Слёзы пунсовых макаў

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Успамінаючы Мікалая Залознага
…А шлях да поспеху пачаўся тады, калі малады дэмабілізаваны салдат Мікалай Залозны прынёс у прыёмную камісію Мінскага мастацкага вучылішча два чамаданы сваіх малюнкаў — плён пасляваенных часоў — і быў залічаны адразу на другі курс. Калі ў 1954-м з адзнакай скончыў вучылішча, быў накіраваны ў той самы інстытут, пра які ішла гаворка вышэй. Тут ён вельмі старанна вывучаў асновы майстэрства, спрабуючы “знайсці сябе”, і ўсё жыццё у гэтых адносінах успамінаў добрым словам свайго галоўнага і любімага настаўніка Віталя Канстанцінавіча Цвірку, які навучыў яго “мысліць колерам і разважаць на палатне наконт бачанага, а не проста слепа капіраваць гэтае бачанае”. Ну, яшчэ вельмі добра адзываўся і пра іншага педагога ды цудоўнага рысавальшчыка — Аляксандра Пятровіча Мазалёва.

/i/content/pi/cult/500/10743/15-1.jpg

Мікалай Залозны. "Салдаткі".

/i/content/pi/cult/500/10743/15-2.jpg(Заканчэнне. Пачатак у № 34.)

Мастакамі нараджаюцца. Мастакамі становяцца. Праца — абавязковая ўмова. Мікалай Рыгоравіч не разумеў калег, якія толькі час ад часу бяруцца за пэндзаль. Радасць мастака, лічыў ён, — у сапраўднай працы. Наколькі памятаю, у яго дзень быў заўсёды падзелены на дзве часткі: вучылішча і майстэрня, майстэрня і вучылішча, хаця прыярытэт быў усё ж такі на баку майстэрні. Апошнія дзесяць гадоў жыцця ён выкладаў жывапіс у Тэатральна-мастацкім інстытуце, і тады “рэжым” ягонага жыцця ніяк не змяняўся.

І пры гэтым ніколі не пакідала яго пачуццё адказнасці перад тымі, для каго ён сам тварыў. Няхай гэта былі жанравыя, бытавыя карціны, партрэты будаўнікоў Лукомльскай ДРЭС, кветкавыя і “рабінавыя” нацюрморты або лірычныя пейзажы Міншчыны і возера Сялявы — усюды было відаць сумленнае, уважлівае стаўленне да таго, што пісаў мастак. Такое працалюбства і пачуццё адказнасці прывіваў ён выхаванцам мастацкага вучылішча, дзе шмат гадоў вёў малюнак, жывапіс ды кампазіцыю, і студэнтам інстытута, дзе выкладаў жывапіс на кафедры мастацкага тэкстылю. І вельмі быў незадаволены тымі сваімі вучнямі, якія замест палітры ды стаяння ля мальберта аддавалі перавагу вясёламу гультайству. Праўда, такіх у яго было зусім няшмат. Большасць ягоных вучняў потым станавіліся вядомымі мастакамі краіны. Сярод выхаванцаў Залознага — Г.Скрыпнічэнка, І.Кліменка, У.Зінкевіч, В.Захарынскі, Ю.Багушэвіч, У.Ткачоў, Л.Пуцейка і многія іншыя.

Помню яго майстэрню з рабочым кабінетам, дзе ўсё было падначалена справе. Ля сцен — расстаўлены вялікія і малыя палотны, у кутку — радыёпрыёмнік, на паліцах — папкі з накідамі ды фатаграфіямі работ, малюнкі алоўкам і вугалем, на мальберце — амаль завершаная карціна “Коні”. Потым яна будзе экспанавацца ў Англіі…

Аўтару яна асабліва дарагая. Задума яе нарадзілася непадалёк ад Мінска — у вёсцы Вадапой, дзе Мікалай бавіў вольны час, адпачываючы і працуючы. Лежачы на сене, цікава было назіраць, як з-за паветкі павольна выплываў месяц… Але мастак яшчэ не ўяўляў карціны, не бачыў яе “ўнутраным позіркам”. І вось аднойчы ўвечары, вяртаючыся з ракі, ён заўважыў на лузе спутаных коней, якія мірна паскубвалі траву. Два бачанні супалі з успамінамі дзяцінства — і з’явілася карціна: у барвова-чырвоным марыве — фантастычныя сілуэты коней. Няхітры сюжэт. Але чаму ж усё ўспамінаецца гэтае палатно? Мастак здолеў ускалыхнуць пачуцці. Коні на начлегу. Барвовы дыск месяца, бульба, спечаная ў прыску, ціхія размовы ля вогнішча… Нахлыне на цябе трывожная пяшчота дзяцінства, ахопіць усю істоту, захочацца ўдыхнуць не параўнальны ні з чым водар траў, — і як рэха адгукнуцца далёкія гады…

Але для мяне найбольш цікавая і пранізліва шчымлівая карціна “Макі”, якую сёння можна ўбачыць у пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: сярод пунсовых кветак стаіць на каленях дзяўчына і плача… Палатно напісана вельмі пастозна, быццам на адным дыханні. Як казаў сам аўтар, ён пісаў яго для сябе, не думаючы пра тое, куды потым яно трапіць: ці ў музей, ці ў прыватную калекцыю, ці застанецца ў майстэрні. А атрымалася, што адлюстраваныя на палатне роздумы і пачуцці жывапісца моцна ўсхвалявалі многіх гледачоў. Макі для Залознага — не проста кветкі: гэта сімвал і малой радзімы — Украіны, і другой радзімы — Беларусі, сімвал радасці ды смутку. Калі Мікалай маляваў гэтую карціну, чамусьці вельмі спяшаўся, і таму потым (ужо пасля смерці аўтара) узнікалі нейкія тэхналагічныя праблемы, з-за чаго на палатне перыядычна адбываліся фарбавыя адслаенні. Праўда, дзякуючы таленту дасведчанага рэстаўратара Нацыянальнага мастацкага музея Святланы Дзікуць сёння карціна выглядае цудоўна.

Запомніліся пэўныя развагі Залознага (я тады іх запісаў): “Змест заўсёды ўліты ў форму, і форма становіцца яго часткай. Таму нельга зводзіць змест твора толькі да сюжэта — паняцце зместу значна шырэйшае. Змястоўным павінен быць сам жывапіс: і лінія, і сілуэт, і тон, і форма. Усё гэта цяжка выказаць словамі, растлумачыць усе таямніцы мастацтва я не магу. Чаму ў адных мастакоў атрымліваецца так, а ў іншых — інакш? Чаму ў адных усё натхнёна, пачуцці — вялікія, думкі — глыбокія, а ў іншых — шэрасць і нудота? Спытай у мяне самога, як я пішу, што ў мяне за жывапісная манера, чаму яна менавіта такая, — не адкажу. Не ведаю. Дый наўрад ці які мастак можа пераканаўча адказаць на гэтае пытанне. Талент, як кажуць, ад Бога. Успомні Мікеланджэла: у яго толькі жэст, рука, адзін палец — ужо форма вялікая, лінія цудоўная! А паглядзі, які моцны жывапіс у Цінтарэта! Я зачароўваюся Малявіным, яго чырвоным колерам… Вось, калі пісаў “Макі”, канешне ж, успамінаў многіх мастакоў, якія малявалі гэтыя кветкі: ад Клода Манэ і Рэнуара да Сар’яна і Фешына, ад Джона Годварда і Браяна Блуда да Даніэля Кнігта і Альфонса Мухі… Але я ўбачыў свае макі, праз якія імкнуўся перадаць цэласны вобраз Смутку, майго асабістага Смутку. Нават не думаў, што ўдалося выявіць, так бы мовіць, нешта агульначалавечае…”

А я ўспомніў Дэлакруа, які казаў: законы хараства — вечныя, а формы выяўлення — розныя. Кожная эпоха, кожны народ паказвае прыгажосць па-свойму. Але на аснове нацыянальнага выяўляецца агульначалавечае, пра што казаў Мікалай Рыгоравіч. Уласна кажучы, тэма “смутку, журбы, маркоты” заўсёды прыцягвала ўвагу мастака. Гэты смутак — часам лёгкі, празрысты, як крынічная вада, часам напружаны, як нацягнутая цеціва лука, часам ледзь прыкметны, як апошні туман на ўзлеску, — можна адчуць у карцінах “Казка”, “Сям’я”, “9 Мая. Удовы”, “Смутак”, “Маці”…

У карцінах Залознага мяне заўсёды ўражваў яго “малявінскі” каларыт, што часам пераходзіў у звонкую дэкаратыўнасць. Здзіўляла ягонае нястрымнае захапленне чырвоным колерам, любоў да краплакаў з інтэнсіўнымі халодна-чырвонымі, малінавымі адценнямі, да чырвонага марсу рудаватага тона; любіў ён і сіні лазурок крыху блакітнага адцення, і чырвоны кадмій, і г.д. “Калі на палатне, — казаў творца, — першыя дзве асноўныя колеравыя плямы будуць дысгарманічныя або ўзяты не так, дык за імі ўсе астатнія будуць няправільныя, фальшывыя…”. І далей: “Мастацкасць — гэта калі карціна кажа гледачу больш, чым на ёй ёсць”.

Вось гэта ў лепшых творах Залознага было заўсёды. Таму што асновай творчага метаду мастака з’яўлялася эмацыйна афарбаваная думка, якая выбірала з памяці візуальныя ўражанні і прыводзіла іх у адпаведнасць з сабой, выходзячы за межы элементарнай праўдападобнасці. Верагоднасць і пераканаўчасць жывапісу Залознага я ацэньваў па яго здольнасці выяўляць, у першую чаргу, унутраны стан мастака. Скажу больш: у працэсе творчага развіцця ён, пачынаючы з дыпломнай карціны “Капітуляцыя”, а потым палотнаў “Студэнты”, “Камсамольцы”, “Сястра”, “Давыд-Гарадоцкія кветкаводы”, зразумеў, што афарбоўка на палатне павінна быць узгоднена з перажываннем, як, зрэшты, і ўся сукупнасць выяўленчых сродкаў.

Гэтая выснова стала праграмай для наступнай работы Залознага. Але рэалізаваць такую праграму было нялёгка, асабліва ў тым мастакоўскім асяроддзі, у якім на першы план ставіўся метад “сацыялістычнага рэалізму”, і звярнуць з гэтай “адзіна правільнай” каляіны было, мякка кажучы, непажадана. Але даводзілася выслухваць і крытыку старэйшых калег за “фармалізм”, і “рэкамендацыі” начальнікаў ад адукацыі — як правільна выхоўваць вучняў у мастацкім вучылішчы, каб яны не з’ехалі ў “левізну”, — і да таго падобнае…

Зрэшты, Залозны ў гэтых адносінах быў не адзінокі. Падобныя ўдары “зверху” прымалі такія сябры Залознага, як Л.Шчамялёў і А.Малішэўскі, а таксама тагачасныя шасцідзясятнікі — педагогі вучылішча. “Славу можна параўнаць з яблыкамі зімовых гатункаў: яны растуць летам, але радуюцца ім зімой…” — гэтую думку нямецкага філосафа Артура Шапэнгаўэра можна з поўным правам аднесці да згаданай цудоўнай тройкі. Толькі, на жаль, Мікалай Рыгоравіч занадта рана пайшоў з жыцця, і славы па-сапраўднаму ён зведаць не паспеў…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"