Сюжэт з шафы

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Мэбля Мірскага замка мае свае сакрэты
Мэбля на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва была адной з самых неабходных рэчаў. Яна не толькі служыла людзям, але і ўпрыгожвала жыллё, сведчыла аб дастатку і добрым гусце гаспадароў, таму рабілі яе на стагоддзі.

/i/content/pi/cult/499/10708/14-1.jpg /i/content/pi/cult/499/10708/14-2.jpg

У Мірскім замку знаходзіцца вялікая калекцыя разнастайнай мэблі, якая ахоплівае перыяд з XVI па XX стагоддзе. Яна ўключае ў сябе адзінкавыя прадметы і цэлыя гарнітуры. Сярод асноўных відаў варта адзначыць фатэль, стол, крэдэнс, касонэ, шафу, куфар, крэсла, падстаўку-кансоль, шафу-вітрыну, сакрэтнік, шафу-паставец, горку, канапу, куфар-сейф, вітрыну. У наяўнасці маецца як заходнееўрапейская, так і мэбля мясцовай вытворчасці. Яе выраблялі з розных парод драўніны, сярод якіх — чырвонае дрэва і палісандр. Таксама ў якасці асноўных матэрыялаў выкарыстоўваюць метал, пластык, шкло.

Мэбля належыць да асаблівай галіны дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ствараючы яе, майстры выкарыстоўваюць эстэтычнае ўздзеянне фактуры і колеру матэрыялаў, упрыгожваюць жывапісам, скульптурай, арнаментам. Разнастайнасць фактуры матэрыялу дасягаецца праз розныя тэхнічныя прыёмы (афарбоўка, паліроўка, інкруставанне ды іншыя).

У экспазіцыі Паляўнічай залы знаходзіцца шафа XVIІІ стагоддзя з выявай біблейскай сцэны ахвярапрынашэння Аўраама. Бог вырашыў выпрабаваць паслухмянасць Аўраама і загадаў прынесці ў ахвяру яго сына Ісака. Бацька разам з сынам і яшчэ двума хлопчыкамі, узяўшы наколатых дроў і сеўшы на асла, выправіўся да гары Морыа. Прыбыўшы туды на трэці дзень, Аўраам кінуў асла, хлопчыкаў і разам з сынам падняўся на гару, сказаўшы, што паклоніцца там і вернецца назад разам з Ісакам. Па дарозе на гару на пытанне сына пра тое, дзе ж ягня для ахвяры, ён адказваў, што Бог пакажа. Аднак на вяршыні Аўраам сабраў ахвярнік, расклаў дровы ды звязаў Ісака. Калі бацька занёс руку з нажом, каб закалоць сына, яго з неба паклікаў анёл, праз якога Бог паведаміў герою, што ўжо ўпэўніўся ў ягоным страху перад Богам, а таксама паабяцаў Аўрааму мноства нашчадкаў, блаславенне і ваенныя перамогі. Пасля гэтых падзей Аўраам вярнуўся ў Вірсавію.

У Старым Запавеце гаворыцца, што ніхто не мог убачыць Бога і застацца жывым, таму непасрэдныя стасункі паміж Усявышнім і чалавекам часта паказваюцца праз размову з анёлам. Менавіта анёл не даў Аўрааму прынесці ў ахвяру Ісака. Паводле паданняў антычных крыніц, Аўраам займаўся натуральнымі навукамі, быў абазнаны ў астраноміі і хіміі, а таксама валодаў ведамі ў іншых галінах ды распаўсюджваў гэтыя веды сярод фінікійцаў ды нават егіпцян. Некаторыя антычныя крыніцы лічаць Аўраама вынаходнікам літарнага шрыфта і каляндарных вылічэнняў. У Каране Аўраам выступае пад імем Ібрахім. Згодна з Каранам, сын Аўраама (Ібрахіма) — Ісмаіл быў родапачынальнікам арабскага народа. У еўрапейскім выяўленчым мастацтве вобраз Аўраама доўгі час заставаўся ў цені, паколькі старазапаветная гісторыя ўспрымалася ў хрысціянскім свеце як пралог да падзей, выкладзеных у Новым Запавеце, а Аўраам шанаваўся, перш за ўсё, як продак Хрыста. Таму творы, прысвечаныя Аўрааму, займалі ці не цэнтральнае месца ў хрысціянскіх храмах.

У Заходняй Еўропе сцэны з жыцця Аўраама можна сустрэць толькі ў скульптурным строі гатычных сабораў, на фрэсках і мазаіках, на бакавых створках алтароў, такіх як мазаікі ў царкве Санта Марыя Маджорэ ў Рыме (V стагоддзе), мазаікі ў царкве Сан Віталь у Равэне (VI ст.), скульптурныя кампазіцыі сабора ў Шартры (XII — XIV стст.), фрэскі Джотта ў Верхняй царкве Сан Франчэска ў Асізі (канец XIII ст.), Усходняя брама фларэнтыйскага Баптыстэрыя скульптара Ларэнца Гіберці (першая палова XIV ст.).

Юлія БЯЗНОСІК, навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір”