Інтэрпрэтацыя: ці здолееш “патлумачыць” арыгінал?

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук, дацэнт
Самастойна знаёміцца з шэдэўрамі сусветнага мастацтва абсалютнай большасці з нас часцяком няма калі. Сучаснасць — асяродак іміджмейкераў, папулярных крытыкаў, СМІ — тых, хто тлумачыць мільёнам, хто чаго варты ў гэтым свеце. Усе ведаюць, што Гамэр — вялікі эпічны паэт Старажытнай Грэцыі, але мала хто чытаў сёння “Іліяду” ці “Адысею”. На слыху імёны Сакрата, Платона, Арыстоцеля, але ці трымаў хто хоць раз у руках іх творы, не кажучы пра зборы твораў, адолець якія здолелі наўрад ці шмат прафесійных філосафаў. Нават філасофская ды літаратурная класіка, якая належыць сучаснай культуры і якая знаёма студэнтам пераважна па інтэрнэтаўскім пераказе, у “выкананні” апошніх гучыць, мякка кажучы, дзіўнавата. Тое ж можна сказаць пра сусветна вядомых Шэкспіра, Сервантэса, Дастаеўскага, Борхеса, Маркеса, Эка, Коба Абэ, іншых знакавых постацей для сваіх народаў, а таксама культуры Еўропы ў цэлым, іншых кантынентаў.

/i/content/pi/cult/500/10731/5-11.jpgЗнаёмства з літаратурнымі творамі часта абмяжоўваецца веданнем сюжэтаў, але для сапраўднай літаратуры сюжэт — рэч заўсёды другасная, падсобная, сродак для выказвання аўтарскіх думак і пачуццяў. Каб справа была ў сюжэце, дык лепшымі літаратарамі лічыліся б сцэнарысты. Таму ў буйных пісьменнікаў было, можна сказаць, абыякавае стаўленне да стварэння сваіх, аўтарскіх, сюжэтных калізій: Шэкспір у драмах апрацоўваў, рабіў рымейкі знакамітых сюжэтаў пераважна з гістарычных хронік, Дастаеўскі “пазычаў” іх з газетных матэрыялаў, прысвечаных у асноўным злачынствам… Ёсць аўтары, у творах якіх падзейны, маторны сюжэт ледзь праяўлены і наўмысна другасны, як у “Пошуках страчанага часу” М.Пруста. Галоўнае ў мастацкім творы — тканіна тэксту, арганізаваная непаўторным аўтарскім стылем повязь вобразаў, думак, пачуццяў, гукаў. Усё сапраўднае мастацтва знаходзіцца над любой пазнейшай інтэрпрэтацыяй іншага чалавека, чый талент часцей за ўсё саступае таленту таго, каго ён “тлумачыць”.

Гэтак сама і ў кінематографе, дзе веданне сюжэтнай канвы не можа замяніць відагляд індывідуальнай манеры кінарэжысёра ці акцёра. Дый як праз сюжэт пераказаць змест стужак “Ноч на зямлі” Дж.Джармуша, “Кнігі Праспэра” П.Грынуэя, “Шэпты і крыкі”, “Скрозь цьмянае шкло”, “Фанні і Аляксандр”, іншых карцін І.Бергмана, “Птушак” А.Хічкока, шматлікіх шэдэўраў сусветнага кіно? Тое ж самае датычыцца і рэміксаў твораў класічнай музыкі, выконваемых на сучасны лад у стылістыцы арт-рок ды іншых. Застаецца яскравая, жорстка падкрэсленая асноўная меладыйная тэма, але знікае безліч меладычных нюансаў, гукавых мадуляцый класічных аркестравых інструментаў, што ствараюць музычную эстэтыку твора. Хаця калі інтэрпрэтатар — майстар, дык музычная тканіна напаўняецца новым, сучасным зместам, як у апрацоўках майстроў брытанскага арт-року 1970-х гг.

З іншага боку, радыёэфір FM-станцый запоўнены рэміксамі папулярных кампазіцый заходніх гуртоў у выкананні расійскіх поп-музыкантаў (праграмы накшталт “Мелодии века”), не кажучы пра творы знакамітых каманд, нават рымейкі накшталт “Жоўтай ракі” (савецкага “Карлсана”) гучаць досыць прымітыўна ў параўнанні з арыгіналам (тым больш, што тэксты значна ці зусім перароблены). Калі маеш справу з сусветна вядомым хітом, трэба ці імкнуцца зрабіць яго максімальна дасканалую копію (як некалі рабілі з кампазіцыямі “The Beatles”), ці ствараць якасна новы прадукт у сваёй стылістыцы. Як складана рабіць рымейкі непаўторнай мелодыкі і гуку, было бачна, калі навагоднюю праграму на канале расійскага тэлебачання вырашылі прысвяціць гурту “АВВА”. (Дзякаваць богу, да “Pink Floyd”, “Led Zeppelin” ды іншай класікі яшчэ асабліва не дабраліся.) На жаль, да падобных эксперыментаў далучыліся і нашы выканаўцы, у тым ліку на беларускай мове…

Канешне ж, добра, што моладзь, якая не была сучасніцай стварэння і сусветнага поспеху хітоў, спасцігне іх, няхай сабе і ў выкананні сучасных інтэрпрэтатараў, аднак ці не адаб’е гэта ў яе цікавасць да твораў? І што будзе, калі яна пачуе арыгінальнае выкананне? Інтэрпрэтацыя любой класікі, у першую чаргу — музычнай, патрабуе адпаведнага ўзроўню падрыхтоўкі і таленту, бо арыгінал на слыху, і хібы ды ляпы не хаваюцца, а відавочна лезуць у вушы. Таму там, дзе распаўсюджана стварэнне нават дасканалых копій — у жывапісе, скульптуры, — гэтыя творы лічацца загадзя другаснымі і набываюць значэнне толькі пры страце арыгінала.

У цэлым інтрэпрэтацыя — гэта заўсёды спрашчэнне, простае тлумачэнне, арыентаванае на ўяўленні аб узроўні культурнага развіцця спажыўца. Вялікае дасягненне плыні постмадэрнізму — стварэнне работ досыць высокага мастацкага ўзроўню з мэтай далучэння масавага спажыўца да дасягненняў еўрапейскай, сусветнай культуры. Гэтыя творы знаходзяцца паміж элітай і масай, высокім і нізкім, складаным і простым. Інтэрпрэтацыі Баха Ванэсай Мэй, рэклама ў суправаджэнні апрацаваных у сучасным стылі твораў Моцарта, касавыя стужкі “Троя”, “Язон і арганаўты”, “Адысея”, “Рамэа і Джульета”, “Закаханы Шэкспір”, “Працэс” (О.Уэлса па творы Ф.Кафкі), навукова-папулярныя стужкі ды іншае звяртаюць увагу мільёнаў людзей на выдатныя творы мастацкай спадчыны.

Але гэта толькі перадумова для галоўнага — заахвоціць прачытаць, праслухаць, паглядзець арыгінальны твор мастацтва. Толькі тады можна даць сваю адзнаку таму, што называецца культурнай спадчынай, адкінуць традыцыйныя клішэ. І высветліцца, што Гамэра, Талстога, Бальзака дачытаць да канца без “лошадиных” доз кавы фізічна часта немагчыма, як і без заспакаяльнага, калі чытаць Дастаеўскага; што для разумення Джойса, Рэмбо, Белага патрабуецца нешта большае, чым звычайная свядомасць; стане зразумела, чаму напрыканцы лекцыі Платона заставаўся, як правіла, толькі адзін слухач і што класічная музыка ў большасці сваёй — не для людзей з халерычным ды сангвіністычным тэмпераментамі. Шмат аб чым давядзецца даведацца, але гэта будзе ўжо ўласны культурніцкі досвед, крок ад проста чалавека — да асобы.