Галерэя ля весніц…

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

У аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі ёсць саюзнікі-аднадумцы. Праўда, першыя іншым разам не ведаюць пра другіх. Але не ў той сітуацыі, пра якую пойдзе гаворка. Тут прыватная ініцыятыва стала шчаслівым набыткам мясцовай школы мастацтваў. А справа ў тым, што ініцыятар стварэння прыватнай мастацкай галерэі працуе ў названай навучальнай установе выкладчыкам і мяркуе праводзіць тут персанальныя ды тэматычныя выстаўкі, а таксама — прэзентацыі дзіцячай творчасці, іншыя сумесныя акцыі з ДШМ…

Так, гаворка пойдзе пра прыватныя мастацкія галерэі. Як вы думаеце, колькі іх у нашых вёсках і мястэчках? Ды каб пералічыць, хопіць пальцаў адной рукі. Ініцыятарамі ды рэалізатарамі “галерэйнай” ідэі сталі вядомыя мастакі Фелікс Янушкевіч — у Ракаве (Міншчына), Канстанцін Качан — у Навагрудку (Гродзеншчына). Нядаўна “К” пісала пра тое, што сын Аляксея Кузьміча стварыў галерэю ў памяць аб бацьку: у вёсцы Махро (Брэстчына)… Да агульнага спісу можна дадаць “аграсядзібную” галерэю Аляксандра Рашэтнікава ў вёсцы Плябань. А 7 жніўня прыватная мастацкая галерэя адкрылася і ў Плешчаніцах. Менавіта з яе я і пачаў гаворку пра мастакоўскія нефармальныя творчыя ініцыятывы.

Сябра Беларускага саюза мастакоў Уладзімір Шнарэвіч пайшоў па шляху Янушкевіча і побач з бацькоўскай хатай сваімі рукамі і за ўласныя сродкі ўзвёў галерэйны будынак. Як распавядае арт-крытык, графік і сябра творчага аб’яднання “Верасень” Беларускага саюза мастакоў Марына Эрэнбург, атрымалася ўтульная камерная летняя экспазіцыйная прастора, што захоўвае цяпло мастакоўскіх рук. Хіба ж магло атрымацца нешта іншае ў колішняга дэкаратара “Беларусьфільма”?

Цалкам падтрымліваю такі падыход нашых мастакоў. Галерэя ў кутку, дзе нарадзіўся і вырас творца, — гэта і вяртанне да вытокаў, і даніна памяці бацькам, і справаздача перад землякамі: вось глядзіце, што рабіў, раблю ды рабіць буду. І плюс яшчэ — вялікая доля адказнасці: гэта выпадковаму спадарожніку ў цягніку можна схлусіць, аднавяскоўцу — ні ў якім разе…

Але гаворка, урэшце, пра іншае. Галерэя — гэта не толькі важкі брэнд, гэта яшчэ — дадатковая ўстанова культуры. Няхай сабе і прыватная. На вернісажы ў Плешчаніцах старшыня мясцовага выканкама Віктар Кірылаў і старшыня БСМ Рыгор Сітніца казалі пра адно і тое ж: вясковая дзятва займела магчымасць з маленства далучацца да мастацтва. Правільна казалі. Ці не самае гэта галоўнае на сёння? Тым больш, калі гаспадар галерэі — твой выкладчык і гатовы па-сяброўску адказаць, патлумачыць, навучыць… Чым больш устаноў культуры ў вёсцы, тым больш у апошняй шанцаў на выжыванне.

Нефармальная ж мастацкая галерэя можа стаць цэнтрам гэткіх жа нефармальных творчых праектаў: пленэраў, сустрэч з мастакамі, майстар-класаў… У клубаў ды бібліятэк з’явіцца дадатковая база для развіцця бібліятэчных ды клубных аматарскіх фарміраванняў. А бібліятэчнае фае, скажам, можа стаць заканамерным працягам-філіялам прыватнай галерэі. Словам, варыянтаў шмат, і ўсе яны палягаюць у прасторы агульных інтарэсаў людзей, неабыякавых да лёсу беларускай вёскі. Мы вельмі доўга і шмат гаварылі, што менавіта маленкія паселішчы ды мястэчкі — асноўная гаючая сіла для гарадоў, таму перасталі зважаць на тое, як яны няўмольна гібеюць…

“К” пастаянна вядзе гаворку пра стварэнне культурных брэндаў для нашых вёсак і мястэчак. Такі брэнд займелі на сёння і Плешчаніцы. Пад час урачыстага адкрыцця Галерэі Уладзіміра Шнарэвіча была прэзентавана выстаўка работ мастакоў з творчага аб’яднання “Верасень”. У экспазіцыі, якая будзе працаваць да верасня, прадстаўлена больш за трыццаць твораў: кніжныя ілюстрацыі, акварэлі, жывапіс, графіка. І ніхто з аўтараў, як кажа Марына Эрэнбург, не рабіў скідкі на правінцыйнасць гледачоў. Наадварот, сельскі — значыць, шчыры і першародны. Нездарма гараджане пачалі выкупляць пустуючыя хутары ды паселішчы. Іх колькасць, праўда, яшчэ меншая за колькасць галерэй. Але прэцэдэнт створаны і працэс распачаты.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"