“Не той” эксклюзіў

№ 35 (1161) 30.08.2014 - 05.09.2014 г

Ілья СВІРЫН, рэдактар аддзела газеты “Культура”
Без сумневу, тыя шматабяцальныя перспектывы транспамежнага “Гродзенскага трохкутніка”, якія мы пачынаем адлюстроўваць у гэтым нумары “К”, амаль неажыццявімыя без паўнавартаснага пераўвасаблення яго геаграфічнага, гістарычнага і культурнага цэнтра ў цэнтр турыстычны. Але на гэтым фронце, мяркуючы па ўсім, — пакуль без кардынальных змен: з года ў год ты гадзінамі шпацыруеш па амаль пустэльных у непрацоўны час вулках, кожны раз знаходзіш новыя цікавыя закуточкі (ну колькі іх там, у Гродне?) ды адчуваеш кайф з той нагоды, што адметнасцей — шмат, а турыстаў — няма…

/i/content/pi/cult/500/10730/4-11.jpgНастрой змяняецца хіба пры непасрэдным сутыкненні з надзённымі праблемамі: паесці, заначаваць... І разумееш, што гэтыя праблемы — прычына і вынік тваёй эксклюзіўнасці. Ты ўжо гатовы падзяліцца прасторай з іншымі, каб мець магчымасць у любы момант заваліцца спаць у які-небудзь хостэл за 10ђеўра альбо прыемна павячэраць за палову гэтай сумы — каб толькі тая магчымасць была. Балазе яна заўсёды ёсць не раўнуючы ва ўсіх турцэнтрах у радыусе, прынамсі, тысячы кіламетраў на захад ад Гродна…

Як чалавек абазнаны, магу даць параду: калі ў позні час захочацца есці, кіруйцеся на вакзал: там ёсць шапік, дзе прадаюць бліны. Адзіная кругласутачная ятка на ўвесь вялізны нядаўна адбудаваны вакзал — і, па-мойму, на ўвесь Гродна таксама! У гатэлі “Беларусь” няма не толькі Wi-Fi — там пасля 23.00 увогуле нічога няма, нават гарбаты. А згаданы гатэль — амаль безальтэрнатыўны варыянт начлегу для “простых смяротных”. Хіба яшчэ — на тым жа вакзале...

Пакуль стратэгія развіцця турызму ў Гродне не мяняецца. Рэгулярна анансуюцца нейкія маштабныя праекты, рэалізацыя якіх пастаянна адкладаецца з тых або іншых прычын — амаль заўсёды, канешне ж, фінансавых. На такія дробязі, як кавярні, яткі, гатэльчыкі, хостэлы, праўдападобна, ніхто не разменьваецца.

Вядома, хочацца верыць, што Стары замак, які яшчэ задоўга да нашай эпохі быў пераўтвораны ў казарменнае “брыдкае качаня”, набудзе сваё сапраўднае аблічча лебедзя. Балазе, як сведчыць нашумелы матэрыял нашых калег з “Рэспублікі”, абнаўленне гэтага захраслага ў мінулым часе музея, ва ўсялякім выпадку, даўно ўжо наспела. Зрэшты, пра тое ж вам скажа і ці не кожны з яго наведвальнікаў... Крэатыўнасцю, якой, без сумневу, валодае дырэктар установы Юрый Кітурка (афіша гэтага музея мала чым саступае сталічным вызначальнікам трэндаў), тут ніяк не абысціся — патрэбны і фінансавыя ўкладанні.

Канешне ж, я рукамі і нагамі за тое, каб здзейснілася даўняя мара ўсіх свядомых гродзенцаў, і шыкоўны гістарычны цэнтр нарэшце стаў суцэльнай пешаходнай зонай. Сапраўды, калі шпацыруеш зімовым вечарам па тых вузенькіх абледзянелых ходніках, і раптам за паўметра ад цябе на вялікай хуткасці праносіцца мажны грузавік, робіцца ніякавата. Але, з іншага боку... Ці ўтульна будзе табе пачувацца ў тым выпадку, калі цягам шматмільярдных укладанняў той грузавік скіруюць аб’язным маршрутам? Вуліцы тады стануць зусім пустэльнымі…

Па вузкіх віленскіх вулачках таксама ездзіць транспарт, і пешаходам праз гэта таксама робіцца вусцішна. Не думаю, што сітуацыя калі-кольвечы карэнна зменіцца. Асфальт у выбоінах, сцены пашарпаныя... Не тое што ў нас! Затое на гэтым асфальце стаяць летнія столікі кавярняў, а на сценах сутракаюцца зусім тандэтныя, але вынаходлівыя арт-аб’екты, якія прымушаюць турыстаў ушчэнт высаджваць акумулятары сваіх дэвайсаў. Напрыклад, трыб’ют сучасных літоўскіх творцаў тым класікам літаратуры, чыё жыццё так ці інакш знітавана з Вільнюсам, — на вуліцы з адпаведнай назвай: Літарату. Сярэдні памер твораў — 10 на 10 см, тэхніка — самая розная. Часцей за ўсё турысты фатаграфуюць сапраўдныя ўстаўныя сківіцы (па шчырасці, не памятаю, каму і чаму іх прысвяцілі). Цікава, колькі мільёнаў долараў спатрэбілася для гэтага праекта? Якая транснацыянальная карпарацыя стала яго інвестарам?

Праблемны гродзенскі Новы Свет адрозніваецца ад сусветна вядомага Ужупіса зусім не тэхнічным станам будынкаў (у апошнім — процьма сапраўдных руін) і не іх гістарычнай вартасцю (утаймуем сціпласць: Гродна тут усё ж выйграе!). Адрозненне — у іншым: у адным выпадку, ідэя ёсць, а ў іншым — няма. Памятаеце анекдот пра пацука ды хамячка?

Таму Ужупіс дакладна ніхто не будзе зносіць — хіба сам разваліцца. Актуальная ідэя для падобных раёнаў з’яўляецца ці не адзіным гарантам выжывання. Прычым у Гродне не трэба выдумляць ніякіх "адмысловых рэспублік”: чаго вартая сама назва “Новы Свет”! Гучыць куды лепш, чым, скажам, “Каробчыцы” (пра гэты парадаксальна паспяховы тураб’ект — у наступных нумарах).

Добра з крэатывам, возьмем нейкі ўсім прыемны стандарт. Згадаем хаця б суседні Беласток, які зусім ужо не назавеш турыстычнай Меккай... Акрамя рынку, там ёсць яшчэ і Рынак (так у бліжнім замежжы называецца наша Савецкая плошча), які таксама ладна пацярпеў у вайну ды не быў своечасова адноўлены. Але калі ты трапляеш туды ў летнюю суботу, дык адчуваеш сябе не раўнуючы бы ў якой Празе: паўсюль столікі кавярняў ды ўтульны тлум. Тым самым часам, у суседнім Гродне па вялізнай цэнтральнай плошчы сноўдаюцца самотны вецер і рэдкія мінакі, якім там проста няма чаго рабіць…

Добра, не будзем пра замежжа — хаця, як засведчыць ці не кожны падарожнік, агулам нам камплексаваць няма падстаў. Вось, напрыклад, у безнадзейна ўсходнім (па мерках геаграфіі) Гомелі неяк перад дзелавой сустрэчай я забег у бліжэйшую кавяраньку, папрасіў кавы... У мяне спыталі: “Якую?” Натуральна, натуральную. Усё адно просяць удакладніць, бо розных гатункаў натуральнай кавы ў меню — не менш за дваццаць. Сітуацыя, якая наўрад ці можа здарыцца ў Гродне — нашым “акне ў Еўропу”...

У выніку, застаецца толькі адно “праклятае” пытанне: чаму? Па шчырасці, я не маю на яго адказу.