Наш праклён вайне

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Уладзімір ЦЕРАБУН, скульптар, Ганаровы грамадзянін Смаргоні
Яшчэ на золку нашай эры старажытнагрэчаскі пісьменнік Лотар Лонг казаў: “Таму, хто адважваецца ставіць помнікі на зямлі, прапітанай кроўю, павінна быць уласціва высокае пачуццё адказнасці”. Працуючы над мемарыялам памяці герояў і ахвяр Першай сусветнай вайны ў Смаргоні, мы прыгадвалі гэтыя словы пастаянна. Бо тая зямля і сапраўды прапітана крывёю.

/i/content/pi/cult/500/10734/2-1.jpgТым больш, манументальнае мастацтва з’яўляецца папраўдзе трывалым складнікам дзяржаўнай ідэалогіі: яно выконваецца з даўгавечных матэрыялаў і разлічана на стагоддзі, яго творы пастаянна знаходзяцца ў асяроддзі бытавання людзей і не могуць быць перанесены або закрыты. Таму ў гэтай справе памылкі каштуюць надзвычай дорага.

Ініцыятарам узвядзення мемарыяла стаў жыхар Смаргоні Уладзімір Лігута. Зацікавіўшыся тэмай Першай сусветнай, ён па сваёй ініцыятыве працаваў у архівах і ў выніку даследаванняў напісаў кнігу “У Смаргоні пад знакам святога Георгія”. Менавіта Уладзімір Мікалаевіч у 2006-м звярнуўся ў Смаргонскі райвыканкам з прапановай увекавечыць памяць воінаў Першай сусветнай вайны. І мясцовыя ўлады ўхвалілі гэтую ідэю. Ужо ў тым самым годзе быў аб’яўлены рэспубліканскі конкурс на суісканне заказа. Усяго было прадстаўлена дзевяць праектаў, але перавагу сярод іх аднагалосным рашэннем журы атрымала прапанова аўтарскага калектыву пад кіраўніцтвам Анатоля Арцімовіча. У самым хуткім часе гэты выдатны скульптар патэлефанаваў мне і прапанаваў далучыцца: маўляў, ты ж смаргонскі, дык як жа без цябе? Неўзабаве наш калектыў, куды таксама ўвайшлі скульптар Іван Арцімовіч і архітэктар Аляксандр Бажыдай, быў сфарміраваны. Наперадзе нас чакала восем гадоў руплівай працы…

Дзякуючы фінансаванню Саюзнай дзяржавы, яшчэ чатыры гады таму скульптуры былі адліты — справа заставалася толькі за ўвасабленнем задумы ў прасторы. Інстытут “Гроднаграмадзянпраект” выканаў праектна-каштарысную дакументацыю, а гэта адзінаццаць альбомаў, у якіх прыведзены дакладныя разлікі па кожным элеменце. Асаблівую падзяку хацелася б выказаць архітэктару Аляксандру Захарчуку, які па-майстэрску ўдасканаліў праект, “ужывіў” яго ў навакольнае асяроддзе.

А ў 2012 годзе, яшчэ да адкрыцця фінансавання работ, тагачасны старшыня Смаргонскага райвыканкама Мечыслаў Гой сам праявіў ініцыятыву. Невялікая група распачала работы па ачыстцы тэрыторыі ад кустоўя, зняцці верхняга слоя грунту і падсыпцы новага. А гэта тысячы і тысячы тон… Таму нізкі паклон нашым будаўнікам за іх якасную і добрасумленную працу!

Мемарыяльны комплекс пакуль не завершаны, але канцэптуальнае рашэнне ўжо поўнасцю праглядаецца. Сёння можна прайсці па алеі даўжынёй у 417 метраў, на якой размешчаны некалькі архітэктурна-прасторавых зон — уваходная, мемарыяльная і цэнтральная: “Зона Славы”, дзе размешчаны скульптурныя кампазіцыі “Бежанцы”, “Салдаты Першай сусветнай” і “Крылаты геній салдацкай славы”. Апошняя з іх — гэта алегорыя, покліч да неба. Меч не сціснуты ў руцэ анёла, але ляжыць на яго далонях, што азначае зварот да будучых пакаленняў: “Будзьце пільныя, беражыце мір”. Пра гэта мае нагадваць і звон, які будзе даносіцца з капліцы, што з’яўляецца неад’емнай часткай задумы помніка.

Мемарыял называецца “Прымірэнне”, таму ён прысвечаны не толькі воінам рускай арміі, якія абаранялі сваю радзіму, але таксама і тым нямецкім салдатам, што загінулі на Смаргонскай зямлі. Расколаты напалову валун мае надпіс па-руску і па-нямецку: “Любая вайна нясе гора, руйнаванне і смерць. Наш свяшчэнны абавязак — памятаць пра гэта”. У гэтых словах — ідэйная квінтэсэнцыя ўсяго праекта.

Згодна з задумай аўтарскага калектыву, комплекс павінна завяршаць яшчэ адна кампазіцыя — куды менш маштабная паводле будаўнічых аб’ёмаў, але, на наш погляд, вельмі значная па сваім змесце. Яе прапануецца размясціць на супрацьлеглым баку горада — ля трасы “Мінск — Вільнюс” у вёсцы Хадакі. Назва кампазіцыі — “Праклён вайне”. Утыркнуўшы вінтоўку штыком у зямлю, салдат выгукае ў неба “Будзь праклятая ты, вайна!”. Гэта ўніверсальны пасыл, скіраваны ў будучыню, які выяўляе пратэст супраць любога кровапраліцця. Як казаў знакаміты рэжысёр Аляксандр Сакураў, “…змяніць смертазабойчую прыроду ў чалавеку наўрад ці калі ўдасца, але імкнуцца да паляпшэння нораваў — галоўная задача мастацтва”.

Звяном, якое звязвае першую і другую часткі комплексу, стануць доты, размешчаныя ў гарадской рысе і за яе межамі. Гэта — жывыя і пераканаўчыя сведчанні падзей той вайны, і агулам іх у ваколіцах Смаргоні каля сямідзесяці. Большасць з іх захаваліся ў даволі добрым стане, і, несумненна, яны ўяўляюць вялікую цікавасць для турыстаў.

Працы па стварэнні комплексу сёння актыўна вядуцца, і, пры несупынным паэтапным фінансаванні, першая яго частка магла б быць завершана ўжо налета. На жаль, пакуль прагнозы на гэты конт не надта суцяшальныя: ужо на сённяшні момант запазычанасць перад будаўнічымі арганізацыямі перавысіла пяць мільярдаў рублёў, і яшчэ прыблізна столькі ж патрэбна. Пэўна, гэта не надта вялікая сума — прынамсі, калі ўлічыць грамадскі пасыл мемарыяла. Ён прысвечаны гістарычным падзеям, але ўсё ж вельмі сучасны — асабліва цяпер, калі ў розных кутках свету зноў ліецца кроў…