Бабуліны казкі

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Віктар ШНІП, літаратар, галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”
— Так, менавіта з бабуліных казак і песень пачалася для мяне беларуская культура. Справа ў тым, што калі мне споўнілася восем месяцаў (а нарадзіўся я ў вёсцы Пугачы, што на Валожыншчыне), бацькі аддалі мяне гадавацца да бабулі Ганны, мамінай маці. Яна жыла ў невялікім сяле Лягезы, за пяць кіламетраў ад нашага паселішча.

У той вёсцы было ўсяго дзесяць хат і двое дзяцей. Электрычнасці не было ажно да 1967 года. Кніжак таксама не было. Але ж у мяне была бабуля Ганна. Кожны вечар яна расказвала мне казкі. Асабліва запомнілася тая, вядомая ўсім дзецям, пра спрытнюгу-ваўка, які ў палонцы лавіў рыбу хвастом. Каля Лягезаў працякала рачулка Яршоўка, і я, пасля бабулінай казкі, кожную зіму шмат разоў хадзіў да вады, каб убачыць таго ваўка, які ловіць рыбу такім незвычайным спосабам. На жаль, так і не ўбачыў…

Памятаю, доўгімі зімовымі вечарамі каля святла лямпы ў бабулінай хаце збіраліся суседзі. Жанчыны пралі воўну, хлопцы расказвалі пра вайну, пра тое, як жылі пры паляках… А яшчэ вечарамі ў хаце спявалі народныя песні. Я слухаў ды падпяваў, і быў самым шчаслівым на свеце...

З дзядзькам Ванем, які працаваў конюхам, я даглядаў коней і нават некалькі разоў хадзіў з ім у начное. Дзядзька мяне любіў, і я яго называў татам, а цётку Алю — мамай. І калі прыйшоў час майго вяртання ў Пугачы (трэба было ісці ў школу), мяне не хацелі аддаваць маім бацькам. Дый я сам не хацеў адсюль з’язджаць. І цяпер, калі еду з Мінска ў Пугачы каля Лягезаў, у мяне ад успамінаў на вачах слёзы, бо тут прайшлі самыя светлыя гады майго жыцця. Тут, у Лягезах, відаць, ува мне і абудзіўся паэт...