэй. Прычым гэтыя цікавосткі ўражваюць сваёй разнапланавасцю ды папраўдзе неверагодным патэнцыялам для ўвасаблення крэатыўных задум. Чаго варты адзін толькі Аўгустоўскі канал, які ў перспектыве можа стаць сапраўдным стрыжнем транспамежнага турызму ў сваім рэгіёне! Павандраваўшы, мы прыйшлі да высновы: будзе цалкам справядліва, калі такі маршрут (як і наша падарожжа, ён пройдзе па тэрыторыі ажно трох краін) атрымае назву “Гродзенскі трохкутнік”. Менавіта “гродзенскі”, а не які яшчэ: больш магутнага “месца сілы” ў тых краях не знойдзеш. Адпаведна, інвестыцыі ў гэты рэгіён (не толькі фінансаў, але таксама і высілкаў ды ідэй) не спазнаюць эфекту бяздоннай прорвы. У нетрах Інтэрнэту можна адшукаць звесткі пра мноства грандыёзных праектаў, датычных развіцця турызму ў ваколіцах Гродна. Аднак у большасці такіх “учарашніх навін” фігуруюць дзеясловы ў будучым часе, а прыведзеныя тэрміны рэалізацыі даўно мінулі. Мы ж будзем апісваць убачанае “ў часе цяперашнім”.

/i/content/pi/cult/500/10748/10-1.jpg

Краявіды Аўгустоўскага канала.

/i/content/pi/cult/500/10748/10-3.jpg

На бягучы год прыпадае адзін сціплы і нікім не заўважаны юбілей. Акурат дзесяцігоддзе таму пачалося аднаўленне нашай часткі Аўгустоўскага канала. З той самай пары прызабытыя колісь мясціны — пастаянна ў цэнтры ўвагі. Ужо які час усур’ёз вядзецца гутарка пра перспектывы ўключэння Канала ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

Беларуская дзяржава ўклала немалыя сродкі ў рэканструкцыю айчыннага ўчастка гэтага ўнікальнага гідратэхнічнага збудавання. Інвестары, здатныя забяспечыць яго патрэбнай для камфортнага адпачынку інфраструктурай, атрымалі папраўдзе “цяплічныя” ўмовы... Здавалася б, прыспела ўжо пара казаць пра нейкую “аддачу”. Але чамусьці будучы час дзеяслова ўсё ніяк не зменіцца на цяперашні.

Для таго, каб вытрымаць належны сімвалізм, мы вырашылі распачаць падарожжа ў вёсцы Нямнова. Гэта, фактычна, канцавы пункт Аўгустоўскага канала, бо да балтыйскага порта Віндава (Вентспілс) водны шлях “трохі недацягнуў”. Пасля рэканструкцыі апошні перад Нёманам шлюз стаў ці не галоўнай цікавосткай больш як стокіламетровай артэрыі: ён адзіны мае ажно чатыры камеры з агульным перападам вышынь у дзесяць метраў! Туды і кіруем па асфальтавай шашы з Гродна, якая акурат цяпер даводзіцца да “еўракандыцыі” — менавіта таму, што вядзе на Канал. Было б толькі каму па ёй ехаць...

Месца без дзеі

Для “чысціні эксперыменту” мы вырашылі наведаць Нямнова ў звычайны будні дзень, вольны ад якіх-кольвечы мерапрыемстваў, што перыядычна ладзяцца на канале. Але дзень, адзначым, быў летні, спякотны. І самы сезон.

Прыязджаем туды — і ў цішы аглядаем размаітыя мудрагелістыя прыстасаванні. У пасіўным стане яны не надта ўражваюць. Больш глядзець няма на што. Рабіць — таксама. Вакол — ні душы! Добра, мы ведалі: у будынку колішняга “офіса” Канала размешчаны прыватны музей. Без шыльды і ўказальніка, але — самы сапраўдны.

— Сёння вы першыя, хто да нас завітаў, — прызнаецца яго гаспадыня Любоў Зажэцкая.

І, мяркуючы па ўсім, апошнія: на гадзінніку ўжо сёмая вечара. Гэта дзівіць, бо якіх-ніякіх турыстаў звычайна даводзіцца сустракаць нават ля самых занядбаных ды прызабытых помнікаў спадчыны.

Зрэшты, насамрэч здзіўляцца няма чаму. Аўгустоўскі канал, пры ўсёй сваёй добра разрэкламаванай унікальнасці ды жывапіснасці, — гэта толькі аб’ект, месца дзеяння. А вось самой дзеі, яму, як выявілася, акурат і бракуе. Ехаць сюды немаведама за колькі кіламетраў, каб паўзірацца на водную роўнядзь — задавальненне сумніўнае.

Галоўны атракцыён, які робіць гульню вартай свечак, — гэта, безумоўна, само шлюзаванне. У Нямнове, яно, кажуць, займае каля гадзіны. Больш такога нідзе не паспытаеш! У крайнім выпадку, можна, прынамсі, паназіраць за чыімсьці шлюзаваннем з берага, што таксама цікава...

Але, як распавялі мясцовыя жыхары, здараецца гэтая працэдура не надта часта, прычым не па раскладзе кшталту “з дзевяці да шасці”, а толькі па адмысловых заяўках. Адпаведна, ніякай гарантаванасці.

У звязку з гэтым, прыгадаўся наступны прыклад. На мяжы Польшчы і Славакіі ёсць прыгожая горная рэчка Дунаец. Яе хараство здолелі б ацаніць вельмі нямногія, калі б яшчэ гадоў сто таму прадпрымальныя мясцовыя сяляне не прыдумалі турыстычную атракцыю — сплаў на плытах. Сёння яны курсіруюць з рэгулярнасцю гарадскога транспарту, а дабрацца з Кракава да пачатковага пункта і выбрацца з канцавога можна на рэйсавых аўтобусах. З гэтым, дарэчы, на Аўгустоўскім канале праблема, бо маршрутныя аўтобусы з Гродна туды ходзяць далёка не кожны дзень! Тое ж самае датычыцца і “хлеба надзённага”. Там — кавярні непасрэдна на беразе Дунайца, а тут — прадбачлівая “ссабойка” з бутэрбродамі ды мінералкай.

Думаецца, парушыць роўнядзь Аўгустоўскага канала можа толькі аналагічны “фірмовы” турпрадукт, для стварэння якога тут ёсць усе ўмовы. Што самае цікавае, “у зародкавым стане” ён ужо спраўна функцыянуе: другі сезон запар адна мясцовая фірма прыкладна раз на тыдзень сплаўляе ўсіх ахвотных на байдарках ад Гродна да Нямнова. Але, па-першае, пра гэта нам удалося даведацца толькі ў самім Нямнове, бо на афіцыйным сайце Аўгустоўскага канала можна дазнацца хіба пра сам факт існавання апошняга. Адшукаць адказы на чатыры тыповыя пытанні турыста — “Як дабрацца?”, “Дзе спыніцца?”, “Што рабіць?” і “Дзе паесці?” — там альбо вельмі складана, альбо ўвогуле немагчыма. А па-другое... Байдаркі — гэта, як ні круці, “не для ўсіх”.

Для аматараў “матраснага” адпачынку ў ваколіцах суседняга шлюза “Дамброўка” курсіруе цеплаход “Нёман” (пра расклад рэйсаў Інтэрнэт інтрыгоўна маўчыць...). Ды, як падаецца, гадзінная водная прагулка — гэта таксама не надта важкі стымул ехаць менавіта сюды. А вось каб турыст мог сесці на “параходзік” у Гродне, а выйсці на бераг ужо ў Аўгуставе — як тое ўжо было ў “зорны” для Канала міжваенны час, калі турызм тут буяў... Ці яшчэ круцей: сесці ў Аўгуставе — і дабрацца да Балтыйскага мора... Гэта, пагадзіцеся, зусім іншая справа.

Падобныя ідэі даўно лунаюць у паветры. Здавалася б, для іх рэалізацыі ёсць не раўнуючы ўсё: прынцыповая падтрымка дзяржавы, зацікаўленасць польскага боку, належныя ўмовы навігацыі, транспарт і нават унікальная “водная мытня”, здатная пераўтварыць памежныя фармальнасці ў яшчэ адзін займальны атракцыён. І нават цяжка зразумець, чаму ідэі застаюцца ідэямі, а над Каналам па-ранейшаму пануе цішыня…

Папраўдзе народны музей

Затое ўжо згаданы музей — з’ява і сапраўды ўнікальная. Калі аргкамітэт сёлетняга форуму ў Гомелі вырашыць увесці намінацыю “Самы народны музей”, першы прэтэндэнт будзе навідавоку. Можа, менавіта таму яго дзверы заўсёды адкрыты для ўсіх ахвотных — фактычна, у любы час сутак.

— Ніякі я не дырэктар. Хто вам такое сказаў? — усміхнулася Любоў Зажэцкая. — Гэта мой дом, мы тут жывём…

Прыватныя музеі або галерэі зазвычай ствараюць дзеячы культуры альбо проста “апантаныя”. Часцяком гэтыя людзі ставяць перад сабой нейкія амбітныя мэты — асабістыя альбо грамадскія. Але дадзены выпадак — выключэнне. Музей паўстаў тут толькі таму, што яго стваральнікі палічылі гэта справай цалкам натуральнай — амаль такой, як надзённыя гаспадарчыя клопаты. Дзякуючы гэтым людзям мы адкрылі дзіўную рэч: аказваецца, сярод мясцовых жыхароў Аўгустоўскі канал ніколі не быў забыты.

— Мае продкі сплаўлялі па ім лес і, між іншым, нядрэнна праз тое жылі, — распавядае Любоў Зажэцкая. — За сезон можна было зарабіць ажно на дзевяць кароў! А якая тут была культура... Жанчыны высаджвалі на берагах кветнікі, уздоўж Канала вяла дарога з пакрыццём…

Сваё афіцыйнае існаванне Канал спыніў яшчэ ў далёкім 1956 годзе. Апошні даглядчык у Нямнове Іван Лукша канчаткова страціў працу ў 1968-м. Гэтая дата азначае кропку першага перыяду гісторыі воднага шляху: яго поўнасцю “спісалі ва ўтыль”. У 1996-м унук таго даглядчыка Тадэвуш Урбанюк стварыў музей ва ўласным гаражы — на падворку старога дзедаўскага дома. Гэта была першая ініцыятыва па захаванні памяці пра Аўгустоўскі канал — і зыходзіла яна, як бачым, “знізу”.

— Вядома, Тадзіку мы ўсе шчыра дапамагалі з гэтым музеем, — ра-
спавяла Любоў Зажэцкая. — Але праз два гады ён памёр, удава прадала дом, бо ёй гэтая справа была не надта цікавая. Новыя гаспадары вырашылі выкарыстоўваць гараж па прызначэнні, і музей перабраўся да нас…

Любоў Зажэцкая кліча сына Аляксандра, які быў змушаны адарвацца ці то ад рамонту машыны, ці то ад якой іншай гаспадарчай справы. Ён вокамгненна пераўтвараецца ў экскурсавода, і мы пачынаем агляд музея. У ліку экспанатаў ёсць і сапраўдныя рарытэты: прыкладам, фрагменты старых механізмаў шлюза або аўтэнтычная шыльда, якая чамусьці аказалася “на ўзбочыне” пад час нядаўняй рэканструкцыі. Паходжанне артэфактаў цалкам зразумелае: гэта тыя рэчы, якія нехта ў свой час, па сутнасці, выкінуў на сметнік.

Экскурсія грунтоўная — наздзіў для “непрафесіяналаў”. Расповед падмацоўваецца дэманстрацый арыгіналаў і копій разнастайных гістарычных дакументаў — кшталту тарыфаў на шлюзаванне ў міжваенныя часы. Варта адзначыць, што пра саму гісторыю канала і шлюза “неарганізаваныя” падарожнікі могуць даведацца, па сутнасці, толькі ў гэтым музеі. Звыклая для замежжа паслуга “набяры на мабільніку нумар і паслухай інфармацыю” ў нас пакуль не прыжылася.

Але галоўным экспанатам музея, без сумневу, з’яўляецца сам яго будынак. Разам з усім комплексам Аўгустоўскага канала, у Дзяржспісе гісторыка-культурных каштоўнасцей ён пазначаны катэгорыяй “0” — трохі вышэй, чым “проста” помнік міжнароднага значэння! Палову плошчаў “брыкстайлавай” камяніцы некалі займалі адміністрацыйныя памяшканні, а вось другая частка была аддадзена пад гатэльчык. Пастаяльцы пакідалі на мурах свае аўтографы на родных мовах: у залежнасці ад пертурбацый эпохі, гэта магла быць руская, польская і нямецкая. Некаторым з “тутбыўвася” ўжо больш за сто гадоў! Робячы рамонт свайго дома, які дастаўся ім у зусім непрыглядным стане, цяперашнія гаспадары тыя надпісы дбайна захавалі — і было гэта, між іншым, больш як за два дзесяцігоддзі да таго, як беларуская частка Канала набыла другое жыццё!

Цвік у якасці пэндзля

На польскай частцы Канала своеасаблівым цэнтрам жыцця з’яўляецца, натуральна ж, Аўгустаў. На Беларусі гэтую ролю адыгрывае зграбнае і дагледжанае мястэчка Сапоцкін — найбуйнейшы населены пункт у тых краях. Праехаўшы трохі ўздоўж бязлюднага берага, збочваем туды.

Вуліца Яна Паўла ІІ, Элізы Ажэшка… Вежы касцёла Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які з’яўляецца своеасаблівай візітоўкай мястэчка… Сапоцкін адразу вылучаецца сваім унікальным культурным кліматам, які фарміраваўся на працягу стагоддзяў і ўбіраў у сябе польскія, беларускія і літоўскія традыцыі. Гэта адзіны куток Беларусі, які ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай на нейкі час апынуўся ў складзе Прусіі. Магчыма, менавіта з той пары на вуліцах мястэчка пануе ўзорны парадак. Адным словам, было б пра што апавесці ў музеі — каб ён, вядома, быў.

Зрэшты, яго функцыю ў пэўнай меры выконвае мясцовы Цэнтр культуры і народнай творчасці — рэдкая ў сваёй намінацыі ўстанова, якая ладную частку сваіх платных паслуг зарабляе за кошт правядзення экскурсій. А дырэктар Цэнтра Ганна Галубцова па сумяшчальніцтве кіруе яшчэ і турыстычным інфармацыйным цэнтрам, што два гады таму адкрыўся ў мястэчку. Карацей, універсальны спецыяліст, які выдатна ведае ўсе цікавосткі ды асаблівасці краю і, лічы, носіць “музей” у сабе. Дарэчы, і спалучэнне гэтых пасад у Ганны Чаславаўны атрымалася самым натуральным чынам: яе як знаўцу культуры Сапоцкіна аднойчы запрасілі правесці экскурсію для турыстаў. І… неяк яно ўсё закруцілася.

Мы самі здолелі ацаніць дасведчанасць Ганны Чаславаўны ў самых розных пытаннях, напрыклад, здзейсніўшы шпацыр у сядзібны комплекс у Свяцку. Але, вядома, без вялікай экскурсіі па Цэнтры культуры і народнай творчасці ўражанні ад Сапоцкіна засталіся б няпоўнымі. Па-першае, таму, што Ганна Галубцова літаральна захавала Цэнтр ад закрыцця, пагадзіўшыся стаць кіраўніком установы культуры, што не вызначалася добрымі паказчыкамі. Па-другое, таму, што сёння Цэнтр актыўна прапагандуе мясцовую культуру і толькі ў мінулым годзе дамогся атрымання статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці лакальнай традыцыі роспісу велікодных яек.

Што ж можа прапанаваць турыстам установа культуры? Вядома, не толькі тыповы этнакуток. Сапраўдныя “разыначкі” экскурсіі — знаёмства з мясцовай кулінарыяй (уключна са знакамітымі сапоцкінскімі пончыкамі) і тэхнікай роспісу велікодных яек, якая летась займела статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Прычым знаёмства, адзначым, “у рабочым рэжыме”. Бо акрамя таго, што традыцыя роспісу “пісанак” у Сапоцкіне жыве, яна, да ўсяго, і цалкам адкрытая да вывучэння. Сёння ўзяць майстар-клас па роспісе велікодных яек у сапраўднага майстра Антаніны Ключэня можа кожны ахвотны. Гэтай магчымасцю мы, вядома ж, скарысталіся.

Як распавяла спадарыня Ключэня, гэтай асаблівай тэхніцы яе навучыла маці. Адмыслова да нашага прыходу майстрыха падрыхтавала раствор для афарбоўкі яек, вадкі пчаліны воск і, вядома, цвік, які ў дадзеным выпадку выступае ў ролі пэндзля: ім і наносіцца малюнак на яйка.

Асцярожна наносім малюнак дрыжачымі пальцамі — і воск застывае імгненна. Паправіць няўдалую рысачку ўжо не атрымаецца. Разумеем, што майстэрства роспісу “пісанак” — у спрытнасці і адначасова канцэнтрацыі. Занятак, варта заўважыць, не такі і далёкі ад медытатыўных практык.

— А што значаць гэтыя малюнкі? — пытаемся і робім, спрабуючы не ўдарыць тварам у гразь.

— Гэта прыродны арнамент: малюнак кветак, —- адказвае Антаніна Лук’янаўна, адзначаючы, у той жа час, што менавіта яе роспіс мае назву “польскі ўзор”.

Пасля таго як малюнак зроблены (у нашым выпадку ён атрымаўся з ухілам у экспрэсіянізм), яйка апускаецца ў адмысловы раствор, які фарбуе. Яго склад — вада з выключна прыроднымі інгрэдыентамі. У гэтую сумесь можа ўваходзіць нават попел: для таго, каб фарба добра ўзялася. Наступны крок працэдуры — “купанне” яйка ў гарачай вадзе, калі воск расплаўляецца і малюнак атрымлівае свой белы колер.

“Вызваленне ад воску” адбываецца ўжо пасля таго, як распісанае яйка доўгі час паляжыць у прыроднай фарбе. Але спадарыня Антаніна прадбачліва падрыхтавала нам распісаны “паўфабрыкант”, які на нашых вачах ператвараецца ў гатовы прадукт.

— Усё, далей работа шаруецца алеем і ставіцца сушыцца, — майстар дэманструе “гарачанькі” шэдэўр. — Вашы “пісанкі” мы таксама давядзём да ладу — і далучым да нашай калекцыі, — “супакойвае” нас Антаніна Лук’янаўна, звяртаючы ўвагу на збор арыгінальных распісаных твораў у сваім пакойчыку. Што ж, радуе тое, што “ не адны мы такія”, і толькі той, хто не спрабуе, не памыляецца.

Што да пытання наконт магчымасці самому ў хатніх умовах зрабіць падобны роспіс яек, скажам шчыра: так, тое цалкам магчыма. Але, вядома, калі вы не забудзецеся на такі важны складнік, як павага да прыроднага матэрыялу, любоў, нават асаблівы светапогляд. Бо нават сучасныя фарбы для яек, якія прадаюцца ў супермаркетах, тут гэтую тонкую мяжу традыцыі ўсё ж парушаюць.

Таму раім паспытаць на сабе ўздзеянне гэтай, несумненна, захапляльнай практыкі роспісу непасрэдна ў Сапоцкіне. А калі ўбачыце там нашы работы — просьба не судзіць нас строга.

Гіпатэтычна, у польскі Аўгустаў, які даў назву Каналу, мы маглі б дабрацца і ўздоўж яго берага. Гэта яшчэ адзін варыянт турыстычнага “асваення” аб’екта і, у дадатак, найкарацейшы шлях — аўтобус “Гродна — Аўгустаў” пераадольвае ці не ў чатыры разы большую адлегласць. Праблема нават не ў адсутнасці суцэльнай веладарожкі, пра стварэнне якой гаворка вядзецца ўжо не першы год. Проста, ужо згаданы пункт пропуску “Лясная — Рудаўка” працуе выключна ў “водным” рэжыме. Пашырэнне яго паўнамоцтваў і на веласіпедыстаў — таксама даўно ўжо ў планах. А пакуль што рушым “у аб’езд”. І паколькі наш шлях літаральна насычаны цікавосткамі, шкадаваць пра змарнаваны час не выпадае…

Ілья СВІРЫН, Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ, Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Працяг матэрыялаў велатура чытайце тут, тут і тут.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"