З гледачом усё ў парадку...

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Аляксандра БАЯРЫНА, архітэктурны антраполаг, сябра Беларускага саюза дызайнераў
Пасля двухгадовага падарожжа па гарадах Беларусі і за яе межамі праект “ART-Zabor” вярнуўся ў Мінск, у прастору Нацыянальнага мастацкага музея. Выстаўка прэзентуе работы дзесяці мастакоў, якія прадстаўляюць усе рэгіёны краіны. У рамках праекта праводзяцца лекцыі. На першае абмеркаванне трапіла я, таму маю шмат пытанняў і заўваг да куратараў праекта.

/i/content/pi/cult/499/10691/4-31.jpgГлядач. На сустрэчы было падкрэслена, што ў нас няма падрыхтаванага да сучаснага і актуальнага мастацтва гледача. Выкажу здагадку, што неабходны багаж ведаў для ўспрымання такога арту, відаць, ёсць толькі ў саміх куратараў. І, мабыць, у мастакоў: яны ж у курсе, бо ім даводзіцца слухаць куратараў, калі яны выстаўкі рыхтуюць. І ў мастацтвазнаўцаў. Калі ж уявіць менавіта гледача з такімі ведамі, дык ён адразу становіцца… канкурэнтам куратара. Вось я і думаю, што, мабыць, ва ўяўленні апошніх, у залу мусяць прыйсці, напрыклад, дзве з паловай тысячы куратараў. Тады выстаўка будзе зразумелая, патрэбная і ацэненая. А так... Калі куратары жадаюць бачыць такога развітога гледача і пры гэтым ведаюць, што куратараў у краіне — адзінкі, то для каго робяць выстаўкі? І навошта паведамляць пра мэты папулярызацыі мастацтва ў шырокіх масах? Таму, мяркую, дзіўна займацца праектам, які выходзіць за межы музея і крочыць да мінакоў на вуліцах з папярэдняй устаноўкай працаваць для прасунутага гледача…

Актуальнае мастацтва. Цікава, што ўкладаюць ў гэтыя словы куратары? Актуальнае ў Еўропе? У Лондане? Нью-Ёрку? А можа — ва ўсім свеце? Актуальнае для гледача? Здаецца, лагічна, што для гледача. Дык на свайго гледача і варта працаваць. На выстаўцы “ART-Zabor” у мяне склалася ўражанне, што для куратарскай групы было важна ператварыць свайго гледача ў іншага, замежнага. Наш глядач не дацягвае да еўрапейскага ўзроўню?..

Сучаснае мастацтва. Вызначэнне тэрміна “сучаснае мастацтва” аказалася размытым, быццам сучаснасць абагульняе ўсё, што ствараецца сёння. Але гэта не перашкаджала выкарыстоўваць выразы “гэта не сучасна”, “сучасныя крытэрыі” ды іншыя. “Сучаснасць у кожнага свая”, — кажуць куратары. Дык вы працуеце з паняццем лакальным? Цікава, якія крытэрыі могуць быць вылучаны з мноства розных суб’ектыўных сучаснасцей? Мяркую, мяне не адну дзівіць, калі людзі, якія займаюцца мастацтвам, не вельмі дакладна фармулююць, з чым працуюць, таму сэнсы галоўных, падмуркавых паняццяў у іх дэфармуюцца. Да таго ж, дыялогі і абмеркаванні ў такіх выпадках страчваюць сэнс, бо як можна прыйсці да новых вынікаў, калі нават сэнсы тэрмінаў, з якіх пачынаецца абмеркаванне, не вызначаны?..

Сучасны ці актуальны. Маё пытанне куратарам на абмеркаванні: ці ўважаюць яны мастакоў праекта за сучасных, альбо, усё ж такі, — за актуальных? Адказ: усе сучасныя, а крыху актуальны толькі Руслан Вашкевіч. Даруйце, а няўжо той жа Сяргей Гудзілін не актуальны? Якая прыкрасць для куратараў, што мы не ў сусветным трэндзе, ізноў спазняемся, не адпавядаем, не супадаем з навязаным вобразам замежнага гледача з зусім іншымі актуаліямі!.. Але перамога за гледачом, бо ён ігнаруе і будзе ігнараваць тое, што зроблена не для яго. І ўвогуле, нашто казаць, што перад намі — сучасныя мастакі, калі сучасныя ў нас усе, хто працуе сёння?..

Гонка за замежжам. Папулярны куратарскі выраз “уключэнне ў еўрапейскі кантэкст”... Але развіваць сваё і дацягваць да замежнага — прынцыпова розныя шляхі. У першым варыянце мэта — мець сваё, у другім — мець такое сваё, на якое дасць дабро нехта там за мяжой, а гэта шлях паўтору. Так, творца, які аглядаецца на сучаснікаў, заўсёды будзе другасным, а куратары ў гонцы за замежжам толькі сфарміруюць прастору другаснасці. Мы ж, упэўнена, вартыя большага.

Правакатыўнасць і канцэптуальнасць мастацтва. Без сумневу, правакатыўным стаў праект Сяргей Гудзіліна. Ды хацелася б звярнуць увагу на тое, што праект аднаго з найлепшых канцэптуалістаў Беларусі Руслана Вашкевіча “Нягледзячы ні на што” ўражвае гледача любога ўзроўню: ён падабаецца дзецям і дарослым, людзям неабазнаным і мастацтвазнаўцам. Ён зразумелы і цікавы. Амаль кожны першыя эмоцыі “О, крута!” можа ўдакладніць шэрагам каментарыяў, якія супадуць з аўтарскімі: мастацтва выйшла на вуліцу, у гэтыя месцы складана трапіць, асабліва з жывапісам такога памеру, было цяжка ўгаварыць на такія здымкі адміністрацыю ўстаноў, абраныя месцы ахопліваюць важныя моманты жыцця чалавека, частка працы знаходзіцца ўвесь час па-за межамі палатна… Даступнасць разумення цікавай ідэі робіць такое канцэптуальнае мастацтва папулярным. Чаканне новых праектаў робіць яго актуальным. І гэта той выпадак, калі самы просты глядач адпавядае мастацтву, з якім ён прыйшоў пазнаёміцца. Мастацтва пры гэтым — не прымітыўнае, а самае сапраўднае, сур’ёзнае, без зніжак. Зразумелы ды цікавы кожнаму і праект Сяргея Грыневіча. Пра тое лёгка распавесці сябру ды хочацца параіць схадзіць паглядзець усім знаёмым. Пасля гэткага кшталту праектаў ёсць патрэба даведацца пра іншыя работы мастакоў.

Схільная думаць, што з беларускім гледачом усё ў парадку. Мы гатовы ўспрымаць мастацтва канцэптуальнае і самае прасунутае, мы шукаем і чакаем такое мастацтва. Важна, каб яно было пра нас, пра наша жыццё і праблемы, а не выглядала вывучэннем замежных мэйнстрымаў ды актуалій з мэтай “нацягнуць” іх на нас ды зрабіць іхнія праблемы нашымі. Хацелася б, каб сустрэча беларусаў са сваім мастацтвам адбывалася дзякуючы, а не насуперак куратарам ці ў выглядзе выпадковага выніку выстаўкі.