Рэсурс фэсту

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

Арганізатар падзеі — ЦКС
Мы працягваем публікацыю “жанравых” падборак пад рубрыкай “Prof-партфоліа”. У мінулым нумары “К” гаворка на старонцы 13 ішла пра развіццё музейнай справы. У сённяшнім — змешчаны артыкулы, прысвечаныя клубнаму клопату. СК ці СДК — творчая сіла, магутнасць ды ўсеабдымнасць якой прама прапарцыйныя прафесіяналізму кадравага штату асобна ўзятай установы. А калі за справу бярэцца не адзін сельскі Дом культуры, а цэлая Цэнтралізаваная клубная сістэма? Даведаўшыся пра тое, што ЦКС аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мсціслаўскага райвыканкама стала адным з асноўных арганізатараў “Рыцарскага фэсту. Мсціслаў-2014”, “К” вырашыла звязацца з кіраўніком гэтай структуры Людмілай ПАЛЕЕВАЙ ды задаць шэраг пытанняў, звязаных не толькі з цэнтралізацыяй, але і з развіццём рыцарскага свята, папулярнасць якога сёння цяжка пераацаніць.

/i/content/pi/cult/498/10724/13-1.jpg

/i/content/pi/cult/498/10724/13-3.jpg— Людміла Уладзіміраўна, дык у чым, на ваш погляд, перавагі ЦКС?

— Асноўная ў тым, што самі зарабілі — тое і выкарысталі на карысць уласнага развіцця. Інакш кажучы, сталі больш самастойнымі. Нават паліва да ацяпляльнага сезона назапасілі самі… Можам дазволіць сабе памяняць апаратуру, набыць касцюмы, без якіх на такім фэсце проста не абысціся…

— Няўжо вы такія самастойныя і ў правядзенні “Рыцарскага фэсту”?

— Па той прычыне, што працуем са спонсарамі. Адзін аператар мабільнай сувязі выдаткаваў каля 9 мільёнаў рублёў, другі — 19 мільёнаў… Аплацілі прыезд і выступленні гуртоў. На адкрыцці сёлета выступаў з сярэднявечным танцам наш самадзейны калектыў. Спецыяльна для яго на спонсарскія грошы пашылі касцюмы. У наступным годзе адкрые свята наш музычны калектыў з ДШМ…

— Ці прыбытковы фэст?

— Сёлета зарабілі 380 мільёнаў. Працавалі на фэст раёнам. Маю на ўвазе не толькі ўстановы культуры…

— За кошт чаго канкрэтна зарабілі такую суму?

— Рамеснікі прадавалі сувеніры. Мы распаўсюджвалі білеты не толькі на рок-канцэрт, рыцарскія баі, выступленні мастацкіх калектываў, а і на шматлікія экскурсіі па горадзе ды раёне. Цікавостак было шмат. Упершыню ўдзельнікі маглі пабачыць перапахаванне ля падножжа Замкавай гары праваслаўнага сярэднявечнага рыцара XV стагоддзя, астанкі якога знайшлі археолагі. Уяўляеце сабе відовішча: пасля малебна сённяшнія рыцары хаваюць свайго паплечніка з мінуўшчыны?.. Зараблялі нават на фарпостах, што дзейнічалі на ўездах у фестывальную “прастору”: сярэднявечныя вяшчальнікі прадавалі праграмкі, дзяўчыны частавалі збітнем…

— Ці ёсць у фестывалю лагатып? І ці можна набыць, скажам, футболку з яго выявай?

— Лагатып ёсць. Ён быў адлюстраваны не толькі на магніціках, але і на вырабах народных майстроў. Яны закуплялі і шклянкі, вазы, потым іх распісвалі. У крамах горада таксама ішоў гандаль кубкамі, асадкамі, майкамі, блакнотамі з фестывальнымі пазнакамі…

— Фестываль развіваецца, нязменна прыцягвае публіку, попыт на сувеніры расце… Фестывальны лагатып абаронены аўтарскім правам? Калі не, то вашым гандлёвым знакам можа скарыстацца любы ахвотны. Прэцэдэнтаў таму па краіне хапае.

— Эмблема ёсць. Цалкам згодная, што варта паклапаціцца наконт яе абароны.

— У чым рэзервы?

— Ідэй шмат. Усе яны скіраваны на тое, каб грошы ў першую чаргу зараблялі нашы мастацкія калектывы, а не заезджыя…

— З гэтай нагоды вось якое пытанне: чаму б вашым аніматарам свята не толькі адкрываць рыцарскія баі, але і распавядаць пра зброю, тэхналогію яе вырабу, магчымасці, пра рыцарскія правілы бою? Чаму б не наладзіць продаж лукаў, арбалетаў? Усе гэтыя гістарызмы за мяжой хоць і каштуюць вельмі дорага, але заўжды карыстаюцца попытам.

— А мы гэта ўжо спрабуем рабіць. Нашы лучнікі ды арбалетчыкі ладзілі для ахвотных майстар-класы, вучылі карыстацца сярэднявечнай зброяй.

— Наконт касцюмаў. Ці мяркуеце праводзіць конкурсы на лепшы сярэднявечны строй, мужчынскі ды жаночы?

— Мяркуем! Сёлета, да прыкладу, такі конкурс мы праводзілі на другі дзень фэсту, перад яго закрыццём. Дэфіле суправаджалася падрабязным расповедам пра адметнасці тагачаснай моды. І майстар-клас па “пабудове” такога касцюма ў нас таксама быў. Я пагаджаюся, кожны сённяшні крок трэба развіваць ды ўдасканальваць, каб і заўтра гасцям не было на фэсце сумна.

— Так, пастаянна здзіўляць — гэта цяжкая справа. Што тут лічыце галоўным?

— Усё робім самі. Стасункі з музейшчыкамі — цесныя і мэтанакіраваныя. Усе нашы рэканструкцыі маюць архіўнае пацвярджэнне.

— Да нас дайшлі чуткі, што рух транспарту да фестывальнага Мсціслава не заўжды быў зручны для гасцей. Ці ў вашых сілах нешта тут змяніць?

— Мы стараліся, але людзей на фэсце з кожным годам усё больш і больш. Натуральна, неабходна гэта ўлічваць. Думаю, што транспартнікі павінны пайсці нам насустрач.

— А як вам прагноз: каб не паўтарацца на фэсце, вашы падначаленыя за пазабюджэтныя грошы едуць па ідэі ў Еўропу?

— Лічу яго цалкам рэальным як адзін з варыянтаў крэатыўных пошукаў. Але пакуль хапае сваіх ідэй…

 

 

Хэдлайн рэгіёна

 

 

Назву прыдумаць…

У назвах і дэфініцыях я — не дылетант, бо прафесійны філолаг. Хтосьці свежае паветра любіць, я — свежыя словы. А іх, па маім перакананні, у сферы культуры не стае, як у кепскай гаспадыні цыбулі ў крупніку. Зараз патлумачу, што маю на ўвазе. Але спачатку засяроджу ўвагу, што звяртаюся найперш да клубнікаў і метадыстаў.

Каб рэжысёр Уладзімір Бычкоў ведаў, наколькі папулярнай стане назва ягонага фільма “Горад майстроў”, ён яшчэ ў 1965 годзе набыў бы на яе аўтарскія правы. Азалаціўся б. Пошукавікі выдалі мне на гэтае спалучэнне слоў аж 200 000 адказаў з розных краін бліжняга замежжа. І ўсе яны так або інакш звязаны з продажам сувеніраў ці з платнымі паслугамі майстроў. Сярод гэтых 200 тысяч — і сотні згадных назваў выставак-продажаў, якія ладзіліся ды ладзяцца ці не ў кожным раёне Беларусі. Нічога не маю супраць мерапрыемстваў. Яны — розныя і па-свойму цікавыя. Не, назва “Горад майстроў” — трапная ды арыгінальная. Дакладней, была такой тры дзясяткі гадоў таму. На сёння яе проста “заездзілі”. Няўжо не хочацца непаўторнай назвы, звязанай, скажам, з прозвішчамі выбітных майстроў з канкрэтных паселішчаў? Яны ж таму і выбітныя, што непадобныя.

Вострую алергію выклікае запыленае слова “падворак” у дачыненні да арганізацыі лакальнай працы беларускіх фестываляў. Работнікі клубаў, пачакайце спрачацца-абражацца! Я згодны: дадзеная форма прэзентацый — самая, бадай, зручная. Але “падворак” у кожнай вёсцы мае дыялектычны адпаведнік. Чаму б яго і не выкарыстаць, у тым ліку, і для моўнага ўзмацнення тэзіса, што ваша прэзентацыя — не падобная на іншыя?

Раздражняе словазлучэнне “свята вёскі”. На журналісцкай мове гэта не назва, а толькі падзагаловак. А асноўная ідэя дзеі (як і тэксту) крыецца менавіта ў назве. Гэта, мяркую, азы. Колькі на Беларусі вёсак засталося? Дык вось, за рэдкім выключэннем, столькі ж існуе і мерапрыемстваў пад “арыгінальнай” назвай “свята вёскі”. Як вы свята назавяце… Якой жа можа быць асноўная ідэя? Мой вясковы зухаваты дзядзька Ілья займаўся бортніцтвам. І я ў дзяцінстве ласаваўся дзікім мёдам. Вось гэтае спалучэнне слоў для мяне і па сёння пахне дзяцінствам ды сонцам. Маё ўласнае свята “Дзікага мёду”… А ці мала ў нашых вёсках людзей-легенд са сваімі промысламі ды здабыткамі літаральна ва ўсіх праявах сялянскага жыцця?..

Думайце і дадумаецеся!

Кажа эксперт

Мікалай ПАШЫНСКІ, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама ў 1990 — 2011 гг.:

— У падрыхтоўцы маштабнага клубнага мерапрыемства нагрузка кладзецца не толькі на работніка СК ці СДК (пэўныя з іх у маштабах рэспублікі не маюць сёння спецыяльнай адукацыі), але і на раённага метадыста. Адзінае тлумачэнне аднастайнасці, скажам, святаў вёсак ці святаў вуліц — у адсутнасці сапраўды творчых кантактаў паміж названымі спецыялістамі. Сцэнарыі іншым разам проста “штампуюцца”. Лягчэй напісаць штосьці адзінае для ўсіх, чым да кожнай вёскі ставіцца, так бы мовіць, індывідуальна. А работнікі клубных устаноў ініцыятыву праяўляюць не заўжды.

Між тым, у кожнай нашай вёсцы, у кожнага аграгарадка — свая біяграфія: непаўторная гісторыя, выбітныя землякі, прыродныя адметнасці… Нават мова ў кожным паселішчы чымсьці ды адрозніваецца. А мы ўсіх — пад адзін грэбень. Вось бібліятэкары ў краязнаўчым кірунку працуюць з поўнай адказнасцю. А клубнікі, бывае, ігнаруюць назапашаную калегамі спадчыну. Такі падыход лічу непрафесійным.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"