Афіны ў Маладзечне?

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Адкрыццё сезона ў Мінскім абласным драматычным тэатры, што ў Маладзечне, атрымалася вельмі гучным і папраўдзе святочным. Творчы год пачаўся з прэм’еры і яе абмеркавання, прыезду крытыкаў, гасцей, розыгрышу запрашальнікаў...

/i/content/pi/cult/499/10695/8-4.jpg

Сцэна са спектакля "Афінскія вечары". / Фота Алеся ЗАМКОЎСКАГА

П’есу Пятра Гладзіліна “Афінскія вечары” абраў дырэктар тэатра Юрый Крывенькі (пры вакантнай пасадзе мастацкага кіраўніка ці галоўнага рэжысёра) — і не памыліўся. Ён жа запрасіў рабіць пастаноўку Валерыя Анісенку разам з яго віцебскай камандай, на рахунку якой не адзін спектакль у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. І — не памыліўся другі раз. А тое, як была прэзентавана прэм’ера, дазваляе сказаць: тэатр у Маладзечне пачынаецца не з праславутай “вешалкі”, а — з антуражу ў фае, не заўважыць які, пераступіўшы парог на ўваходзе, немагчыма. “Жывы” раяль адгукаецца творамі Ф.Шапэна (у тэатры даўно практыкуюць спалучэнне спектакляў з падабенствам музычнага салона ці гасцёўні, супрацоўнічаючы з Маладзечанскім музычным вучылішчам імя М.К. Агінскага). Побач — невялічкая выстаўка сцэнічных строяў з іншых пастановак (ну проста як у Вялікім тэатры!). На сценах, апроч традыцыйных фота артыстаў, — яшчэ адна выстаўка: палотны мастака Міколы Аўчыннікава.

Сцэнаграфія Валерыя Юркевіча — максімальна простая: так званы чорны кабінет, дзіўнаватая жырандоля і пяць амаль аднолькавых крэслаў шэра-бела-бэжавых адценняў (розніца паміж імі хіба ў колерах некаторых дэталей). Але кожны з прадметаў — шматаблічны, цягам спектакля пераўвасабляецца ў безліч іншых, выклікаючы мноства асацыяцый. Крэслы, на першы погляд нязручныя, няўтульныя, асацыююцца з часткай модульнай мэблі ў пярэднім пакоі — штосьці накшталт тумбачак з люстэркам, якія замянілі абіўкай са скуразаменніка. Крыху нахіліўшы, іх можна ператварыць у падабенства ці то сумак-чамаданаў на колцах, ці то калымажак, з якімі бабулі рухаюцца на летнік. А ўсталяваўшы адно крэсла ў цэнтры, яго можна ўявіць своеасаблівым тронам. Жырандоля — пухнатая, “жывая”, нагадвае нейкі добры прывід, які сочыць за героямі на сцэне, быццам гатовы ўмяшацца ў ход падзей. Яе так і хочацца прыціснуць да сябе, нібы мяккую цацку, прылашчыць. Калі верыць медыкам, прыблізна так выглядае эмбрыён на ранніх тэрмінах цяжарнасці. У фінале яна, быццам дзесьці ў мінулым жыцці была адной са знакамітых жырандоляў Барыса Герлавана, апусціцца долу. І — ператворыцца ў калыску для нованароджанай Наташынай дачкі з душой Ганны Растапчыной, бабулі Наташы.

Рэжысёр надзвычай дакладна ўхапіў танальнасць п’есы — на мяжы рэалізму і лёгкай, бы вэлюм, містыкі. А дадаўшы ў тэкст літаральна адно слоўца пра ХХІ стагоддзе, зрабіў яшчэ і тонкі налёт тэатра абсурду (бабуля ўзгадвае сваю “прасунутую” дарэвалюцыйную маладосць, потым — доўгія гады ў сталінскіх лагерах, а яе адзінай унучцы ледзь споўнілася васямнаццаць). Гэта дапамагае спектаклю не скаціцца да лірыка-камічнай, слязлівай у фінале меладрамы, куды “зацягнула” б іншых пастаноўшчыкаў. Пры ўсёй наўмыснай двухсэнсоўнасці некаторых рэплік, якія выклікаюць непадробны смех у зале, апошнія вывераны настолькі, што нідзе не пераходзяць межы добрага густу. У голасе некаторых артыстаў так і чуеш інтанацыі Валерыя Анісенкі, бачыш яго жэсты.

Сярод лепшых акцёрскіх работ — увесь жаночы склад спектакля. Найперш — Алена Рахмангулава, якая цудоўна ўвасабляе касмічна-рэальную бабулю, укладаючы ў яе сімвал “вечна жывой” інтэлігенцыі — равесніцы ХХ стагоддзя, якая была выхавана дваранскай культурай, сярэбраным векам і не зломлена сталінізмам. Ірына Камышава іграе не “дачку сваёй маці”, а чалавека іншага пакалення і часу — дастаткова звярнуць увагу, наколькі змяняюцца яе інтанацыі ў залежнасці ад сітуацыі. Для Аляксандры Грасевіч роля Наташы сталася вельмі ўдалым дэбютам — і ў галіне сола, і ў сферы ансамбля. Сцэна давернай размовы бабулі з унучкай, калі яны сядзяць, шчыльна прыціснуўшыся адна да адной, увогуле можа стаць метадычным дапаможнікам па партнёрскіх стасунках на сцэне. А колькі прыгожых дзяўчат-прыхільніц з’явілася пасля спектакля ў Паўла Святохі, які выходзіў у ролі Наташынага жаніха Антона! Артыст ледзь паспяваў пазіраваць, каб кожная паспела сфатаграфавацца са сваім... ужо амаль кумірам. Дый Сяргей Карзей, пры ўсіх складанасцях яго ўваходжання ў псіхалогію бацькі Наташы, пэўна, імкнуўся паказаць настолькі “закамплексаванага” правільнасцю ленінскіх запаветаў героя, што той баіцца выйсці са сваёй абалонкі, а таму не жыве, а ўсё толькі “найгравае” — зразумела, па-аматарску. Ігры артыстаў вельмі дапамагаюць і пластыка Дзіяны Юрчанка — свая ў кожнага з герояў, — і музычнае афармленне Аляксандра Крыштафовіча.

Удосталь насмяяўшыся, гледачы ўсіх узростаў сыходзяць, перажыўшы сапраўдны катарсіс. Моладзь — зразумеўшы неабходнасць сувязі пакаленняў, сталыя людзі — асэнсаваўшы смерць як пераход у іншае жыццёвае вымярэнне. Спектакль свядома скіраваны на шырокага гледача і пры гэтым застаецца з’явай мастацкай, а не забаўляльна-побытавай. А лепшай яго ацэнкай можа лічыцца падслуханая ў кулуарах жаночая размова. Маўляў, трэба будзе прывесці сюды сваіх гасцей: крыху застолля — і ў тэатр! Тут табе і добры настрой забяспечаны, і далучэнне да культуры, і паразуменне розных пакаленняў…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"