А.Касцючэнка. “Лета”. |
Выстаўка жывапісу Касцючэнкі насіла рэтраспектыўны характар. На ёй былі прадстаўлены карціны, напісаныя пераважна за апошнія дзесяць гадоў.
Жывапісная манера мастака часам нагадвае тэхніку пастэлі. Гэты эфект выкліканы выкарыстаннем змешанай тэхнікі, дзе галоўную ролю выконваюць алейныя фарбы, да якіх у дадатак ідуць фарбы тэмперныя і акрылавыя.
Аляксандр, як правіла, спачатку стварае папярэднія накіды будучай работы вугалем, сангінай ці каляровымі алоўкамі. Гэтыя накіды-эскізы служаць толькі падрыхтоўчай асновай карціны, пры стварэнні якой аўтар пакідае за сабой права адысці ад першапачатковай задумы, смела эксперыментаваць на палатне, змяняць кампазіцыю і каларыт, пакуль не прыйдзе да канчатковага варыянта.
Відавочна, таму яго пейзажы, нацюрморты і жанравыя кампазіцыі для ўважлівага гледача паўстаюць як нейкае тэатральнае дзейства, спектакль, дзе адбываецца своеасаблівы дыялог паміж колерам і лініяй. Не дэталізуючы выяву, абагульняючы формы, А.Касцючэнка стварае асацыятыўныя карціны-настроі, якія нагадваюць дзіцячыя малюнкі — чыстыя, светлыя і непасрэдныя.
Работы мастака былі ацэнены многімі гледачамі Беларусі і замежжа. Варта адзначыць яго персанальныя выстаўкі ў Санкт-Пецярбургу і Зальцбургу (Аўстрыя), дзе карціны Касцючэнкі вызначаліся як “сапраўдны беларускі жывапіс”.
Іван ПАПОЎ,
супрацоўнік ДУ “Карцінная
галерэя Г.Вашчанкі”
Гомель