Пачынаючы ад печы…

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

За бягучы год у Беларусі здарылася 4 670 пажараў. У агні загінула 459 дарослых і 11 дзяцей. Адна з прычын пажараў — парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры эксплуатацыі печы.

У сувязі з гэтым МНС нагадвае: перад пачаткам эксплуатацыі кожную печ, а таксама дымавыя каналы ў межах памяшкання і асабліва коміны на гарышчы, трэба ачысціць, пабяліць вапнавым або гліняным растворам, каб на белым фоне можна было заўважыць расколіны, якія з’яўляюцца ад праходзячага праз іх дыму. Многія домаўладальнікі, асабліва ў зімовы час, паляць печ адзін раз у суткі, выкарыстоўваючы вялікую колькасць паліва, што прыводзіць да перагарту печы і ўзнікнення пажару. Таму лепш замест працяглага палення прапальваць печ два-тры разы на суткі і заканчваць паленне за дзве гадзіны да сну. Нельга ўжываць для распальвання печаў газу, бензін ды іншыя лёгкія на загаранне вадкасці. У месцах, дзе згаральныя канструкцыі будынкаў (сцены, перагародкі, перакрыцці, бэлькі) прымыкаюць да печаў і дымаходных труб, прадугледжваюць пракладкі з незгаральных матэрыялаў. На згаральнай падлозе перад топкай неабходна прыбіць перадтопачны ліст (металічны) памерамі не менш як 50х70 см. Нельга пакідаць печ, якая паліцца, без пастаяннага нагляду дарослых і тым больш пакідаць дзяцей адных у доме. Не даручайце распальванне печаў дзецям! Не грэбуйце ўсталяваннем аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка ў пакоях!

Таццяна БЫЧАНОК, спецыяліст групы прапаганды і навучання Савецкага РАНС г. Мінска