Лета-2014 года праходзіць пад маркай беларускіх нацыянальных арнаментаў — ад капіравання аўтэнтыкі да яе разнастайнай інтэрпрэтацыі ды мадыфікацый у візуальнай прасторы. І крытычная маса з’яў для гаворкі пра трэнд (тэндэнцыю) цягам некалькіх месяцаў набірала вагу ці не кожны тыдзень, прынамсі, у беларускім сегменце Інтэрнэту. Урэшце, можна не сумнявацца, што пакрысе гаворку падхопяць прэса і ТБ!
Ну а спачатку ў Сеціве з’явілася некалькі дызайнерскіх распрацовак, звязаных са стылізаванымі арнаментальнымі ўзорамі. Затым на аснове геаметрыі арнаменту ліній быў выкладзены ў вольны доступ шрыфт “Берагіня”, а літары з яго сталі правобразам для праекта аднаго з дызайнераў, які, мяркую, не толькі дзеля жарту “прымацаваў” іх на футболкі галівудскіх акцёраў. Крыху раней і іншыя айчынныя энтузіясты паказалі свае цішоткі з арнаментамі (хто адну, а хто і цэлую серыю). Канчаткова асабіста мяне пераканаў такі тэрмін, як вышымайка: майка з арнаментам ля шыі ў выглядзе прынта ці вышытага фрагмента.
Мяне ў дадзеным пазітыўным кірунку непакоіць хіба адно “але”. І яно зусім не новае. Акрэсленыя мной арнаментальныя распрацоўкі зроблены энтузіястамі: дызайнерамі, даследчыкамі этнакультуры, проста зацікаўленымі людзьмі. Іх — пару дзясяткаў чалавек, збольшага — мінчан. У іх па некалькі соцень сяброў, а далей — сяброў сяброў, і гэтак далей. Вось такім спосабам і запаланілі арнаменты Сеціва.
Заўважаеце, якіх звёнаў бракуе ў ланцужку? Па-першае, рэальных рэчаў, а не віртуальных ідэй (суадносіны тут, па шчырасці 20/80). Па-другое, тых спецыялістаў, што займаюцца захаваннем ды адраджэннем тых самых арнаментаў (і не толькі), перадачай традыцыі на месцах па прафесіі — скажам, у дамах рамёстваў, спецыяльна створаных з такой мэтай дзяржаўных інстытуцыях. Карацей, тых профі, хто, у ідэале, мусіў бы задаваць тэндэнцыю. Нездарма мы стала пішам пра поспехі нашых РДР, захапляючыся прафесіяналізмам майстроў. Але гэтак жа пастаянна і наракаем на адсутнасць рэкламы іх работ ды магчымасцей устаноў (а некаторыя, у тым жа Лепелі, ствараюць цэлыя калекцыі касцюмаў для вялікіх калектываў — ад эскіза да апошняга гузіка!). І сітуацыя існавання ва ўласным соку пачынае прыносіць не самыя суцяшальныя вынікі.
Работы рамеснікаў, прынамсі, аднаго з РДР рэспублікі (сам ведаю) прадаюцца і ў Мінску, прычым не толькі на адмысловых кірмашах з нагоды пэўнага свята, але і на стацыянарных рынках у сувенірных шапіках. Пазнаць тыя драўляныя вырабы, пабачыўшы нават аднойчы, — нескладана. Стыль! Аднак сталічным прадаўцам абсалютна нецікава, чые работы яны прадаюць: “З раёна нейкага…” І гэта — праблемы вытворцы, а не абыякавага прадаўца, бо яго шапік ведаюць, а вас, шаноўныя, не.
А ёсць яшчэ і інтэрнэт-крама, што перапрадае работы майстроў па коштах ці не ўтрая большых за намінал у салоне якога РДР. А гэта ўжо страты вытворцы — як фінансавыя, так і, найперш, іміджавыя. Можа быць і адваротны выпадак, калі самі майстры выстаўляюць занадта высокі цэннік, прынамсі, на буйных кірмашах з наяўнасцю замежных турыстаў. Мяркую, і гэтак яны не ўваходзяць у прыбытак. Ну, і імідж, зноў-такі, церпіць: “Дарагоўля!” — панясе сарафаннае радыё думку сярод шараговых спажыўцоў…
Дык дзе яркі цэтлік, прыгожая абгортка, каб пазнавалі па іх? Мо варта стварыць сваю гандлёвую пляцоўку з адэкватнымі коштамі ў Сеціве? Наогул папрацаваць над стратэгіяй продажу? Калі некалькі гадоў таму “К” агучвала ідэю кожнаму РДР — уласны салон для продажу, — дык цяпер варта, відаць, выходзіць далей, бо ініцыятыва як творчая, так і камерцыйная, на жаль, не на баку рамеснікаў.
Перавага разваротлівага, арыентаванага на спажыўца маркетынгу не патрабуе доказаў. Чаму неабходна рабіць толькі вышыванкі, скажам так, поўнага цыкла з адпаведным затрачанай рабоце коштам, калі для шырокага кола патэнцыйных пакупнікоў дастаткова той жа вышымайкі: і да традыцыі далучыўся, і не пераплаціў? Кажучы прасцей, маюць быць у асартыменце і “папсовыя” магніцікі на халадзільнік з той або іншай “інкрустацыяй”, і грунтоўныя вырабы з пэўнага матэрыялу. Галоўнае, не забудзьцеся паведаміць грамадскасці пра тое, што вы стваралі. Балазе даступных спосабаў цяпер дастаткова.
…Мы, відаць, яшчэ доўгі час не зможам патлумачыць значэнне элементаў арнаменту, а тым больш — у яго лакальных варыяцыях. Але для таго, каб адчуць яго сваім, спадчынай роднага краю, зусім не трэба пераапранаць усіх у вышыванкі: дастаткова элементу, дэталі, удалай стылізацыі (запомнілася мне ў гэтым сэнсе калекцыя адзення з Гродзеншчыны, паказаная ў рамках аднаго з фестываляў летась: супер!). І — зацікаўленага прасоўвання. Вось і тэндэнцыя, вось і трэнд маглі б быць. Маглі б?..