Летуценнік без кампрамісаў

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Мікалай Тарасікаў. “Я слаўлю тых, хто след для нас пакінуў…”
…Вось што ўспамінаў жывапісец Яўген Красоўскі, які, па сутнасці, з канца 1920-х і да апошніх дзён жыцця Тарасікава быў самым блізкім яго сябрам: “У 1929-м да нас на трэці курс Віцебскага мастацкага тэхнікума зайшоў даволі сціпла апрануты, сярэдняга росту малады чалавек з вялікай папкай. З выгляду сур’ёзны, ён, па ўсім відаць, не дапускаў лішніх жартаў у дачыненні да сябе. Адрэкамендаваўся Міколам Тарасікавым, дадаўшы: “Прыняты студэнтам на ваш курс”. Вядома, наш новы таварыш усіх заінтрыгаваў: як-ніяк, прыняты на трэці курс у сярэдзіне года, дый наогул, якая ў яго падрыхтоўка?.. Таму мы і папрасілі яго паказаць свае творы, на што ён лёгка згадзіўся і тут жа расклаў іх на падлозе аўдыторыі для агляду. На сваё здзіўленне, мы ўбачылі работы зусім сталага мастака. У ягонай папцы аказалася шмат накідаў, малюнкаў, эскізы кампазіцый, выкананыя ў рознай манеры, на рознай каляровай паперы, з выкарыстаннем акварэлі, алею, тушы, тэмперы, вугалю і алоўка. Творы Тарасікава захаплялі і здзіўлялі сваёй незвычайнай трактоўкай, непадобнасцю да таго, што рабілі мы. Кожны з іх, нават невялікі накід, прыцягваў увагу вобразным рашэннем задум, выклікаў гарачыя студэнцкія спрэчкі: якім павінна быць савецкае мастацтва і ці патрэбна пралетарыяту камернае мастацтва жывапісу наогул? Ці не лепш развіваць мастацтва, што мае дачыненне да прамысловасці — тэкстылю ці керамікі, — словам, прыкладнога, утылітарнага характару мастацтва?.. Тады на выстаўках яшчэ сустракаліся творы, якія мелі адбітак псеўдарэвалюцыйных тэорый і маніфестаў “пралетарскага мастацтва”. На стракатым фоне эрудыцыя Міколы была бясспрэчная, і мы з задавальненнем слухалі яго адказы на нашы пытанні па тых або іншых праблемах тагачаснага мастацтва. Такая гутарка спрыяла засваенню студэнтамі цвёрдых акадэмічных ведаў, без якіх вучоба не мела сэнсу. Вось такой была наша першая сустрэча з Мікалаем Тарасікавым у Віцебску ў 1929 годзе…”

/i/content/pi/cult/499/10712/15-1.jpg

 

 

Мікалай Тарасікаў. "Брацкія магілы". 1944 г.

/i/content/pi/cult/499/10712/15-3.jpgВядомы жывапісец Аляксандр Мазалёў: “Ведаў Мікалая Лукіча вельмі добра. У 1928 — 1930 гадах мне давялося вучыцца з ім у Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Мікалай быў творча актыўным студэнтам, за што ўсе мы, аднакурснікі, яго паважалі. Ягоныя работы ўжо тады вырашаліся вельмі цікава. Я ў душы яму зайздросціў... Пасля тэхнікума мы рассталіся на доўгія гады. Я паехаў у Ленінград, а Тарасікаў — у Адэсу, дзе працягваў вучобу. Сустрэліся пасля Вялікай Айчыннай вайны ўжо сталымі мастакамі. Мікалай Лукіч шмат працаваў. Яго творчы шлях быў цікавы сваёй разнастайнасцю. Тарасікаў заўсёды быў добрым таварышам для тых, хто ўмеў знайсці шлях да ягонай адкрытай душы, хто сумленна любіў мастацтва…”

А вось што пісаў Вячаслаў Руцай, педагог тэхнікума: “Мікалая Лукіча я сустрэў у 1930 годзе ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, дзе ён вучыўся на трэцім курсе. Ад работ маладога мастака ў мяне склалася ўражанне, што Тарасікаў вельмі таленавіты. Дарэчы, гэта часта прыводзіла яго да канфлікту з выкладчыкамі, якія, на погляд Мікалая Лукіча, нічога не могуць яму даць. Са свайго боку, студэнты ставіліся да Тарасікава са спачуваннем. Сярод іх можна назваць і Яўгена Красоўскага. Адным з галоўных маіх педагагічных прынцыпаў была работа студэнтаў на пленэры. Выхад маёй групы на пленэр даваў магчымасць прысутнічаць на эцюдах і навучэнцам іншых груп, сярод якіх быў і Тарасікаў. Ён вельмі ўважліва прыслухоўваўся да маіх патрабаванняў, парад і ўказанняў. Яго вызначала надзвычайная працавітасць ды стараннасць. Летам 1930 года наша група планавала паездку ў Сярэднюю Азію. Я прапанаваў Тарасікаву паехаць разам з намі. Ён з задавальненнем прыняў гэтую прапанову, і напрыканцы мая мы прыехалі ў Самарканд. Спыніліся на экскурсійнай базе, што знаходзілася ў медрэсэ Улугбека на плошчы Рэгістана. Тут жа, у прадмесці Самарканда, мы і пачалі разам з Тарасікавым працаваць. Працавалі да канца лета і ў пачатку навучальнага года вярнуліся ў Віцебск з вялікай колькасцю работ ды ўражанняў… У лістападзе 1930-га мяне прызвалі ў армію. Пасля заканчэння службы ў арміі я ўжо не вярнуўся ў Віцебск, а жыў у Маскве. Але і там мяне часта наведваў Тарасікаў. Ён прывозіў паказаць свае работы, якія здзіўлялі непасрэднасцю і свежасцю ўспрыняцця, паэтычнасцю. Тарасікаў быў надзвычай працавіты і адданы любімай справе. Пошук вялікай выразнасці, новых форм адлюстравання быў асноўным клопатам гэтага таленавітага чалавека…”

Яшчэ адзін успамін пра Тарасікава, які расказаў у 1974 годзе Хаім Ліўшыц: “З Мікалаем Лукічом я разам вучыўся ў Віцебскім тэхнікуме. Ён захапляўся рознымі напрамкамі і школамі ў мастацтве. Ягоная шчырае захапленне перадавалася і нам, яго сябрам. Ягоныя эцюды, кампазіцыі, выкананыя ў тыя гады ў блакітна-шэрых тонах, былі настолькі прыгожыя ды выразныя, што засталіся і да гэтага часу ў маёй памяці. І вельмі шкада, што ўсе тыя работы, якія знаходзіліся ў час вайны ў Мінску, загінулі… У калекцыі, якую тады вельмі старанна збіраў Тарасікаў, былі цікавыя творы вядомага мастака-канструктывіста Эль Лісіцкага. Тарасікаў атрымаў іх у падарунак ад маці Лісіцкага перад ад’ездам у Маскву. Гэта даказвае, што Мікалай Лукіч быў не толькі сам выдатны мастак, але вельмі чула і ўпэўнена адчуваў каштоўнае ў іншых. З вялікай павагай ставіўся да здольных і таленавітых людзей, цаніў іхні талент, нягледзячы на тое, быў гэта мастак-прафесіянал ці хтосьці з народных умельцаў. Ён ставіўся з павагай да кожнага, бо галоўнай мэтай у яго жыцці было мастацтва — сапраўднае, таленавітае…”

Турботны, клапатлівы, непаседлівы характар Тарасікава і яго вечная незадаволенасць сабой у тым, што ён не можа поўнасцю рэалізаваць уласныя мастакоўскія магчымасці ў Віцебску, вымусілі яго прадоўжыць сваю адукацыю ў Адэсе. Цяжка сказаць, чаму ў Адэсе, а не ў Ленінградзе, Кіеве або Маскве. Відаць, на тое былі нейкія асобыя прычыны. І, мабыць, ён не памыліўся.

Погляды на мастацтва ды творчыя прыярытэты Мікалая Тарасікава шмат у чым вызначыліся пад час навучання ў Адэскім мастацкім інстытуце. Адэская Школа рысавання і чарчэння, якая стаяла ля вытокаў гэтай установы, была пераўтворана ў мастацкае вучылішча яшчэ напрыканцы ХIХ стагоддзя. Паколькі мастацкіх ВНУ на Украіне да рэвалюцыі не было, Адэскае вучылішча (нароўні з Кіеўскім і Харкаўскім) ужо тады займала асобнае месца ў сістэме мастацкай адукацыі. У 1924-м у выніку рэарганізацыі яно было перайменавана ў Палітэхнікум выяўленчых мастацтваў, пазней — у Мастацкі інстытут. У 1935 годзе, у час заканчэння Мікалаем Лукічом, апошні зноў стаў тэхнікумам.

Калі Тарасікаў у 1931-м паступіў сюды вучыцца, установа, разам з ВХУТЕМАСам, аказваецца, лічылася лепшай у краіне, дзе асабліва цаніліся прафесійная грамата і свежасць новых вобразна-пластычных ідэй. “Свежасць ідэй” — ключавое словазлучэнне. Тут учарашняму маладому выхаванцу Віцебскага тэхнікума давялося вучыцца ў прафесараў А.Шаўкуненкі, Д.Крайнева, А.Гаўша, Ю.Бяршадскага, Т.Фраермана, творчая шматграннасць якіх удала спалучалася з высокай пластычнай культурай і навізной выяўленча-выразнай мовы. Усе яны прайшлі лепшыя вышэйшыя мастацкія школы ў Расійскай імперыі ды Еўропе, і наватарскія пошукі ў найноўшай выяўленчай творчасці першай чвэрці ХХ стагоддзя не былі ім чужымі.

Навучанне ў такіх майстроў і ўзаемаадносіны з імі ўжо самі па сабе былі для студэнта ўдачай. Асабліва ў пошуках сваёй каларыстыкі шмат што далі Тарасікаву Аляксей Шаўкуненка і Аляксандр Гаўш. Калі я бачыў некаторыя даваенныя і пасляваенныя творы Мікалая Лукіча (“Пейзаж”, “Млын”, “Адэса. Аркадзія”, “Рыбакі на Дняпры”, “Рыбацкі прычал”, “Адэса з мора”, “Камсамолка”, “Шэры дзень”, “Завод”, “Скакун”, “Конь ля хлява”, “Кветкі”, “Возера Нарач”), адразу згадваў яркія, дэкаратыўныя, мажорныя нацюрморты і пейзажы Шаўкуненкі ды светлы, празрысты позірк на свет у ландшафтах Гаўша. Ну, і, канешне ж, не абышлося без імпрэсіяністаў. У гэтым сэнсе дыплом “Рыбакі Адэсы” (кіраўнік — А.Шаўкуненка) — яскравы прыклад.

Калісьці, зімой 1968 года, на адкрыцці выстаўкі сцэнаграфіі канструктывіста Уладзіміра Мюлера ў залах Усерасійскага тэатральнага таварыства ў Маскве я пазнаёміўся з яго вучнем — тэатральным мастаком Сяргеем Барысавічам Атрошчанкам. І ў размове, выпадкова, даведаўся, што ён вучыўся ў Адэсе разам з Тарасікавым і сябраваў з ім, хаця Атрошчанка займаўся на тэатральна-дэкарацыйным аддзяленні жывапіснага факультэта інстытута ў прафесара Мюлера! Уладзімір Мікалаевіч сам прадстаўляў экспазіцыю, але я з ім не знаёміўся. На жаль, тады падрабязна не распытаў Атрошчанку пра гэты факт біяграфіі Тарасікава, бо ў тыя часы мяне цікавілі іншыя мастакі ды іншыя праблемы мастацтва. Гаворка ішла, канешне ж, пра віноўніка ўрачыстасці Мюлера, ягоных колішніх сяброў Аляксандру Экстэр (тады яе мала хто ведаў, бо яна была эмігранткай), Уладзіміра Татліна і кагосьці яшчэ.

Гэта ўжо потым імя Тарасікава стала для мяне штосьці значыць, асабліва пасля сустрэч з тымі, хто добра ведаў Мікалая Лукіча. Як і большасці выхаванцаў Адэскай школы жывапісу, Тарасікаву была ўласціва высокая жывапісная культура, “святламузыка” пісьма і каларыстычная вытанчанасць, імкненне перадаць непаўторнасць стану мадэлі, прыроды. Аналізуючы работы мастака, скажам, даваеннага перыяду, разумееш, што, супастаўляючы яго палотны і акварэлі з карцінамі французскіх імпрэсіяністаў, можна смела адзначыць іх стылістычную блізкасць, насычанасць сонечным святлом і паветрам, наяўнасць далікатных адценняў ды паўтонаў.

Мабыць і ўласцівая Тарасікаву захопленасць партрэтным жывапісам у шмат чым была прадвызначана вучобай у Адэскім мастацкім інстытуце, у педагогаў якога гэты жанр карыстаўся асаблівай папулярнасцю. Так, многія з выпускнікоў дадзенай установы ў далейшым прысвяцілі сябе партрэту і сталі вядомымі партрэтыстамі...

Пасля Адэсы быў Мінск. Творчая работа захапіла Тарасікава цалкам: жывапіс, графіка (гравюры, ілюстрацыі і вокладкі кніг), манументальна-дэкаратыўны роспіс у некаторых інтэр’ерах, таксама пано для оперных спектакляў (“Русалка” і “Міхась Падгорны” ў Тэатры оперы і балета і г.д.), артыкулы ў газетах… Апроч таго, творца вёў студыю выяўленчага мастацтва...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"