Клубніка цікавяць камерцыя і брэнды

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Час вучобы — перыяд унутранага развіцця і прафесійнага росту. Для таго, хто імкнецца да ведаў, адкрываюцца дадатковыя магчымасці. З мэтай падзяліцца практычнымі здабыткамі, даведацца аб навінах у прафесійнай сферы клубныя работнікі Бярозаўшчыны чарговы раз сабраліся на семінар-вучобу ў райцэнтры. Месца сустрэчы нельга назваць звычайным, бо для мэт семінара як самы прывабны варыянт падышлі залы Дзіцяча-юнацкага спартыўна-эстэтычнага цэнтра горада, дзе дзейнічае больш за трыццаць клубных фарміраванняў розных напрамкаў і відаў. Але, з іншага боку, — чым не месца для руплівай працы і творчага натхнення?

У тым жа будынку размешчаны Раённы цэнтр рамёстваў. Улюбёная ў сваю працу дырэктар Наталля Кавалевіч з натхненнем паказала, як ствараецца чароўная цацка-абярэг — дранкавая птушка Бярозаўшчыны. Не былі забыты і ручнікі — такія розныя і чароўныя сваёй сімволікай.

Завітала на сустрэчу з клубнымі супрацоўнікамі і член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Таццяна Зданевіч, якая з апантанасцю распавядала пра адроджаны ўзор бярозаўскага пояса, тэхналогію вырабу якога яна з руплівасцю адрадзіла самастойна.

Тэма традыцыйных вырабаў як брэнда Бярозаўшчыны была цікавая не толькі для людзей, улюбёных у традыцыйную культуру, але і для тых, хто жадае атрымаць ад гэтага запалу сапраўдны, не эфемерны, заробак. На сённяшні дзень пытанне камерцыі — бадай, з ліку першых, што цікавяць кіраўніка клубнай установы. Але ж успрымаць клуб як краму з прадукцыяй, хай і рамеснага кшталту, мы не прывыклі. І ці патрэбна нам гэтае пераўтварэнне, калі ў краіне ёсць спецыялізаваныя крамы?

Безумоўна, мы павінны рабіць усё, каб вырабы народных рамеснікаў сталі самабытным сувенірным турыстычным прадуктам ды прыносілі матэрыяльны здабытак майстру, які бавіць свой час за такім заняткам. Большасць з нас, як і замежных турыстаў, купляе гэтыя вырабы як мастацкія творы, што маюць яскравую нацыянальную адметнасць і, несумненна, прывабны эстэтычны выгляд.

На тэрыторыі Бярозаўскага раёна — больш за дзесяць аграсядзіб. Але што яны з сябе ўяўляюць? Гэта будынкі, упрыгожаныя коламі ад воза, збанамі на варотах ці дранымі лапцямі. А між тым, гаспадары этнасядзібы ды мясцовыя народныя майстры маглі б супрацоўнічаць з добрымі вынікамі для кожнага з бакоў. У сядзібу, дзе можна ўжывую паглядзець, як ткуць посцілкі, плятуць кашы або вырабляюць гаршчкі з гліны, а потым яшчэ і набыць зроблены на ўласныя вочы твор, будзе, адназначна, імкнуцца больш турыстаў. Кожная рэч, зробленая рукамі майстра, дорыць цеплыню і адчуванне сапраўднага майстэрства. Калі і няма на вырабе выбітага брэнда, гэта не зніжае адчування фірмовасці твора.

Семінар прайшоў у вольным фармаце. Спадзяюся, працаўнікі клубных устаноў пасля знаёмства з рознымі варыянтамі ўвасаблення работы майстроў і назірання за працэсам ператварэння рэчаў, зробленых у традыцыйнай манеры, у сапраўдныя брэнды раёна самі адчулі і на месцах змогуць перадаць пачуццё гонару за тых, хто займаецца адраджэннем традыцыі ды атрымлівае ад гэтага сапраўдную асалоду.

Хэнд-мэйд зараз у пашане. Чаму ж не падарыць з нагоды свята добрую рэч, асабліва калі яна нясе ў сабе часцінку душы майстра?..

Вольга ЛАЎРЭНЧУК, метадыст Бярозаўскага РМЦ