З якога поля “Спеўны сход”?

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Захаванне нематэрыяльнага на ўзроўні “ад чалавека да чалавека”
У Беларусі задумана правесці новую для нашай краіны акцыю — “Спеўны сход”. Пра тое, чым яна будзе адрознівацца ад знакамітых форумаў кшталту “Спеўнага поля” ў краінах Балтыі, які фармат прыме і ў чым яе “плюсы” для развіцця нацыянальнай культуры ды спадчыны, карэспандэнт “К” задаў пытанні арганізатару праекта Аляксею ЧУБАТУ.

 

 

— Ці дастаткова важкае месца ў жыцці беларуса першай чвэрці ХХІ стагоддзя займаюць песня і музыка наогул? Ці можна рабіць нейкія высновы на гэты конт па колькасці людзей у навушніках?

— У 2007-м я быў у Маскве па рабочых справах, і два дні пакуль там быў, здзіўляўся вялікай колькасці людзей у навушніках (у Мінску тады гэта не вельмі было заўважна). У той час я стаў разважаць, чаму так адбываецца, і зрабіў выснову, што людзі так уцякаюць ад вялікага горада, які прымушае іх жыць у сваім рытме.

— Вас гэткая тэндэнцыя не раздражняе?

— Ды не, людзі слухаюць улюбёную музыку, гэта плюс тэхналагічнага прагрэсу. Яны ствараюць для сябе камфортную атмасферу.

— Ну вось, вы кажаце пра адасабленне ад навакольнай фонасферы людзей у навушніках, і раптам — “Спеўны сход”… Гэта, часам, не традыцыя, перанятая ў нашых суседзяў з краін Балтыі?

— Мы стартавалі гэтай восенню. У нас са спеваком Сяргеем Доўгушавым з’явілася ідэя збірацца разам і спяваць. Пры гэтым на пачатку кожнага сходу мы вырашылі рабіць практыкаванні на дыханне, фізічныя практыкаванні, на расслабленне цела, якія дапамагаюць потым адчуваць песню, яе глыбіню, прыгажосць. Што да пераймання, дык толькі пасля я даведаўся, што існуюць аналагічныя мерапрыемствы ў іншых краінах, напрыклад, у Латвіі.

— Мэты імпрэзы — гэта…

— Першая — каб людзі пачулі беларускую песню, самі яе заспявалі, прапусцілі праз сябе. Раней людзі ведалі шмат песень і маглі зацягнуць іх талакой. А зараз мала якая кампанія на такое здольная… Другая мэта  — еднасць нейкай групы людзей. А менавіта такое адчуванне дапамагае перамагаць у розных сітуацыях: скажам, у спартыўных спаборніцтвах, музычных конкурсах. Нарэшце, нас цікавіць захаванне нематэрыяльнай спадчыны на ўзроўні “ад чалавека да чалавека”.

— Якія праграмы чакаюць удзельнікаў “…Сходаў”?

— Мы спланавалі працу з верасня па май. Рушым з нашымі ўдзельнікамі па песеннай культуры ад архаічных песень да сучаснасці. У верасні, напрыклад, у нас была традыцыйная песня, у кастрычніку — калыханка (запросім дзіцячы калектыў з Мінскай вобласці), у лістападзе паспяваем “Полацкі сшытак”, у снежні — калядкі, далей творы Агінскага — так і дойдзем да сучаснасці. На першы “Спеўны сход” запрасілі музыканта Алеся Чумакова з гурта “Стары Ольса”, які граў на гуслях, а людзі спявалі. Ладзілі і міні-лекцыю на пяць хвілін ад этнографа Ірыны Мазюк. Дарэчы, мы і надалей плануем запрашаць на праект экспертаў. У нас будзе спецыяльная факультатыўная група для тых, хто хоча спяваць больш чым раз на месяц, а на “…Сходах” гэтыя амаль прафесіяналы стануць дапамагаць арганізатарам і тым, хто толькі пачынае знаёміцца з рэпертуарам.

— Цікава, з якой аддачай зараз выконваюцца традыцыйныя песні? Раней людзі ўкладвалі ў выкананне сваю веру, пачуцці, надзею, а што сёння ў тых творах бачаць спевакі-аматары?

— Хочацца, каб людзі разняволіліся і адчулі гэтыя песні, душу народа, а разам з тым — і сваю душу. Нам падаецца, гэта ўжо пакрысе атрымліваецца! Песня, канешне, не тая, што раней, бо яе спяваюць людзі ХХІ стагоддзя, гучыць яна па-новаму. Але, мяркую, маем жывую пераемнасць культуры.

— Як фарміруецца рэпертуар для “Спеўнага сходу”? Ці можна прапаноўваць арганізатарам песні, якія былі пашыраны ў мясцовасці, адкуль паходзяць салісты?

— Збіраннем, як і творчай канцэпцыяй, у нас займаецца Сяргей Доўгушаў — выпускнік Акадэміі музыкі, саліст Белдзяржфілармоніі, вакаліст у двух гуртах. Ну а прапановы, канешне, будуць прыняты!

— А як наконт выхаду за межы сталіцы? Падаецца, носьбіты традыцый, жыхары вёсак і мястэчак песень народных ведаюць больш, чым мінчане. А тыя ж Каляды было б больш цікава правесці ў сельскай мясцовасці, у натуральным для свята атачэнні...

— Правесці спеўныя сходы па-за межамі Мінска — гэта адна з нашых першасных мар, прычым — ужо сёлета. Добра было б і ў школах выступаць. А за Каляды — дзякуй, добрая падказка. Яшчэ мы плануем ахапіць блізкае замежжа, прынамсі, зладзіць “…Сходы” ў Польшчы, Літве ў дыяспарах нашых суайчыннікаў.

— Хто ж з’яўляецца асноўнай аўдыторыяй? Наколькі я ведаю, зараз любы ахвотны можа стаць удзельнікам “Спеўнага сходу”…

— Яшчэ вясной мы стварылі суполкі ў сацыяльных сетках. Колькасць людзей там дасягае 700 чалавек: немалая лічба, калі гаворка ідзе пра людзей зацікаўленых. Удзельнічаюць жа ў рэальных сустрэчах абсалютна розныя асобы: апошнім разам было шасцёра дзяцей, дзве жанчыны з немаўлятамі, студэнты, людзі сталага веку... Канешне, з вялікім задавальненнем мы пайшлі б ва ўніверсітэт, каб папрацаваць з новай аўдыторыяй.

— Ці апякуецца вашым сходам нейкая інстанцыя?

— Мы не звярталіся ў тыя або іншыя ўстановы. Паколькі ў нашай краіне ёсць магчымасць правесці нейкія культурныя праекты, вырашылі рабіць усё сваімі сіламі. Але станем распавядаць аб нашым праекце ўстановам ды інстытуцыям — спадзяюся, супрацоўніцтва наладзіцца.

— Ці адчуваеце канкурэнцыю ў спеўнай сферы?

— Я чуў ад знаёмых, што дзесяць гадоў таму яны намагаліся зладзіць нешта падобнае. Наконт канкурэнцыі я прытрымліваюся такога меркавання: можна выбудаваць такі лад жыцця, дзе кожны можа рэалізоўвацца крэатыўна і для кожнага знойдзецца месца. Наогул, было б выдатна, каб у іншых гарадах, хаця б абласных, праводзіліся аналагічныя “Спеўныя сходы”.

— Прапаную ўявіць сітуацыю: у “Спеўнага сходу” справы ідуць угару, маецца спонсарская падтрымка, нельга адбіцца ад ахвотных спяваць, ваш энтузіязм не мае межаў… Ці можа, у такім выпадку, імпрэза для аматараў перарасці ў нешта большае: фестываль народнай песні, народную школу ці яшчэ штосьці?

— Я нават упэўнены, што “Спеўны сход” будзе пераўтварацца. Спадзяюся на новыя формы і, паўтаруся, на тое, што ініцыятыву падхопяць па-за Мінскам. Можна нават зрабіць музычныя слэмы, калі дзве ці больш каманд спаборнічаюць. А фестываль — гэта цудоўна, гэта рэалізацыя ідэі, бадай, у найвышэйшай ступені!..

Кажа эксперт

Алег ХАМЕНКА, фалькларыст, лідар гурта “Палац”, выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

— Я чытаю зараз артыкулы пра інцыятыву стварэння “Спеўнага сходу”. І думаю, што сказаць, бо адказаць “стаўлюся вельмі добра” — напэўна, замала. Урэшце, сказаць іншае пра такую ідэю, відаць, і не выпадае. З канкрэтыкі магу заўважыць, што некалі ў сваёй аўтарскай праграме “Настаўніцкая” на тэлеканале “ЛАД” (сёння — “Беларусь 2”) я рабіў такую справу: госці эфіру паказвалі, як падбіраць акорды і спяваць беларускамоўны твор пад гітару. Таксама мне заўжды хацелася б, каб падобныя рэчы — спевы гуртом з дадатковымі трэнінгамі і практыкаваннямі — сталіся важкай часткай праграмы этнафэсту “Камяніца”, які штогод ладзіцца на пачатку верасня ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту. Карацей, я за тое, каб вялікія музычныя ды спеўныя флэшмобы і запланаваныя праграмы адбываліся... І каб гэта ўсё (а чаму б і не?) набыло-такі маштабы не меншыя, чым у знакамітага талінскага “Спеўнага поля”…

Хэдлайн рэгіёна

А што спяваць?

Аляксей Чубат заўважыў у сваіх адказах, што пакрысе беларусы, як і прадстаўнікі іншых народаў у глабальнай прасторы, закрываюцца ад непрыемнай ім фанасферы такім простым спосабам: навушнікамі. Акрамя ўласна зразумелай і асабістай (хочаш — слухай наваколле, хочаш — плэер) працэдуры, мне тут бачыцца істотная змена парадыгмы: прынамсі, музычны складнік той самай фанасферы многіх з нас не задавальняе.

Пра тое, што мы адвыклі спяваць талакой, даўно і нямала напісана, у тым ліку на старонках “К”. Дый няёмка неяк (а вам хіба не?). Нават у вёсцы, дзе тое было яшчэ не так даўно натуральнай ды абавязковай праявай побыту. А ў горадзе даўно калыханкі заменены “100 лепшымі песенькамі для дзяцей”. Вядома, не беларускімі.

У свой час мы прапаноўвалі чытачам ініцыятывы пашырэння песеннай “пісьменнасці” беларусаў як з вуснаў чытачоў (памятаеце: абрус з нанесенымі на яго тэкстамі вядомых спеўных твораў), так і ад экспертаў (той жа Алег Хаменка прапаноўваў прынцыпова новы спеўнік беларускіх твораў для дзяцей, прынамсі, ХХ стагоддзя, знаёмых большасці з нас).

Спяваць разам, канешне ж, можна (калі не ўлічваць канцэрт улюбёнага выканаўцы) у фармаце клуба аматараў народнай, аўтарскай ці яшчэ якой песні, харавога калектыву, ансамбля ў горадзе, вёсцы або проста на адкрытым паветры ў рамках якогасьці фэсту. Але ці не становіцца непазбежная ўсё ж такі вузкасць падобных фарміраванняў тымі самымі ўмоўнымі навушнікамі, якімі мы надзейна “запячатваем” свой слыхавы апарат ад чагосьці іншага, але — патэнцыйна цікавага?

Калі нам нецікавая наяўная фанасфера, мы замяняем яе прыемнай нам музыкай (відавочна, рок ці фольк шансону альбо папсе не таварыш, як і наадварот). Аднак мне найбольш цікава, дзе апынецца кропка судакранання з сучаснасцю ў арганізатараў “Спеўнага сходу” і якія песні ўжо акажацца немагчымым выканаць разам, бо яны не будуць пасаваць такому музіцыраванню. Урэшце, спевы архаікі ці этнаматэрыялу для гарадскога чалавека выглядаюць пэўнай гульнёй з пазнаваўчым эфектам. А пасля “мелодый і рытмаў” БССРаўскай пары амаль нічога з беларускамоўнага матэрыялу (за рэдкім выняткам твораў з 1990-х і крыху пачатку 2000-х) для ўсеагульнага выканання ці хаця б пазнавання і не прыгадваецца. Даспяваліся?..

Сяргей ТРАФІЛАЎ

Аўтар: Аліна САЎЧАНКА
журналіст