Логіка развіцця

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Мiхаiл БАРАЗНА, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў
Рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў Мiхаiл БАРАЗНА ў “К” № 30 у рубрыцы “На маю думку...” падзяліўся сваім меркаваннем аб тым, чым запомніліся яму дыпломныя работы гэтага года ва ўстанове, якой ён кіруе. У аўтарскім артыкуле “Сiтуацыю аналiзуем” гаворка ішла аб прыватнасцях — канкрэтных факультэтах — і згаданай ВНУ наогул: што радуе, што здзіўляе, што насцярожвае. Працягам размовы напярэдадні Дня ведаў аб навучальнай стратэгіі БДАМ стаў і гэты, запісаны намі, маналог рэктара:

/i/content/pi/cult/500/10733/5-1 (1).jpg— Сёння хацелася б пагаварыць не толькі пра навучальны працэс, але і пра Акадэмію ў іпастасі Цэнтра сучаснага мастацтва. З гэтага вынікае, што БДАМ можа не толькі рыхтаваць кадры для нацыянальнага мастацтва, але і выконваць іншыя функцыі ў культурным працэсе.

Акадэмія прымае чынны ўдзел у маштабных культурных акцыях, у тым ліку і ў буйных выстаўках сучаснага мастацтва. Аднак наша роля ў гэтай справе магла б быць больш важнай ды заўважнай, а ў шэрагу выпадкаў — і стрыжнявой. Хаця на ролю манапаліста Акадэмія ні ў якім разе не прэтэндуе. Дый не жадаем мы вяртання адміністравання і рэгламентавання мастацкага жыцця, як гэта было за савецкім часам. Я буду прыводзіць факты, а высновы няхай зробяць чытачы “Культуры”.

Акадэмія мастацтваў не захоўвае творы мастацтва, як музей, — яна іх стварае. У нас на сённяшні дзень — больш за тысячу студэнтаў, дакладней — 1 300, што прадстаўляюць амаль усе віды прафесійнай мастацкай творчасці, якія ёсць у Беларусі. І тэрмін навучання ў БДАМ — ад чатырох да шасці гадоў — прадугледжвае праектныя адносіны да сучаснага мастацтва. Гэта працяглы тэрмін выканання работы, праектная сітуацыя задання і вельмі высокае якаснае кансультаванне праектнай групы. Па сутнасці, у навучальным працэсе мы ўжо маем праявы сацыякультурнага праектавання. Акадэмія можа вырашаць такія творчыя задачы, як распрацоўка на канцэптуальным узроўні маштабных выставак — біенале, трыенале, іншых экспазіцый — самага высокага ўзроўню, з наступным практычным увасабленнем згаданых тэарэтычных распрацовак. Гарантам высокай якасці з’яўляецца творчы патэнцыял студэнтаў, пра які сведчаць высокія ўзнагароды, што нашы выхаванцы атрымліваюць на міжнародных конкурсах, і тыя веды, якія яны набываюць у часе замежных стажыровак па лініі супрацоўніцтва БДАМ з аналагічнымі ВНУ далёкага і блізкага замежжа.

Нагадаю, што, па-першае, па адзнаках за творчы ўдзел у Арт-сесіі за апошнія тры гады мы маем выключную сітуацыю. Столькі нашы студэнты не атрымлівалі дзесяцігоддзямі. Па-другое, значна памаладзеў і прафесарска-выкладчыцкі склад. Тут ёсць багата людзей, якія маюць досвед у стварэнні міжнародных выставачных ды іншых праектаў. І самі выкладчыкі маюць творчы досвед — міжнародны, сур’ёзны. Аб’ектыўна можна сказаць, што ў нас амбіцыйны і працаздольны маладзёжны калектыў выканаўцаў, стваральнікаў, кансультантаў, творцаў — выкладчыкаў, якія ў стане вырашаць комплексныя задачы, у тым ліку і ладзіць мастацкія выстаўкі. Тым больш, у Акадэміі ёсць сталыя ды цікавыя сувязі з міжнароднымі арганізацыямі, з замежнымі мастацкімі цэнтрамі. Як новую тэндэнцыю ў беларускім выяўленчым мастацтве назаву міжнародную калектыўную творчасць.

Былі актыўныя гады, калі ствараліся міжнародныя творчыя тэматычныя праекты пад адну ідэю. Сённяшнія выстаўкі, на жаль, больш нагадваюць калекцыі — гэткія зборы твораў, што адпавядаюць чыннікам пэўнага сегмента мастацкага рынку. Сярод маленькіх выставак ёсць цікавыя сваім зместам і тэматыкай, але больш-менш маштабных праектаў у апошнія гады не ствараецца. Таму Акадэмія мае рэсурс і ў фарміраванні калектываў праекціроўшчыкаў, і ў вырашэнні такіх задач. Я проста ўпэўнены, што мы можам гэта рабіць — і рабіць на высокім узроўні. А прэтэндаваць на ролю прарабаў у беларускім мастацтве… Гэта не наша справа — ёй мусяць займацца тыя, каму наканавана.

Акадэмія ж заўжды была і застаецца зараз арганізацыяй адкрытай, гатовай да дыялога з самімі рознымі мастацкімі суполкамі, прадстаўнікамі розных тэндэнцый, носьбітамі розных ідэй. Нам цікавыя праблемы і публічнага мастацтва, публічнай прасторы, і стрыт-арта, і новых электронных відаў мастацтва. Мы, дарэчы, названыя з’явы даследуем, аналізуем сучаснае мастацтва ва ўсіх найбольш значных яго праявах.

Паспрабаваць свае сілы ў новай, нязвыклай справе для творцы заўжды карысна. У дадзеным выпадку — гэта, пры наяўнасці досведу традыцыйнай школы, стварэнне нечага, так бы мовіць, авангарднага. Гісторыя мастацтва дае нам нямала прыкладаў шматгранных асоб. Былі яны і ў эпоху Адраджэння, ёсць і сярод сучасных творцаў. Бывае, аднак, што мастак нешта робіць, каб потым паказаць калегам ці гледачам: вось, маўляў, магу зрабіць так, а магу і гэтак. Гэта значыць, як папугай, спарадзіраваць тэндэнцыю. Іншая ж справа, калі зварот да новай эстэтыкі, да нязвыклых форм абумоўлены ў мастака логікай развіцця творчага патэнцыялу і набыццём новых ведаў.

Думаю, што ў нас адзін з самых прагрэсіўных сярод навучальных устаноў — не толькі Беларусі, але і ўсіх краін Садружнасці — навучальны курс гісторыі мастацтва. Мы надаём увагу, канешне ж, ведам класічнага мастацтва, але і імкнёмся да таго, каб студэнты арыентаваліся таксама ў сучасных культурных рэаліях. І гэта не на ўзроўні факультатыву: па сучасным мастацтве здаюць экзамены ды залікі. Такую практыку мы ўвялі, бадай, першымі ў СНД.

Ладзім выстаўкі замежных мастакоў у нашай галерэі. Штомесяц у нас — новая выстаўка. Творцы з Францыі, Германіі, Польшчы, Венгрыі, Кітая — вельмі багатая панарама. Да таго ж, праводзім шматлікія семінары, канферэнцыі. Усё гэта — жыццё Акадэміі. Тое робіцца для таго, каб адвесці студэнтаў ад магчымых штучных ухілаў у “малпаванне”, у некрытычнае прыняцце моднай безгустоўшчыны і далікатна падштурхнуць да сапраўднага мастацтва ў самых розных стылявых формах.

Я вельмі паважаю канцэптуальнасць у мастацтве, якой бы формы яна ні была: ад традыцыйнага рэалізму да стрыт-арту. Але, незалежна ад творчых схільнасцей, студэнт Акадэміі мусіць усведамляць сябе навучэнцам вышэйшай школы і спадкаемцам яе традыцый. Тады не будзе дысанансу паміж акадэмічнай дысцыплінай і нейкімі формамі сучаснай мастацкай практыкі. Гэтага няма ў прыродзе творчасці і не павінна быць у дзейнасці ВНУ. А маляванне акадэмічнае яшчэ нікому шкоды не нанесла.

Ну, і па-другое, я хацеў бы сказаць, што тыя маштабныя выстаўкі сучаснага беларускага мастацтва, канешне ж, адыгралі пэўную ролю ў прапагандзе сучаснай эстэтыкі, але ім бракавала канцэптуальнасці. Пераважала спантаннасць, а гэта крыўдна, бо беларускае мастацтва ўжо даўно знаходзіцца ў эпіцэнтры сусветных тэндэнцый. Дый тыя, хто займаўся экспазіцыяй, — не дылетанты, не пачаткоўцы ў сучасных практыках, але магчыма, ім не хапіла нейкіх арганізацыйных навыкаў.

Але ўсё ж думаю, што Акадэмія як структура будзе ўдзельнічаць у конкурсах на распрацоўку канцэпцый маштабных культурных акцый, і калі атрымае перавагу, дык сваімі службамі — тэхнічнымі і юрыдычнымі, — кафедрамі, факультэтамі мае ўвасабляць гэты праект. Мы — за адкрыты ўдзел у конкурсах нацыянальнага маштабу. І калі такі конкурс будзе абвешчаны, Акадэмія гатова ў ім удзельнічаць. Магу вас запэўніць, што яна, у такім выпадку, прадэманструе свой творчы патэнцыял.

З 1990 гадоў БДАМ узнялася вельмі магутна. Нечакана для многіх, у тым ліку і для тых, хто да гэтага ўздыму меў дачыненне. Памятаю, калі я прыйшоў працаваць у 1992-м у Акадэмію, наколькі было цяжка ўключыць у праграму па гісторыі мастацтва ХХ стагоддзе: камп’ютарнае мастацтва, арт-дызайн, згадкі пра плакаты Цэслера і Войчанкі, работы Кітаевай, перформансы, мастацкія акцыі… Ды ўсё ж такая праграма была зацверджана. Мінула дваццаць гадоў, і ўжо на сённяшні дзень на кафедры гісторыі і тэорыі мастацтва ніхто не сумняваецца, што студэнт павінен ведаць мастацтва акцый, перформанс, хэпэнінг, творчасць такой экзатычнай асобы, як Штокхаўзэн, і многія іншыя рэаліі культуры нашага часу. Многае змянілася…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"