Вынік кааперацыі

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Туніс: музей камерцыяй не займаецца, але…
У Тунісе шмат самых розных музеяў у мястэчках ды гарадах. Хапае там і ўнікальных артэфактаў. Балазе падзеі ХХ стагоддзя ў Еўропе амаль абмінулі гэтую краіну. Мне надзвычай спадабалася Віла Себасціяна ў Хамамеце: палац пабудаваны паводле праекта славутага амерыканскага архітэктара Ф.Л. Райта для румынскага мільянера, дзе гасцявала французская, румынская і брытанская багема. Цяпер тут — мастацкая галерэя, але засталіся паўсядзённыя побытавыя рэчы колішніх гасцей, якія можна нават памацаць. Вельмі атмасферна і... кранальна. У тамтэйшых “медынах” — сярэднявечных цэнтрах гарадоў за крапаснымі мурамі — існуюць свае музеі пры старажытных мячэцях. Ёсць і там на што падзівіцца. Але, перадусім, у прадмесці Туніса маецца выбітны збор артэфактаў сусветнай значнасці — Нацыянальны музей Бардо.

/i/content/pi/cult/500/10741/14-1.jpg

Што?

Тут сабрана калекцыя рымскіх і візантыйскіх мазаік, антычных, маўрытанскіх ды асманскіх артэфактаў і твораў мастацтва. Музей у Бардо — найбуйнейшы пасля Каірскага археалагічнага музея ў Афрыцы. Знаходзіцца ўстанова ў колішнім палацы, пабудаваным яшчэ ў XIII стагоддзі для арабскіх султанаў Хафсідаў. Пасля тут была рэзідэнцыя асманскіх беяў. Шыкоўны комплекс адкрылі для публічнага наведання ў 1888-м, праз сем гадоў пасля ўсталявання ў Тунісе французскага пратэктарату.

Асновай музея стала калекцыя мазаік, што была запачаткавана асманскім міністрам Туніса Хазандарам. Пазнейшыя археалагічныя знаходкі за стагоддзе ўзбагацілі калекцыю. Музей жа ствараўся ў выніку ўзаемавыгаднай кааперацыі чынавенства і прадпрымальнікаў, археолагаў і мастацтвазнаўцаў, турыстычных аператараў ды ўладальнікаў гатэляў, рэстаранаў, таксі, друкарняў і, урэшце, мастакоў ды саматужнікаў, якія прадукуюць рэчы “паводле матываў” гэтага музея. Іх можна знайсці ў Тунісе паўсюдна. Але толькі не ў самім Нацыянальным музеі Бардо!

Тут можна падрабязна вывучыць гісторыю сталіцы і старажытнага Карфагена, паглядзець экспанаты Пунічнай эпохі, старажытных Рыма і Грэцыі, прадметы мусульманскай ды хрысціянскай культур. Усё, што было знойдзена пад зямлёй, на зямлі і пад вадой, класіфікавана, апісана, вывучана і годна выстаўлена для агляду. Для наведвальнікаў прадстаўлены не толькі невялікія экспанаты ды розныя прадметы побыту, але і антычныя статуі карфагенскіх і рымскіх багоў ды герояў.

Тут знаходзіцца самая вялікая ў свеце ацалелая арыгінальная мазаіка плошчай 56 квадратных метраў (з выявай подзвігаў герояў і жыцця багоў, побыту простых смяротных ды іншых сюжэтаў): яна была знойдзена ў ваколіцах туніскага горада Суса. Сёння яна займае велізарную залу з зялёна-залатой столлю. Тут можна ўбачыць і багата мазаік, вядомых нам яшчэ з дзіцячых часопісаў ды школьных падручнікаў. Сярод іншага — класічны прыжыццёвы партрэт Вяргілія з музай гісторыі Кліа і музай трагедыі Мельпаменай, знойдзены ў 1896 годзе. На скрутку ў руцэ Вяргілія — надпіс: “Муза выклікае мяне”. Гэта радок з “Энеіды”.

Як?

У іншых залах Музея Бардо можна азнаёміцца з жыццём колішняга султанскага гарэму. У цэнтры адной з такіх залаў ёсць велізарны ложак, пад балдахінам, а столь надзвычай багата дэкаравана філіграннай разьбой. Гэтую, як і многія іншыя залы, аздобілі цяпер антычнымі мазаікамі. Некаторыя нельга здымаць з фотаўспышкамі, а іншыя можна памацаць рукамі, па некаторых — нават хадзіць! Гэта стварае ўнікальную атмасферу спрычыненасці, нечуванай даступнасці да аўтэнтыкі.

Дзесяць гадоў таму, да 125-годдзя гэтага ўнікальнага музея, былі зроблены велізарныя грашовыя ўкладанні, каб пашырыць і абнавіць экспазіцыю. Пад праект абнаўлення ўсіх туніскіх музеяў, уключаючы Бардо, дзяржава атрымала крэдыт ад Сусветнага банка, што пайшоў на рэалізацыю маштабнай комплекснай стратэгіі развіцця культурнага турызму ў краіне. Музей быў абноўлены, каб стаць вітрынай спадчыны Туніса і распачаць новыя даследаванні, ажыццяўляць арыгінальныя сучасныя праекты. Новы грандыёзны будынак узведзены паводле праекта туніскага архітэктара Аміра Нуіра, пры дапамозе французскіх інжынераў і дызайнераў.

Дызайн заслугоўвае асобнай гаворкі, бо экспанаваць вельмі вялікія рэчы, што былі колісь часткай зусім іншых архітэктурных збудаванняў, розных маштабаў, часам насамрэч складана. Прытым улічваецца тамтэйшая спецыфіка: трэба забяспечыць моцную вентыляцыю і кандыцыянаванне, абарону ад сонечных промняў. Паўсюль у музеі, як і ў гарадской прасторы Туніса, прадугледжана непарыўнае безбар’ернае асяроддзе — для людзей з абмежаванымі магчымасцямі або з дзецьмі. Нам ёсць тут чаму павучыцца.

Хто?

Навуковая канцэпцыя цяперашняга абноўленага музея распрацавана з улікам не толькі акадэмічных ды археалагічных даследаванняў, але і актыўнага выкарыстання экспазіцыі, прадстаўленай праз храналагічныя ды тэматычныя экскурсійныя праграмы, адаптаваныя да густаў шырокай публікі.

Публіка тут, насамрэч, — вельмі розная, разнамоўная ды рознаўзроставая. Гэта вымагае ад супрацоўнікаў немалых ведаў і прафесійных практык. Але супрацоўнікі-паліглоты падыходзяць да вас, распытваюць пра тое, адкуль вы прыехалі, што цікавіць у музеі, чым дапамагчы, ці не сфатаграфаваць вас на фоне трона Напалеона або султанскага басейна. За гэта тут прынята даваць ім колькі грошай: 1,5 — 2 дынары (блізу аднаго долара). Але прыязнасць і гасціннасць вам будуць гарантаваны ў любым выпадку!

Колькі?

У Туніскім музеі не займаюцца камерцыйнай дзейнасцю. У Нацыянальным музеі Бардо няма ні кавярняў, ні сувенірнага гандлю (што з гакам кампенсуюць вулічныя гандляры пры ўваходзе), за выключэннем прадукцыі самога музея: навуковай літаратуры, артыкулаў-буклетаў, паштовак з выявамі музейных скарбаў. Даход складаецца з несупыннай плыні экскурсій, што забяспечваюць тысячы розных турфірм і гатэляў, якія ўключаюць наведанне гэтай установы ў свае абавязковыя ды самыя цікавыя праграмы. Флаеры, буклеты і рэкламную прадукцыю на тэму музея можна сустрэць паўсюдна — ад аэрапортаў да таксі. Але, паўтаруся, гэта ў кампетэнцыі не музейшчыкаў, а безлічы прыватных ініцыятараў — ад тураператараў да майстроў-саматужнікаў, якія вырабляюць тэматычныя сувеніры. У выніку такой кааперацыі ў нацыянальным маштабе нараджаецца ўнікальны феномен. Нараджаецца цікавасць да спадчыны Туніса ў свеце.

Аўтар: Сяргей ХАРЭЎСКІ
мастацтвазнаўца