Шчаслівы білет

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі працуе выстаўка “Шчаслівы білет”, дзе сярод экспанатаў прадстаўлена больш за 170 адзінак білетаў, якія адлюстравалі сістэму латарэй Беларусі і, у прыватнасці, Віцебскай вобласці з 1920-х гадоў да нашага часу.

/i/content/pi/cult/499/10709/14-3.jpg

Прадстаўлены латарэі таварыства Осовиахима, ДОСААФ, Аўта-латарэя, Азет-латарэя, Усесаюзная мастацкая латарэя СССР, Міжнародная латарэя салідарнасці журналістаў. Латарэйны білет “уяўляецца” ў кантэксце выстаўкі як мост у мінулае, які ўплятае выпадковыя малавядомыя факты гісторыі ў зменлівую раку часу…

З дапамогай Аўта-латарэі праводзілася прапаганда аўтамабільнай справы ў 1927 — 1935 гадах (амаль паводле Астапа Бэндара: “Жалезны конь прыйшоў на змену сялянскаму коніку”). У гэты ж час праводзілася бяспройгрышная латарэя пад дэвізам “Кніга замест гарэлкі”, дзе прызамі былі кнігі, брашуры, падпіска на папулярныя часопісы. Загадкавым прызам латарэі Осовиахима (будучы ДОСААФ) стаў палёт на дырыжаблі, які выклікаў непадробную зацікаўленасць сярод насельніцтва.

Латарэі не прыпыняліся і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тады яны праводзіліся пад лозунгам “Всё для фронта. Всё для Победы”. Вядома, што дзякуючы значнай дапамозе сродкаў, сабраных ад латарэй, ладзілі некаторыя мерапрыемствы Алімпіяды-1980. На многія білеты VI Міжнароднай латарэі салідарнасці журналістаў, тыраж якой адбыўся 17 снежня 1970 года ў Празе, выпалі каштоўныя выйгрышы. Чарцёжнік Віцебскага станкабудаўнічага завода імя Кірава В.Глушакоў стаў уладальнікам гадзінніка-кулона “Слава”. Шчаслівым аказаўся білет віцябчаніна І.Астафурава: ён выйграў транзістарны прыёмнік “Космас”. Сярод астатніх прызоў — прыёмнікі, імпартныя надзіманыя матрацы, мужчынскія гадзіннікі...

Гісторыя Віцебска захавала сведчанні, калі важныя пытанні вырашала фартуна. Так, культурнае жыццё горада “галіцынскага часу” (1846 — 1853 гады) было багатае на прадстаўленні, спектаклі, канцэрты. Дзякуючы добрай адукацыі і магчымасцям, якія адкрываў статус жонкі генерал-губернатара, княгіня Соф’я Пятроўна Галіцына стала лідарам, вакол якога гуртавалася дваранства. За невялікі час яна зрабілася папулярнай асобай з сімпатычнай мянушкай “Премудрость свет-Петровна”. Княгіня вельмі часта пры сустрэчы з патрэбнай асобай сама ўручала ёй латарэйны білет.

Сведчаннем больш ранняга правядзення дабрачынных латарэй у Віцебску стаў латарэйны білет пачатку ХІХ стагоддзя з фонду музея, які прадстаўлены на выстаўцы ўпершыню. Па ім разыгрываліся дрожкі рысорныя “прочныя хорошаго фасону на Смаленскай вуліце — в дом Николая Болюкъвича — цэна билета — пять рублей.”

Іна ЯКУБОВІЧ, старшы навуковы супрацоўнік Віцебскага абласнога краязнаўчага музея