Адзін на Мінск цукерачнік

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Апошнім часам набыў папулярнасць пошук у архівах звестак пра свой радавод. Але калі зазірнуць у іншыя дакументы, то адкрываецца шмат цікавага, скажам, пра гарадскі лад жыцця. Так, у Нацыянальным архіве нашай краіны захаваліся матэрыялы гарадскога перапісу 90-гадовай даўніны, якія расказваюць пра асноўныя прафесійныя заняткі гараджан.

Першае, на што звяртаеш увагу: Мінск дзевяноста гадоў таму — горад працы. Тут жылі рабочыя практычна ўсіх спецыяльнасцей. Разам з кваліфікаванымі спецыялістамі ды інжынерамі працу мелі землякопы, рознарабочыя, падзённыя, чорнарабочыя, а таксама, як пазначаецца ў дакументах, “паўкваліфікаваныя будаўнікі”. Шматлікі “атрад” складалі чыгуначнікі-кандуктары, праваднікі вагонаў, паравозныя машыністы, стрэлачнікі.

У той час, калі ў вёсцы кожная сям’я выпякала хлеб самастойна, у горадзе можна было штодня набываць свежы. Раніцай вуліцы напаўняліся апетытным водарам і гаспадыні з кошыкамі спяшаліся ў хлебную краму. Менавіта спяшаліся, бо ён не залежваўся. Пекары і булачнікі былі людзьмі вядомымі і паважанымі. Побач жылі кухары і кухаркі, афіцыянты… і цукерачнікі. Дарэчы, спецыяльнасць цукерачніка, як і тытунніка, у тагачасным Мінску была рэдкай: на тысячу чалавек гэтай справай займалася толькі адна сям’я.

Сёння ў Мінску не знайсці калёсніка, стальмаха, паяльшчыка, бляхара. У тыя часы яны хадзілі ад дому да дому, альбо зазывалі народ у людных месцах. Сёння мала хто ведае аб прафесіі лудзільшчыка, а раней без яго і талеркі супу было не з’есці. У той час посуд рабілі, у тым ліку, з медзі. Калі ён акісляўся, то не толькі набываў неахайны выгляд, але і рабіўся небяспечным для здароўя. Таму медны посуд лудзілі: пакрывалі тонкім слоем інертнага волава. Яно хутка сціралася — і аперацыю даводзілася паўтараць. Пасля з’яўлення больш таннага алюмініевага посуду дарагую медзь сцёрлі да дзірак і здалі на металалом. Так лудзільшчыкі і зніклі, вядома, як спецыялісты.

Сёння гэта ўжо падаецца незвычайным, але ў тыя часы прафесіі цырульніка, фатографа былі выключна мужчынскімі. Аднак мужчын-настаўнікаў, мужчын-сакратароў ужо выцяснялі жанчыны. А вось па клавішах друкарскіх машынак пальчыкамі ўжо ў той час стукалі выключна прадстаўніцы прыгожага полу. Гараджан абслугоўвала цэлая армія краўцоў, мадыстак і шаўцоў, бо крамы з тымі ж гатовымі сукенкамі яшчэ толькі заваёўвалі сімпатыі сярод масавых пакупнікоў. Існавалі майстэрні па пашыве сукенак, працавалі і індывідуальныя майстры. Прафесіі краўца ды шаўца былі настолькі распаўсюджаныя, што па колькасці былі роўныя ліку бухгалтараў і рахункаводаў. Апошнім жа было што лічыць: у горадзе мелася вялікая колькасць крам.

У залежнасці ад раёна вагалася і колькасць дактароў, фельчараў, акушэрак. Побач з бальніцамі іх пражывала, вядома, больш. Шматлікім быў і малодшы медыцынскі персанал: браты і сёстры міласэрнасці, санітаркі, сядзелкі.

Дарэчы, беспрацоўе ўжо тады было праблемай. Напрыклад, у адным з раёнаў Мінска, дзе пражывала 2 762 чалавек, главы 67 сем’яў (што складала 252 чалавекі) не мелі працы.

А ўвечары, калі сціхала гарадская мітусня, гандляры зачынялі свае крамкі, вокны дамоў асвятляліся цёплымі сполахамі газовак, стомленыя служачыя і працоўныя збіраліся каля самавараў, а да сваіх абавязкаў прыступалі начныя вартаўнікі: на чатыры сям’і вартаўнікоў-мужчын прыпадала дзве сям’і на чале з жанчынамі-вартаўніцамі. Пагадзіцеся, ім было што ахоўваць…

Наталля ШАПРУНОВА , журналіст