Марозіва з кавай

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

“Нежаночая” прафесія Таццяны Каламійцавай
Днямі споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння народнай артысткі Беларусі, дырыжора Таццяны Каламійцавай. Пры жыцці яна была гэткай музычнай Валянцінай Церашковай — красамоўным сімвалам асваення жанчынай “нежаночай” прафесіі. Сёння, калі дырыжыраваннем рупліва займаецца (з рознай доляй поспеху) ці не палова студэнтак музычных ВНУ, наспеў час ацаніць іншае — унёсак Таццяны Міхайлаўны, ураджэнкі Санкт-Пецярбурга і выхаванкі Адэскай кансерваторыі, у нашу культуру. А ён не толькі ў колькасці гадоў, праведзеных за пультам аркестраў філармоніі (1946 — 1952) і Вялікага тэатра (1944 — 1946, 1952 — 1993), але і найперш у новых, актуальных і па сёння кірунках, што яна тады абірала…

/i/content/pi/cult/498/10719/8-1.jpg

Ды ўсё ж пачну — з незабыўных сустрэч. Напярэдадні яе 70-годдзя, я, тады яшчэ студэнтка Кансерваторыі, атрымала ад аднаго выдання даручэнне: зрабіць інтэрв’ю з Таццянай Каламійцавай. Нечаканае, бо ў гэтым жанры звычайна працавалі самі супрацоўнікі, замаўляючы музыказнаўцам штосьці больш “спецыфічна прафесійнае”: рэцэнзіі, агляды, аналітыку. Прычыну я зразумела адразу, як толькі датэлефанавалася да “ахвяры”. Але “ахвярай” стала я, пачуўшы рэзкія, безапеляцыйныя, як узмах дырыжорскай палачкі-маланкі, “не, не і не”, падмацаваныя жорсткімі аргументамі, накшталт “таму што нікому і ніколі”. Разгубленая, я прамармытала прабачэнні, падумаўшы: ну, не той у чалавека зараз настрой — іншым разам. Ды і часу хапала. Але ўсе наступныя “іншыя разы” заканчваліся гэтак жа. І з кожным чарговым Таццяна Міхайлаўна ўсё больш “накалялася”: “Я ж вам ужо ўсё сказала!” Нарэшце, сутыкнуўшыся з ёй тэт-а-тэт у закуліссі і ўжо ні на што не спадзеючыся, жаласліва прашалясцела сваю “апошнюю просьбу”. І раптам пачула: “Дык гэта былі вы? Што ж вы раней не сказалі!” Узрадавалася тым, што мяне, аказваецца, запомнілі, прыйшла ў прызначаны дзень па названым адрасе. І зразумела, чаму мяне паклікалі дадому: атрымалася зусім не інтэрв’ю, а зацікаўленая, гарачая, кранальна-балючая размова “на траіх” па самых актуальных праблемах музычна-тэатральнага мастацтва. “Трэцім” і зусім не лішнім быў амаль удвая за яе маладзейшы Уладзімір Машэнскі — яшчэ адзін, надзвычай тонкі, музычны па самім сваім светаадчуванні, дырыжор нашага Вялікага тэатра, які літаральна праз некалькі гадоў стаў святаром.

Пэўна, маім суразмоўцам трэба было “выказацца”, прычым камусьці “не з тэатра”, але і не звычайнаму мінаку. Мне тая гутарка, як я з часам зразумела, дала куды больш, чым напісанне артыкула. Гэта быў своеасаблівы “спрэсаваны” вучэбны курс па гісторыі музыкі, гармоніі, аркестроўцы, а галоўнае — па выбудове не толькі эстэтычных, але і жыццёвых каштоўнасцей. Зорка ўсесаюзнага маштабу (па тых часах — лічыце, сусветнага), яна вучыла мяне размаўляць на роўных. Я адчула, наколькі, пры ўсёй знешняй “востравугольнасці”, гэта ранімы і безабаронны чалавек — дарэчы, як і ўсялякі творца. А ўсе яе “крывапіўства” ды “драпежнасць” (нават калі стаяла за пультам, нагадвала каршуна, гатовага кінуцца на здабычу) — не больш, чым маска, патрэбная, каб захаваць пяшчоту і жаноцкасць, якіх яна нібы саромелася…

Смешна, але самым, бадай, запамінальным момантам той сустрэчы стала... марозіва, пасыпанае кавай. Яна паставіла перада мной сподачак: “Пакаштуйце, вельмі смачна! Мая ўлюбёная страва”. Цяпер мне ў гэтым таксама бачыцца нейкі сімвал, “праекцыя” яе характару — ледзянога спачатку, пакуль не адтае. А яшчэ — прынцыпова “чорна-белага”, што праз сепію мякчэе да “бела-карычневага”.

Але ўвесь гэты флёр рамантычных эмоцый адступае на другі план перад інтэлектуальным асэнсаваннем яе постаці на фоне беларускай культуры. Таццяна Каламійцава адной з першых пачала ладзіць у нашым Вялікім тэатры шматлікія “ўпершыню”, ажыццяўляючы прарыў да новых мастацкіх гарызонтаў. У 1963-м, калі ўзнялася чарговая хваля барацьбы з рэлігійным “цемрашальствам”, ажыццявіла пастаноўку ў нашым тэатры оперы “Арэстэя” Сяргея Танеева — першую за ўсе савецкія гады. Тады ж выйшаў і камплект грампласцінак з запісам гэтай оперы у выкананні беларускіх артыстаў. У тым, як сёння сказалі б, “праекце” яна быццам прадбачыла і далейшы ўсплёск цікавасці да міфалагічных сюжэтаў, уласцівы ўсяму свету, і магчымасці новага асацыятыўнага прачытання архетыпічных матываў, і, што яшчэ больш важна, пачала пракладаць шлях нашай опернай трупы да забытых, рэдка выконваемых твораў. А між тым, гэты, апошнім часам, на жаль, зусім не ўласцівы нашай культуры кірунак — “на рарытэты”, іх асэнсаванне, пераасэнсаванне ды разнастайнае ўвасабленне — сёння стаў асновай многіх замежных оперных фестываляў.

У тым жа годзе дзякуючы ёй была пастаўлена і опера Антона Арэнскага “Рафаэль”, прысвечаная генію эпохі Адраджэння. Ізноў — надзвычай перспектыўныя тэндэнцыі: не толькі да адметнасці рэпертуару, але і да камерных аднаактовых спектакляў. У 1983-м яна стала ініцыятарам звароту да “Казак Гофмана” Жака Афенбаха і запрасіла рэжысёра Юрыя Аляксандрава. Тая пастаноўка — бадай, упершыню на нашай сцэне — была скіравана не проста на “музычны пераказ сюжэта”, а на пошук у ім этычнай праблематыкі, актуальнай для сучаснага гледача і асабліва моладзі.

Звярну ўвагу, што не толькі вышэйназваныя, але і іншыя спектаклі патрабавалі вельмі ўважлівай працы над музычным тэкстам, многія — дадатковага рэдагавання, шматлікіх купюр і нават перастановак фрагментаў. Каламійцава рабіла гэта настолькі філігранна, што новы варыянт станавіўся ледзь не лепшым за аўтарскі, а драматургія спектакля — толькі выйгравала. У кожным творы, які яна выконвала, заўсёды была ўласная дырыжорская канцэпцыя, якая не толькі не пярэчыла кампазітарскай, але і раскрывала яе з новага боку. Але на першым месцы ўсё ж заставалася выразнасць — тое, што называецца тонкай музычнасцю. І гэтая асаблівая любоў да дэталей ды ўсяго таго, што часта ўяўляецца “дробяззю”, выдавала ў ёй сапраўдную жанчыну. А тое, што яна, як кажуць, “са штаноў не вылазіла”, — хіба мае значэнне? Куды важней тое, што яна вырасла з кароткіх штонікаў капельмайстра-рамесніка і стала дырыжорам-творцам…

Надзея БУНЦЭВІЧ


Гісторыя пра фота ў тэму

— Не, не і не! Не буду фатаграфавацца! — cказала дырыжор Таццяна Каламійцава пры сустрэчы. — Паглядзіце на фатаграфіі. — Перада мной веерам рассыпаўся пачак фота.

— Вось гэта хто? Баба-яга! А гэта? Кашчэй Бессмяротны. А гэта? — Таццяна Міхайлаўна павярнула фатаграфію: — А гэта я ў... труне. Не, не буду фатаграфавацца…

Я зніякавеў. Сапраўды, фатаграфіі былі аматарскія. Святло ад пюпітра знізу… Карацей, мякка кажучы, вобраз народнай артысткі быў знявечаны. Дамовіліся, што пакажу ёй сваю работу, а калі не спадабаецца — парвём фота.

Я спусціўся ў аркестравую яму і заняў месца насупраць дырыжорскага пульта. Таццяна Міхайлаўна пакланілася гледачам пад апладысменты. З двух бакоў на яе накіравалі кропкавыя пражэктары і ў іх ззянні яна выглядала празрыстым анёлам, які лунаў над аркестрам… Давалі “Яўгенія Анегіна”. Чароўная музыка Чайкоўскага ахутала анёла Таццяну — і... святло пражэктараў згасла.

Я жахнуўся. Бачанне знікла. Дырыжыравала… Баба-яга, часам становячыся Кашчэем. Я кінуўся наверх:

— Мікалай Панцеляймонавіч! — дырэктарам у той час быў Шаўчук. — Трэба ўключыць пражэктары на кароткі час! Паглядзіце: там не багіня музыкі, а... Разумееце, святло знізу...

Не памятаю, што я яшчэ казаў, але Шаўчук злітаваўся, дадаўшы: “Атрымаем мы з вамі!” — і даў каманду на некалькі хвілін уключыць пражэктары. Тое адбылося хвілін за дзесяць да фіналу першай дзеі. Захопленая Каламійцава не заўважыла ператварэння ў анёла, мой апарат літаральна “скакаў” у руках. А фінал быў дзівосны: Таццяна Міхайлаўна, склаўшы рукі, прыкрыла вочы — і як бы ўзнеслася над музыкай…

Вынік спадабаўся не толькі мне, але і маёй гераіні.

— Так, гэта я! — канстатавала яна. — А вось гэты фотаздымак можна зрабіць тры на чатыры сантыметры?

Вядома, якія праблемы! Я быў выратаваны, матэрыял можна адпраўляць у Маскву. А пазней мне распавялі працяг гэтай гісторыі. У тэатры мянялі пасведчанні. Каламійцава прынесла фатаграфію 3х4.

— Таццяна Міхайлаўна, але тут вочы заплюшчаны…

Адказ быў катэгарычны:

— Так, але затое тут — я!

Юрый ІВАНОЎ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Юрый ІВАНОЎ
фатограф