Уваход — вольны! Ад гледачоў?..

№ 33 (1159) 16.08.2014 - 22.08.2014 г

Чаму Дні культуры — не заўжды "дыялог культур"?
Разнастайныя фестывальныя праекты, вулічныя імпрэзы, канцэрты ў рамках шматлікіх дзён культуры ды іншыя бясплатныя мерапрыемствы адбываюцца ў нас усё часцей. А ці атрымліваюць яны адпаведную рэкламу? Як увогуле распаўсюджваецца інфармацыя на тэму “Што, дзе, калі?”?

“Дні...” без дыялога

На жаль, здараецца, некаторыя выступленні праходзяць, так бы мовіць, “у вакууме”. Бывае і так, што зала — запоўнена. Але кім? І ці можна падлічыць ККД — каэфіцыент карыснага дзеяння — тых жа Дзён культуры, на якія выдаткоўваюцца немалыя дзяржаўныя сродкі?

Не хвалюйцеся, ніхто не збіраецца аспрэчваць неабходнасць і практычную карыснасць абменных працэсаў у культуры. Навукоўцы даўно ўжо ўвялі такі глабальны і ўсеабдымны тэрмін, як “дыялог культур”, даказаўшы, што мастацтва і грамадства без такога дыялога развівацца папросту не могуць. Дні культуры адной краіны ў іншай, здавалася б, акурат і могуць служыць адным з найярчэйшых прыкладаў падобнага дыялога. Але што атрымліваецца на справе?

Возьмем самы, што называецца, свежы прыклад — Дні культуры Туркменістана ў Беларусі. Звонку — поўны поспех: выстаўка, “круглы стол”, два канцэрты, прычым адзін — у Мінску, другі — у Бабруйску. Але адкуль публіка, зацікаўленая ў гэтых мерапрыемствах, магла пра іх дазнацца? Збольшага — са стужкі навін БелТА. І не напярэдадні, а калі палова паказаў ужо адбылася. Нават на сайце Міністэрства культуры Беларусі, якое і было адным з галоўных арганізатараў прыезду гасцей, інфармацыі — аніякай. А вось аб продажы туркменскіх вырабаў з бавоўны, што ладзіўся ў тыя ж дні, абвесткі былі паўсюль. Удалым маркетынгавым ходам стала б сумяшчэнне дзвюх рэкламных кампаній у адну.

Урэшце, мо перад намі той прыклад, калі ўсё “спісваецца” на лета ды перыяд адпачынкаў. Але ж можна паглядзець на сітуацыю і з іншага боку. Летам падобных падзей не так і шмат. Таму аматары мастацкіх цікавостак і культурнага баўлення часу адчуваюць сапраўдны голад. Для іх у такіх умовах любое мерапрыемства — на вагу золата. Дык чаму ж не скарыстоўваюцца магчымасці?

Яшчэ адзін бок медаля — уласна наведвальнікі падобных “закрытых” мерапрыемстваў. Наконт “закрытасці” я не памылілася. Пры ўсёй быццам бы “агульнадаступнасці” (за білеты грошай не бяруць) многія канцэрты застаюцца недасягальнымі для шырокай публікі і тых, хто мог бы імі зацікавіцца, ды, на жаль, не належыць да той “масавай аўдыторыі”, сярод якой распаўсюджваюць запрашальнікі. Гледачамі Дзён культуры становяцца найперш прадстаўнікі пэўнай дыяспары — іншымі словамі, той, хто і без таго з'яўляецца носьбітам дадзенай нацыянальнай культуры. Ні ў якім разе не хачу іх пакрыўдзіць, дый нельга, вядома, пазбаўляць іх гэткіх сувязей з радзімай. Але пры чым тут згаданы “дыялог”? І ці можна падобныя мерапрыемствы з гонарам называць, як мы гэта робім цяпер, папулярызацыяй нацыянальнай культуры ў замежжы і, тым больш, прарывам у сусветную прастору?

Праўда, здараецца, што запрашальнікі распаўсюджваюцца яшчэ і па буйных установах. Гэта бывае, калі публікі патрабуецца больш і канцэрт разлічаны на шырокую аўдыторыю. А калі ўсе білеты распаўсюджаны (не важна, па якіх каналах), дык навошта, маўляў, афішы ці якая іншая інфармацыя?..

Ад Калугі да Парыжа

У рэшце рэшт, усё залежыць нават не ад прымаючага боку, а ад саміх гасцей. Узгадаю, як год таму прыязжаў да нас на гастролі Свярдлоўскі тэатр музычнай камедыі. Яго дырэктар ды іншыя супрацоўнікі разгарнулі такую піяр-кампанію, што ёй можна было толькі пазайздройсціць — і, адпаведна, павучыцца, як нешта падобнае зрабіць і самім. Праект ладзіўся на камерцыйнай аснове, арганізатары былі зацікаўлены ў прытоку як мага большай колькасці гледачоў і рабілі для гэтага ўсё магчымае. Калі ж пазней адбыліся гастролі Калужскага драматычнага тэатра, прычым у рамках Дзён культуры, дык госці скардзіліся, што рэкламы, маўляў, малавата. Але ж якой менавіта рэкламы? Перад пачаткам першага спектакля, які лічыўся адкрыццём Дзён культуры, у фае былі і відэаэкран, і безліч турыстычнай літаратуры ды іншай прома-прадукцыі, што распаўсюджвалася бясплатна. А вось самі гастролі, прычым даволі працяглыя, мелі толькі сціплыя афішы — і ніякага піяру. Бо курыравалі гэты прыезд адразу некалькі “гаспадароў”. І, паводле прыказкі, у сямі нянек дзіця недагледжанае.

Як тут не узгадаць знакамітыя “Рускія сезоны ў Парыжы”, што праводзіліся геніяльным Сяргеем Дзягілевым стагоддзе таму! У тым праекце разам зліліся і камерцыйная аснова, і жаданне скарыць Еўропу выбітнай рускай культурай. Фінансава спраўдзіліся не ўсе паездкі. Але хто падлічыў неацэнны і далёка не “сезонны” ўнёсак “...Сезонаў” у расійскую ды шматлікія еўрапейскія культуры, цэнтрам якіх на той момант быў Парыж? Для абодвух бакоў гэта быў моцны штуршок да далейшых мастацкіх ноу-хау, народжаны менавіта дыялогам культур, а не настальгіяй эмігрантаў розных пакаленняў па родных мясцінах.

Дзягілеўскі вопыт, падобна на тое, можа быць карысны і цяперашнім прадзюсарам. Бо, на жаль, сучасныя гастрольныя туры ў сваёй большасці падзяляюцца на дзве катэгорыі. Першая — танныя антрэпрызы, амаль цалкам расійскага паходжання, якія не толькі не спрыяюць далейшаму развіццю той культуры, што іх прымае-спажывае, але і, наадварот, падрываюць яе глыбінныя асновы спакусай лёгкага поспеху. Другая катэгорыя гастролей — згаданыя Дні культуры і іншыя мерапрыемствы абменнага характару, што аплачваюцца з дзяржаўнай кішэні (іншымі словамі, за кошт падаткаплацельшчыкаў). Каб мець большы плён, яны павінны суправаджацца большай рэкламай ці хаця б агульнадаступнай інфармацыяй, што-дзе-калі мае адбыцца. Такая інфармацыя павінна распаўсюджвацца найперш па творчых установах, уключаючы не толькі навучальныя. Хай будуць і запрашальнікі — для V.I.P. персон. А нароўні з імі — і магчымасць вольнага ўваходу для ўсіх ахвотных.

Склад і расклад чытаць “па складах”

Яшчэ адна вельмі важная дэталь такіх паездак — уласна склад дэлегацыі. Па сённяшніх мерках, галоўным у ім з’яўляецца колькасны паказчык. А як жа з якасным? Прафесіяналізм удзельнікаў не выклікае ніякага сумневу: на такія гастролі дасылаюць папраўдзе лепшых салістаў і калектывы, якія могуць годна прэзентаваць нацыянальную культуру. Але чаму б не скарыстаць і ранейшы досвед, назапашаны ў савецкія часы? Тады былі вельмі распаўсюджаны разнастайныя творчыя паездкі па саюзных рэспубліках, вынікам якіх станавіліся новыя мастацкія творы, натхнёныя тымі падарожжамі: новымі мясцінамі, знаёмствам з творчымі людзьмі і, найперш, з калегамі. Творчыя сувязі, што нараджаліся ў час такіх абменаў-дыялогаў, і дагэтуль падтрымліваюцца старэйшым пакаленнем. Малодшае, у меру сіл і сваіх фінансавых магчымасцей, таксама імкнецца наладжваць падобныя кантакты. Чаму ж не дадаць да прыватных ініцыятыў яшчэ і дзяржаўныя? Ці ўсе баяцца “ўцечкі-ўцёкаў” талентаў? Дык тыя, калі захочуць, і без гэтага ўцякуць (і ўцякаюць, што там казаць). Грошай дадатковых шкада? Але далучэнне да дэлегацыі некалькіх творчых асоб (асабліва на фоне вялізных калектываў) — не такія ўжо і вялікія грошы. Даходзіць да смешнага: новы твор кампазітара — вязуць, на аўтара — вядома, забываюцца. Што ўжо тут казаць пра журналістаў ды крытыкаў… На іх “забываюцца” ў першую чаргу: маўляў, мы вернемся і ўсё раскажам. Навошта ўласныя ўражанні? Пішыце са слоў, як усё было “крута”.

Але ж, паўтаруся, ёсць і прыватныя паездкі. Па ўласным вопыце ведаю: кожны папраўдзе творчы чалавек імкнецца выкарыстаць любую магчымасць для пашырэння прафесійных ведаў ды мастацкіх уражанняў. Куды б я ні накіроўвалася, яшчэ дома, праз Інтэрнэт, пачынаю з вывучэння тамтэйшых музеяў-выставак-канцэртаў-спектакляў ды іншых імпрэз, што прыпадаюць на час майго знаходжання ў іншым горадзе ці краіне. Уяўленне пра тое, што “капіталістычная” культура разлічана адно на заможных грамадзян, — не больш як міф. Бо ёсць і дні вольнага наведвання музеяў, і ўвогуле бясплатныя экспазіцыі (найперш, тыя, што знаёмяць з нацыянальнай культурай), і рэгулярныя канцэрты ў касцёлах, шматлікія вулічныя імпрэзы, фестывалі, прычым зусім не “самаробкі”, а вельмі высокага прафесійнага ўзроўню.

Абсалютна ўсё вышэйпералічанае — з магутнай інфармацыйнай падтрымкай. Мала таго, што афішы літаральна на кожным слупе, дык яшчэ і флаеры ў турыстычных зонах раздаюць — так “заманьваюць” гледача, што і не збіраўся, а пойдзеш. Можа, яшчэ і таму, што культурных кропак — безліч? І паміж імі — канкурэнцыя? Але і там, дзе яе асабліва няма, інфармацыя пра культурныя падзеі, якія маюць адбыцца, — абсалютна дакладная. Можа, справа ў заходняй пунктуальнасці, імя якой — таксама культура? На той жа плошчы ля ратушы Вільнюса, дзе кожныя выхадныя праходзіць які-небудзь фестываль, заўсёды вісіць лісток з раскладам, хто і калі выступае. І, што самае для нас “неверагоднае”, а для іх — звычайнае, усё — спаўняецца. Літаральна хвіліна ў хвіліну, без затрымак і не менш прыкрых “апярэджванняў” графіка, нязручных і для публікі, і для артыстаў.

У нас штосьці падобнае яшчэ толькі пачынаецца. Часам — гучна, як тыя ж форумы вулічных тэатраў. Але з дакладным раскладам усё пакуль складаней. На сайце Мінгарвыканкама можна знайсці аб’яву: запрашэнне вулічных музыкантаў да супрацоўніцтва. Два тыдні таму паведамленне заканчвалася інфармацыяй пра бліжэйшыя імпрэзы. Маўляў, апоўдні 2 жніўня ля Ратушы пройдзе тэатралізаванае прадстаўленне “Жаніцьба караля”, якое ўтрымлівае музычна-танцавальную праграму і рыцарскае спаборніцтва. А пасля — жывыя статуі а-ля Еўропа. На тыя выхадныя, калі матэрыял рыхтаваўся да друку, раскладу выступленняў не было.

Можа, у гэтым і ёсць “непрадказальнасць” славянскай душы? Бо калі напярэдадні выступлення (што называецца, за пяць хвілін да пачатку) інфармацыя і з’явіцца, дык хто яе знойдзе? А пра тое, каб на самой плошчы былі хоць якія афішы, і гаворкі няма. Хаця пры цяперашніх магчымасцях не патрэбна ніякая друкарня — усё можна вырабіць, не адыходзячы ад камп’ютара ды прынтара.

Гэтак жа бракуе інфармацыі ў час рэгіянальных святаў і фестываляў, пра што неаднаразова даводзілася “даводзіць” арганізатарам — вядома, да іх незадаволенасці. Часам рэклама робіцца, але — бязадрасная, якая не ўлічвае, каго можа зацікавіць дадзенае мерапрыемства. Бывае і так, што інфармацыя быццам і ёсць, а насамрэч яе — няма. Ці ж можна назваць, да прыкладу, рэкламай канцэрта скупыя звесткі пра яго? Нешта накшталт такога паведамлення: адбудзецца выступленне аматарскіх калектываў. Якіх? У якім парадку? У колькі дакладна? Маўляў, як пойдзе — так пойдзе. А ці пойдзе на гэта глядач? Ці, можа, усё разлічана на выпадковых мінакоў ды родных-знаёмых тых, хто выступае? Але часам артысты не ведаюць, калі ж выйдуць на сцэну…

Культура правядзення разнастайных імпрэз з вольным уваходам не прыйдзе, натуральна, сама па сабе. Добра ўжо тое, што такія святы ладзяцца. Але пакутліва-цярпліва чакаць, пакуль усё складзецца само сабой, — таксама не выйсце. Тым больш, што для “акультурвання” патрабуецца не так ужо і шмат...

 

Каментарый з нагоды

Дык за кім рэклама?

— Пляцоўка вулічных музыкантаў, — паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама — прэс-сакратар Ірына НЕМАВА, — існуе каля Ратушы, дакладней, на плошчы Свабоды — ля Канцэртнай залы “Верхні горад”.

Там у межах музычна-турыстычнага сезона праходзіць Форум вулічных тэатраў, у якім удзельнічаюць і музыканты. Для гэтага яны павінны па электроннай пошце адправіць заяўку, дзе патрэбна ўказаць свае кантакты, прыкласці рэпертуар і запісы. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце Мінгарвыканкама 18 ліпеня, і кожны ахвотны можа азнаёміцца з ёй больш падрабязна ды прыняць удзел у Форуме.

— З многімі калектывамі мы супрацоўнічалі і раней, — працягвае адміністратар — каардынатар праекта Уладзіслаў ПІНЧУК. — Але пасля таго, як аб’ява была змешчана ў Інтэрнэце, да нас пачалі паступаць і іншыя заяўкі. Літаральна з кожным днём іх становіцца ўсё больш, і гэта не можа не радаваць. Дадамо, што ў вулічных выступленнях удзельнічае ўсё больш прафесіяналаў, якія ствараюць адпаведную мастацкую планку ўсяму Форуму. Часта нават сама наяўнасць якаснай промапрадукцыі, якую нам дасылаюць, сведчыць пра сур’ёзны прафесійны падыход да сваёй справы.

Пляцоўка будзе працаваць да верасня, закрыццё Форуму вулічных тэатраў пройдзе пад час святкавання Дня горада. У наступным годзе такая форма выступленняў працягнецца — прыблізна з пачатку ці сярэдзіны мая. Дзякуючы гэтаму праекту плошча Свабоды і прылеглая тэрыторыя становяцца пешаходнай зонай. Уезд туды і без таго абмежаваны, а па выхадных і ўвогуле перакрываецца. У будучыні плануем ахапіць большую гарадскую прастору — найперш, спусціцца ўніз да Нямігі. Там знаходзяцца невялічкія рэстаранчыкі, кавярні, іх будзе станавіцца ўсё больш. Адпаведна, павінна пашырыцца і музычна-тэатральная турыстычная зона…

— Рэклама Дзён культуры, як і само іх напаўненне канкрэтнымі мерапрыемствамі, — пракаментавала сітуацыю начальнік аддзела міжнародных сувязей Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Вікторыя РАТАБЫЛЬСКАЯ, — ажыццяўляецца па дамоўленасці бакоў, таму падыход тут строга індывідуальны. Часам бываюць пэўныя пажаданні, якія, у меру магчымасцей, імкнёмся выканаць.

Наш аддзел займаецца, у першую чаргу, правядзеннем Дзён культуры Беларусі ў замежжы. Калі ж, наадварот, прыязджаюць да нас, то актыўна падключаецца ўпраўленне мастацтваў. Вядома, усе такія прэзентацыі носяць абменны характар: мы — да іх, яны — да нас. Таму, у любым выпадку, трэба захоўваць парытэт. Ён прадугледжвае абавязковае выкананне такіх асноўных пазіцый, як, да прыкладу, колькасць удзельнікаў: колькі іх было з аднаго боку, столькі ж павінна быць і з другога.

Увогуле, галоўнымі арганізатарамі Дзён культуры заўсёды выступаюць чатыры дзяржаўныя інстанцыі: міністэрствы культуры абедзвюх краін і пасольствы адной краіны ў другой. Зноў-такі, размеркаванне абавязкаў паміж імі таксама бывае індывідуальным — усё залежыць ад кожнага канкрэтнага мерапрыемства. Дзесьці ёсць свае напрацоўкі, дзесьці — вялікая дыяспара, якая, здараецца, можа дапамагаць нават фінансава. У тым жа Казахстане, да прыкладу, ёсць свае спонсары, якія шчодра фінансуюць такія мерапрыемствы.

Канцэрты, выстаўкі ды іншыя імпрэзы ў рамках Дзён культуры бываюць, у асноўным, бясплатнымі для наведвальнікаў. Запрашальнікі на мерапрыемствы звычайна распаўсюджвае пасольства. У першую чаргу імі забяспечваюцца прадстаўнікі дыяспары. Здараецца, Дні культуры складаюцца ўсяго з аднаго канцэрта. Калі ж мерапрыемстваў некалькі, дык і праходзяць яны, канешне ж, больш гучна, з большым розгаласам. Імкнемся шукаць розныя формы, выкарыстоўваць усе магчымасці. Таму часам пад агульную назву Дзён культуры ўдаецца падключыць і іншыя запланаваныя мерапрыемствы, у тым ліку камерцыйнага характару. Апошнімі звычайна бываюць гастролі зорак, часцей — эстрадных. У такіх выпадках, зразумела, рэклама выходзіць на больш высокі ўзровень. Але ўсё роўна не выключаны выпадкі, калі і расцяжкі па цэнтры горада былі, і афішы, а той або іншы чалавек іх проста не заўважыў. І пачынае скардзіцца: маўляў, як жа так, я не змог патрапіць, а так хацеў!

Лета звычайна — сезон неактыўны, большасць гараджан выбіраюць летнікі, адпачынак на ўлонні прыроды, іншыя паездкі. Мы гэта таксама ўлічваем, калі вядзём перамовы, але з Туркменістанам па датах склалася менавіта так. Каб пашырыць кола публікі, пачалі праводзіць некаторыя канцэрты не толькі ў сталіцы, але і за яе межамі. Так, Дні культуры Венгрыі ахапілі яшчэ і Маладзечна, Дні культуры Туркменістана — Бабруйск. Бывае, да гэтага падштурхоўваюць самі абставіны. Да прыкладу, прамыя авіярэйсы па неабходным маршруце бываюць не штодзень — у гасцей аказваецца вольны час. Чаму б яго не скарыстаць з выгодай для абодвух бакоў? У іншых гарадах бывае не так многа падобных мерапрыемстваў, як у Мінску, і гледачы вельмі горача рэагуюць за такія выступленні. Таму рэгіёны самі зацікаўлены ў тым, каб у іх адбывалася штосьці падобнае. У такіх выпадках да рэкламы і распаўсюджвання білетаў далучаюцца мясцовыя ўлады, кіраўніцтва тых канцэртна-тэатральных пляцовак, дзе адбываюцца паказы. Гэтая практыка добра сябе зарэкамендавала, мы атрымлівалі шмат удзячных водгукаў.

Так што імкнёмся выкарыстоўваць усе магчымасці. Пашыраецца і геаграфія. Што ж да бліжэйшых мерапрыемстваў, дык на пачатку верасня Дні культуры нашай краіны пройдуць у Шры-Ланка…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"