Ружы з шыпамі ў ільняных валасах

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Верасень для культурнай грамадскасці Гродзеншчыны ўжо пачаў асацыявацца са Святам класічнай музыкі “TyzenHouse”: настолькі яркім і запамінальным быў леташні старт гэтага фестывалю. Але сёлета музычны форум перанесены на лістапад. А ў пачатку кастрычніка піяніст Кірыл Кедук — ініцыятар і мастацкі кіраўнік гэтага свята, лаўрэат больш як пятнаццаці найпрэстыжных міжнародных конкурсаў — выступіць з сольным канцэртам у сталічнай зале “Верхні горад”. Сярод іншых твораў там прагучаць і тыя, што ўвашлі ў яго дэбютны альбом “Мой польскі дзённік”, выдадзены знакамітай амерыканскай фірмай “Delos”.

/i/content/pi/cult/500/10747/8-5.jpg

Назва альбома — невыпадковая. Выканаўца прысвяціў яго свайму бацьку — паляку па паходжанні, які шмат зрабіў для станаўлення юнага музыканта. Менавіта бацька паехаў з сынам-васьмікласнікам у Польшчу, калі той, перамогшы на міжнародным конкурсе, атрымаў грант на далейшае навучанне там. Дапамог вывучыць мову, адаптавацца. І, па словах Кірыла, нават цяпер, пасля смерці, працягвае сачыць за яго кар’ерай, радуецца кожнаму поспеху…

У альбоме сабраны збольшага амаль невядомыя нам польскія творы ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя. Змешчаныя ў храналагічным парадку, яны даюць уяўленне пра развіццё польскай фартэпіяннай музыкі — ад Шапэна да Лютаслаўскага — і праецыруюць гэта на беларускую культуру, якая развівалася паралельна, а часам і разам (не будзем забывацца на Напалеона Орду, які вучыўся ў Шапэна, сябраваў з ім і пераймаў яго манеру, а таксама на існаванне да 1939 года Заходняй Беларусі, культурныя пласты якой яшчэ толькі пачынаюць вывучацца). Асабліва цікавымі для спазнання блізкасці і рознасці музычных шляхоў Беларусі і Польшчы ўяўляецца цыкл “Ружы і шыпы” Юліюса Зарэбскага (1854 — 1885). Гэтыя пяць мініяцюр, абсалютна імпрэсіянісцкіх па стылі, дазваляюць, акрамя ўсяго іншага, абвергнуць выключна французскае паходжанне дадзенага музычнага напрамку і думкі пра тое, што ў Польшчу, як і ў іншыя краіны, імпрэсіянісцкія павевы трапілі толькі пасля Дэбюсі. Вымалёўваецца іншая лінія руху — праз вытанчаныя калье ажурных пасажаў Шапэна, які другую палову жыцця правёў у Парыжы, праз працяг гэтых традыцый на ягонай радзіме, праз агульную еўрапейскую “шапэнізацыю”, вынікам якой і сталі праславутыя “дэбюсізмы”. І ці не польскую (а можа, беларускую?) дзяўчыну намаляваў кампазітар у сваёй знакамітай прэлюдыі “Дзяўчына з валасамі колеру лёну”?..

Усе гэтыя думкі былі народжаны не вывучэннем кожнай ноткі згаданых “Руж і шыпоў”, а менавіта выкананнем гэтых п’ес Кірылам Кедукам. Салісты рэдка звяртаюцца да пяра і паперы, вынікам іх даследаванняў — часта парадаксальных, у піку агульнапрынятым “энцыклапедычным” ведам — становіцца новае “прачытанне” музыкі, выяўленае ў гуках. У гэтых ды іншых творах Кірыл дасягае такой прыгажосці гуку і яго палётнасці (гэтае вакальнае азначэнне тут вельмі дарэчы), што ўвесь альбом “пралятае” на адным дыханні. Шкада толькі, што ў Беларусі мы так рэдка чуем гэтага цудоўнага гродзенскага піяніста.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"