“Касуха”, валёнкі ды…

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Апошні месяц лета выдаўся, на мой погляд, нефармальна-фестывальным. Так ужо атрымалася, што “на закуску ды на пасашок” нам прапанавалі зусім не-абы якія святы. Прынамсі, сумна на іх не было. І прычына тут досыць простая: шукаць адказы на пытанне “Для каго ж быў той фестываль: для запрошаных удзельнікаў, жыхароў фестывальнага горада (мястэчка) ці стыхійных гасцей-турыстаў?” не давялося. Для гэтага ў першых, другіх і трэціх папросту не заставалася часу…

Услед за рок-фэстам “Дружба”, што адвіраваў на пачатку жніўня ў хутарскім антуражы “Шаблі” (Валожынскі раён), у свае правы ўступіў “Metal Crowd Fest-2014” (16 — 17 жніўня). Апошні страсянае Рэчыцу (Гомель-
шчына) вось ужо дзясяты (!) год і без эксцэсаў. Страсянае чым? Экстрэмальнай музыкай! Падавалася б, і “Дружба”, і “Metal…” — вынік прыватнай ініцыятывы. “Дружба” — так. (Няўрымслівы ўладальнік “музычнага” хутара Уладзімір Шаблінскі “саматужна” запаўняе пустуючыя раней нішы культурнага ўплыву на маладзёжны асяродак.)

А вось “Metal…” — плён дзейнасці аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Рагачоўскага райвыканкама. Віват, аддзел! Можна шмат казаць пра тое, як чыноўнікі імкнуцца да паяднання беларускай моладзі з дапамогай той або іншай крэатыўнай ідэі. У Рэчыцы ж не кажуць, а — робяць. Прычым у цеснай звязцы з той часткай гарадской моладзі, для якой рок — далёка не пусты гук. Фестываль — самаакупны. Білеты прадаваліся з сакавіка. Каманды прыехалі з 11 краін. Многія — за кошт ахвяраванняў сваіх суайчыннікаў. Геаграфія фэсту — салідная: Англія, Швецыя, Нарвегія, Італія, Польшча, Украіна… Застаецца дадаць, што напярэдадні “металічнага” свята аддзел зладзіў у горадзе Фестываль экстрэмальных відаў спорту, а работнікі райвыканкама, якія курыравалі абедзве дзеі, сваім дрэс-кодам ніяк не адрозніваліся ад аматараў экстрыму (сапраўды, чорны пінжак не надта пасуе фармату нефармальных маладзёжных праяў). Я — дзвюма рукамі за такую дэмакратычную тактыку культурнага развіцця. Больш за тое: аддзел, па словах яго кіраўніка Святланы Краўчанка, не толькі імкнецца падтрымліваць прыватныя ініцыятывы, але часам нават іх папросту падштурхоўвае. Чарговая кропка прыкладання аддзелаўскіх сіл — вёска, выкупленая ў Рэчыцкім раёне прыватнікам Кірылам Краўцовым. Святлана Генадзьеўна мяркуе ладзіць тут фальклорнае свята. Гаспадар хутара абяцае выступіць у ролі паўнацэннага творчага партнёра. Як вы думаеце, атрымаецца ў работнікаў культуры задуманае?

Ёсць чым пахваліцца ў плане фестывальнай арыгінальнасці і Брэстчыне. На Ілью адвіравалі “Дрыбінскія таржкі”. У райцэнтры, як і заўжды, было завозна. Рэгіянальны фестываль народнай творчасці ладзіцца штогод і ўжо ў чацвёрты раз. Непаўторнасць дзеі ў тым, што апрача зёлак ды лячэбных венікаў у мясцовых крамніцах прадаваліся знакамітыя мясцовыя валёнкі: для дарослых — па 600 тысяч рублёў, дзіцячыя — па 400 тысяч. Кошт вар’іраваўся ў залежнасці ад мастацкай аздобы абутку...

“Ляліва” — гэта герб: залаты паўмесяц, над рагамі якога — сярэбраная зорка. Карысталіся ім беларускія, украінскія, літоўскія ды польскія роды. Ужывалася “Ляліва” і ў Крэве. Таму фэст у мясцовым замку называўся “Пад знакам Лялівы”. Прайшоў ён 23 жніўня і, неаспрэчна, выклікаў чарговую хвалю цікавасці да пашанотных крэўскіх рэшткаў. Упершыню “Ляліва” аб’яднала і буйны ганчарскі фэст.

Арыгінальнасць фэставай ідэі — гарантыя “доўгажыхарства” свята. 17 жніўня, да прыкладу, прайшоў VII Фестываль кветак у пасёлку Жалудок. Гэты куток Шчучыншчыны адметны, аказваецца, не толькі тым, што тут праходзілі здымкі беларускага трылера “Масакра”. Кветкаводы спаборнічалі ў лепшых праявах ландшафтнага дызайну. І толькі на гэтым фэсце можна было ўбачыць… строі з кветак. Такой прыкладной фларыстыкай зацікавіліся не толькі аматары прыроды, але і шматлікія турысты.

Спіс жнівеньскіх святаў можна было доўжыць. Пэўныя з іх, дарэчы, перанесены на восень. Да прыкладу, мяркуецца, што ў верасні распачнецца і ІІІ Фестываль этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”. Сёлета праект набыў статус міжнароднага. Дзякуючы яму аграгарадок “Ляскавічы” стаў знакамітым не толькі ў родным Петрыкаўскім раёне. Дык якім жа крэатывам вызначыцца “Покліч…” гэтым разам? Натуральна, будуць працягнуты ўсебаковае ўшанаванне і папулярызацыя палескага рэгіёна. Фэст зацвердзіць званне “Ганаровы паляшук”, якім будуць уганараваны лепшыя грамадзяне краю. Плануюцца гашэнне адпаведнай “палескай” паштовай маркі і абранне Прыгажуні Палесся. А на Прыпяці распачнуцца гонкі на старадаўніх чаўнах…

Дырэкцыя кожнага са згаданых фестываляў — своеасаблівая лабараторыя, дзе метадам спроб і памылак вышукваецца ісціна сапраўднай творчасці. Калі маюцца з гэтым праблемы, калі ласка, звяртайцеся да “лабарантаў”.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"