Карціны зменлівага свету

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Каля 80 твораў унікальнай выстаўкі са збору Дзяржаўнага Эрмітажа Расіі пад назвай “Эдо. Сталіца і эпоха. Японская гравюра ўкіё-э XVIII — XIX стагоддзяў” сёння прадстаўлена ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. А адкрывалі вернісаж генеральны дырэктар Эрмітажа Міхаіл Піятроўскі і міністр культуры нашай краіны Барыс Святлоў.

/i/content/pi/cult/499/10697/9-1.jpg

Для мяне гэтая экспазіцыя мае асаблівае значэнне. Па-першае, яна выпраменьвае незвычайную прыгажосць таго дзіўнага, не вельмі вядомага нам свету гарадскога жыцця Японіі мінулых стагоддзяў. Па-другое, цяпер больш разумееш, чаму такія бліскучыя мастакі, як Анры Тулуз Латрэк, Анры Маціс, Вінсэнт Ван Гог, П’ер Банар, Джэймс Уістлер, ды многія іншыя так захапляліся гэтым мастацтвам і шмат чаго запазычылі для сябе з яго эстэтыкі. Можна сказаць, што ўкіё-э ў нейкай ступені з’явілася асновай і еўрапейскага мадэрна пачатку ХХ стагоддзя ў жанрах дэкаратыўнага пано, плаката, сцэнічнай дэкарацыі, кніжнай ілюстрацыі, жывапісу. Сярод калекцыянераў японскай паліхромнай гравюры ўкіё-э былі вядомыя людзі: Эдгар Дэга, браты Жуль і Эдмон Ганкуры, Эміль Заля, Эдуар Манэ, Праспер Мерымэ… Упершыню я пабачыў гэтае мастацтва шмат гадоў таму ў тым жа Эрмітажы, а потым — у Музеі азіяцкага мастацтва ў Берліне. І — запомніў на ўсё жыццё. І вось новая сустрэча — ужо на беларускай зямлі…

Дык што ж такое гэтае дзіўнае для нашага слыху паняцце “ўкіё-э” (у перакладзе з японскай мовы — “карціны зменлівага свету”)? Гэта мастацтва ксілаграфіі перыяду Эдо (XVII — XIX стст.), г. зн., часу праўлення клана Такугава, калі адбывалася станаўленне японскага духу і нацыянальнай ідэі, залаты век культуры, паэзіі і выяўленчай творчасці, прытым што існавала моцная “жалезная заслона” ад астатняга свету і ў галіне прамысловасці ды гандлю, і ў галіне культуры і мастацтва. Дык вось, напрыканцы XVII стагоддзя, у перыяд зараджэння новай урбаністычнай культуры з цэнтрамі ў гарадах Кіёта і Асака, з’явіўся жанр гравюр укіё-э. Асноўныя тэмы — звычаі і штодзённасць японскага горада: прыгожыя дамы (гейшы і куртызанкі), акцёры тэатра кабукі, сцэны эратычнага характару і любавання прыродай, святочныя феерверкі ды ваенная хроніка, гістарычныя і батальныя сюжэты з адлюстраваннем храбрых самураяў, свет прывідаў і дэманаў, фантастычныя гратэскі…

Большасць такіх тэм ды сюжэтаў якраз і паказаны ў дадзенай экспазіцыі. Сярод аўтараў, работы якіх асабліва прыцягнулі маю ўвагу вобразна-пластычнай прыгажосцю і майстэрствам выканання, хачу назваць Кітагава Утамару, заснавальніка пейзажа ў гравюры Кацусіка Хакусая, Анда Хірасігэ, Утагава Куніёсі, Ісода Карусая, Утагава Кунісада, хаця, шчыра кажучы, цяжка асобна вылучыць кагосьці з прадстаўленых мастакоў. Практычна ўсе творы вызначаюцца нечаканасцю і вастрынёй кампазіцыйнага рашэння, выразнасцю ракурсаў, радаснымі фарбамі.

Вось як паэтычна казалі жыхары новай сталіцы — Эдо — і старой — Кіёта — пра ўкіё-э, свет зямной радасці і асалоды: “Трэба жыць дараваным табе імгненнем, радавацца, любавацца месяцам, квеценню вішні, восеньскай лістотай клёну, спяваць песні, піць віно і весяліцца, не клапаціцца пра галечу, якая задзірліва глядзіць нам у твар, бяздумна аддавацца патоку, падобна да гарбуза, якога бясстрасна нясе плынь ракі”.

Такая канцэпцыя мастацтва вельмі дакладна адпавядала геданістычнаму густу гарадскога насельніцтва, яго норавам, звычаям і модзе. Папулярнасць укіё-э была вялікая, бо гэтая гравюра на дрэве была шматтыражнай, даступнай па кошце (з адной драўлянай дошкі друкавалі каля 200 адбіткаў высокай якасці) і ўбірала ў сябе немудрагелістую філасофскую сузіральнасць і эмацыйную паўнату любавання тленным жыццём. Прычым друк выконваўся ўручную, што дазваляла ствараць жывапісны эфект паўтонаў. Дошкі афарбоўваліся ад рукі, іх лашчылі, задувалі залатым або сярэбраным парашком. Такім чынам атрымліваліся чароўныя пейзажы заморскай краіны — вадаспады, храмы, манастыры, сажалкі, масты, горы, — сцэны са спектакляў кабукі, спартыўных спаборніцтваў, вобразы самураяў, рамеснікаў, гандляроў, артыстаў, гістарычныя сцэны і сцэны кахання.

Вельмі ўдалая афіша выстаўкі — “Цукаса з чайнага дома Огія” Кэйсана Эйсэн з адлюстраваннем зграбнай жанчыны японскага горада — тыповы прыклад лепшых узораў цудоўнага мастацтва ўкіё-э.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"