Мастацкая бітва з ветракамі

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Штогод сталічны Палац мастацтва наладжвае Рэспубліканскую выстаўку твораў маладых мастакоў. На суд гледачоў прадстаўляліся палотны, афорты, літаграфіі, скульптуры членаў Маладзёжнага аб’яднання Саюза мастакоў і лепшыя работы старшакурснікаў Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Сёлета на выстаўку, якая мела і назоў адпаведны — “Маладзёжная”, каля ста аўтараў заявілі блізу двухсот твораў. Некаторыя імёны ўпершыню з’явіліся ў экспазіцыі такога высокага ўзроўню. Для тых, хто яшчэ не ўступіў у Саюз мастакоў, гэтая падзея стала прыступкай да жаданай мэты.

 /i/content/pi/cult/149/1070/Bitva1.jpg
 Т.Дзяменцева. “Ражджаство”.
У вочы адразу кідалася ўражлівая разнастайнасць прыёмаў, форм, жанраў. Класічны пейзаж Паўла Масленікава “Ціхі вечар” суседнічаў з авангардным “Эцюдам” Алега Манько ды “суб’ектыўным краявідам” “Свячэнне” Кацярыны Сумаравай, у якім блакітна-малочны луг зліўся з такім жа небам. Дымчата-алейная выява “Друйскага касцёла” Кацярыны Мясніковай суседнічала з “Дартсам, або Іголкатэрапіяй” Паўла Асмакоўскага ў складанай тэхніцы “бітумны лак”. Памяркоўная алейная пастэль Ганны Раманоўскай “Цеплыня” выйгравала ад кантрасту з гарэзлівай літаграфіяй Надзеі Макеевай “Заечы палац”. Маладое пакаленне скульптараў узрушыла адмысловым увасабленнем шматслойных тэм. Аура пяшчоты, мацярынскай любові і журботнасці атачала бялюткія постаці жанчыны і міфалагічнай жывёліны з “Легенды пра адзінарога” Аляксандра Навасёлава са Шчучына. Яна падкрэслівала далікатнасць адносін паміж людзьмі і прыродай, якія можна разбурыць адным неразумным рухам. Наступствы парушэння такога балансу таленавіта паказаў мінчанін Васіль Цімашоў у дротавых перапляценнях “Адзіноты”.

Філасофскія развагі аб месцы чалавека ў імклівым сучасным свеце падала Сафія Пескун у афорце “Горад-клетка”. Яе лірычны герой выбіраецца за грані задушлівага гарадскога асяроддзя толькі “Блукаючы ў памяці”, калі думкі вяртаюць яго ў лагодны час, дзе адсутнічаюць бессэнсоўныя забегі навыперадкі. Дарэчы, шматлікія юнакі звяртаюцца да тэмы сноў і мрояў. У аўталітаграфіі мінчанкі Елізаветы Пастушэнка “Забавы” дзяўчынка катаецца вярхом на вялізазным слімаку; магіляўчанка Аксана Еўдакіменка разглядае алеевы “Зорны пыл” і стварае яблычную “Лёгкасць быцця”, “Цені, сны — зіма” пераліваюцца ў віцябчанкі Вікторыі Крупскай. Рэаліі не вельмі вабяць жывапісцаў, бо ў сучасных умовах нават “Анёл-ахоўнік” (Аляксандр Некрашэвіч) з бесцялеснай светлай здані ператвараецца ў лётчыка-бамбардзіроўшчыка.

На жаль, складана было ўсебакова асэнсаваць прадстаўленыя работы, паспрабаваць пракрасціся ў сутнасць скульптур і палоцен, бо развагі аб мастацтве стала парушаў кірмашовы разгул, што адбываўся на першым паверсе Палаца мастацтва.
 /i/content/pi/cult/149/1070/Bitva2.jpg

Папулярная музыка не лепшага гатунку, якая, верагодна, павінна была ствараць атмасферу весялосці, перамяжалася з гучнымі заклікамі набываць тавар. Зразумела, у наш час культуры прыходзіцца вучыцца зарабляць грошы. Без выканання бізнес-плана Палац не будзе мець магчымасці праводзіць выстаўкі тых, хто яшчэ не зарабіў сабе гучнае імя ў свеце. Аднак дакучлівае крахценне мікрафона, кірмашовыя ўсплёскі “радасці”, адсутнасць у некаторых канцах выставачнай залы годнага асвятлення карцін (напрыклад, складана было зразумець, дзе сканчаецца прыглушана-цёмнае палатно “Да цябе, Пілар” Віктара Лагоўскага, а дзе пачынаецца змрок памяшкання) псавалі агульнае ўражанне. Можа, пасля падобных падзей у скульптара з Бабруйска Яўгена Дабравольскага нарадзілася кампазіцыя “Дон Кіхот жывы”. Відаць, у XXI стагоддзі мастакі зноў прымушаны выступаць у ролі бескарыслівых ідальга. Толькі замест ветракоў яны дужаюцца з усемагутным бізнесам.


Настасся ПАНКРАТАВА