Ад “А” да “Я” пра Дом рамёстваў

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

Першыя дамы рамёстваў з’явіліся, як вядома, на Віцебшчыне. У 1990-х ініцыятар гэтага руху, начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі слушна заўважыў, што звужэнне дзейнасці культасветнікаў толькі да клубнай работы — прафанацыя справы. Маўляў, галоўныя носьбіты нашай культуры — бібліятэка, школа мастацтваў і дом рамёстваў. Натуральна, час пацвердзіў гэтую выснову. Дамы рамёстваў, якія адчыніліся ў кожным раёне рэспублікі, сталі не толькі цэнтрамі адраджэння і развіцця беларускага традыцыйнага мастацтва: яны абудзілі думку ды ініцыятыву людзей, спрычынілі іх да радасці творчай самарэалізацыі, аб’ядналі ў памкненні да яркага стваральнага жыцця... Чашніцкі раённы дом рамёстваў распачаў дзейнасць у 1995-ым. Праз год клуб творцаў “Майстар”, які арганічна ўвайшоў у структуру ўстановы новага тыпу, займеў званне “народны”. А сам Дом рамёстваў па выніках рэспубліканскага спаборніцтва 2000 года быў абвешчаны лепшым у Беларусі. На сёння ён актыўна супрацоўнічае з мясцовымі агульнаадукацыйнай школай, школай мастацтваў і гісторыка-краязнаўчым музеем, мае філіял у Новалукомлі. Дырэктар, метадыст і шэсць кіраўнікоў гурткоў аб’ядналі вакол сябе творчае дзеяздольнае ядро — сотню гурткоўцаў-аматараў беларускай культуры: 12 дарослых і больш за 80 школьнікаў з усяго раёна. А “Майстар” згуртаваў больш як 30 народных мастакоў і рамеснікаў, творы якіх з задавальненнем набываюць і госці з замежжа. Колькасць “жыхароў” Дома рамёстваў штогод няўхільна прырастае.

Усё пачынаецца з любові Пасада ў Грышы адмысловая — “малодшы супрацоўнік Дома рамёстваў з выкананнем абавязкаў загадчыка гаспадаркі”. Працуе на энтузіязме. Замест службовага акладу — штодзённы сподак малака. Грыша — мацёры пульхны кот — такім становішчам цалкам задаволены. А да ўсіх здабыткаў Дома рамёстваў са з’яўленнем хвастатага “спецыяліста” дадаўся яшчэ адзін— у памяшканнях мышамі нат і не пахне. Але Грышу любяць не толькі за гэта. Ён, як і саламяны анёльчык ля ўваходных дзвярэй,— сімвал дабрыні, любові ды хатняй утульнасці. З гэтых пачуццяў, па словах першага дырэктара РДР Валянціны
 /i/content/pi/cult/149/1069/Chashniki4.jpg

 Майстрыха Ала Антонаўна Акуневіч з улюбёнцам Грышам на фоне ўласнага твора “Вясна”.

Атрашкевіч, усё і пачалося. З’ездзіла яна па досвед у Лепель ды Докшыцы, пабачыла, як таленавітыя майстры, сабраныя аддзеламі культуры ў творчыя калектывы, гуртавалі вакол сябе сям’ю аднадумцаў. Так разумны бацька вучыць дзяцей рабіць рукамі і душой тое, што спрадвек рабілі дзяды і прадзеды, каб упрыгожыць жыццё адмысловым рыштункам...

Валянціна Барысаўна, бібліятэкар па адукацыі, скончыла курсы кіраўнікоў РДР пры Віцебскім абласным навукова-метадычным цэнтры, маючы досвед традыцыйнага для Чашнікаў саломкапляцення, удасканальвала майстэрства фларыстыкі, выцінанкі, керамікі. Па прыкладзе калег з іншых раёнаў вызначыла асноўныя кірункі работы новай установы: адраджэнне рамёстваў, аб’яднанне майстроў, папулярызацыя і развіццё традыцый з прыцягненнем самага шырокага кола насельніцтва. Натуральна, адраджэнне традыцый немагчымае без навуковай, экспедыцыйнай работы. З гэтага і распачалі.

Была складзена этнаграфічная карта раёна. З’явіліся першыя запісы ў “Кнізе старадаўніх традыцый”. Ручнікі, традыцыйныя строі з вёсак Застарынне, Дварэц, Чарэя апісваліся, фатаграфаваліся, увасабляліся ў прафесійныя схемы сучасных рэканструкцый. Дапамагалі не толькі метадысты з Віцебска. Уклад у фарміраванне мастацка-інфармацыйнага банка ўнеслі і няўрымслівыя шкаляры раёна, і самі майстры.

Сённяшняга кіраўніка гуртка вышыўкі Аксану Карабліну ткацтву вучыла сталая ды знаная майстрыха Матрона Сафонава з вёскі Шалкоўшчына. Узорам для разьбяроў па дрэве сталі непераўзыдзеныя работы Ганны Асіпковай з Млына (68 скульптур 70-гадовай вясковай майстрыхі ўпрыгожваюць сёння раймузей).

Лазовыя кошыкі Віктара Духовіча, драўляныя прылады працы Вячаслава Хаткевіча з Сяльца таксама занесены ў мастацкую скарбонку Дома рамёстваў... Паступова была ўзноўлена традыцыя вырабаў мясцовых паясоў — па кавалачку, па фрагменціку, па вязанай акраўцы. З’явілася і “Кніга этнаграфічнай вышыўкі і ткацтва”, з абавязковай пазнакай: дзе, калі і як выканана работа. Ашчадна збіраюцца, класіфікуюцца і аналізуюцца не толькі шматлікія матэрыяльныя праявы тутэйшага мастацтва, але і напаўзабытыя тэхналогіі ды арыгінальныя прыёмы самых розных рамёстваў — кшталту нарэзкі шкла ў вадзе ці вязання звычайнай іголкай...

Напрыканцы мінулага года ў Доме рамёстваў з’явіўся камп’ютэр, у аддзеле культуры — відэакамера. Навуковы банк даных РДР неўзабаве набудзе “лічбавую” мультымедыйную форму з гарантыяй вечнага захавання і выкарыстання.

Больш за сотню гадаванцаў гурткоў ткацтва, вышыўкі, саломкапляцення, глінянай цацкі, саламянай аплікацыі і габеленапляцення займаюцца не толькі рэканструкцыяй твораў землякоў-папярэднікаў. Яны ідуць далей, прыдумваюць сваё, удасканальваюць мясцовыя рамесніцкія традыцыі, а ўласныя творы ўзводзяць у ранг высокага нацыянальнага мастацтва. Да прыкладу, Валерый Варчэня, за плячыма якога Віцебскі мастграф (з сямі кіраўнікоў гурткоў Дома рамёстваў пяць маюць вышэйшую адукацыю), вучыць мясцовых мальцаў разумець прыгажосць. Ажурныя неразборныя драўляныя яйкі з унутранымі скульптурнымі кампазіцыямі выклікаюць шок у навукоўцаў. Нідзе на Беларусі такога не робяць. Так што, не толькі творчасці вучаць у РДР, але і самарэалізацыі на грунце сваёй традыцыйнай культуры.

 /i/content/pi/cult/149/1069/Chashniki1.jpg
Начальнік аддзела культуры Чашніцкага райвыканкама Наталля Непляховіч з сынам Сяргеем.
Методыка ўзаемадзеяння

Начальнік аддзела культуры Чашніцкага райвыканкама Наталля Непляховіч у прафесіі больш за 30 гадоў. Скончыла Віцебскае культасветвучылішча, Універсітэт культуры па спецыяльнасці “методыка і арганізацыя клубнай работы”. Дык вось, Наталля Аркадзьеўна з веданнем справы сцвярджае, што Раённы дом рамёстваў— не толькі творчая навукова-адукацыйная ўстанова, але і важнае метадычнае звяноў развіцці раённай культуры. Справа не толькі ў тым, што пры мінімуме ўкладанняў РДР зарабляе штогод стабільныя грошы: летась ад рэалізацыі ўласнай прадукцыі мясцовыя майстры займелі больш за мільён рублёў. Сродкі хоць і невялікія, але свае. За лічаныя капейкі набылі ў Оршы льняныя ніткі і кавалкі тканіны. Саломку, гліну і драўніну бясплатна “прадаставілі” чашніцкія палі і лясы. Справа ў іншым. У любым мерапрыемстве раённага культурнага жыцця РДР бярэ абавязковы ўдзел. Ды яшчэ рэгулярныя выстаўкі ў самых аддаленых вёсках. Ды плюс абавязковыя выстаўкі-продажы ў межах “Горада майстроў” на “Славянскім базары ў Віцебску”. За мінулы год разам з ДК, гістарычным музеем, школай мастацтваў і клубам “Майстар” Домам рамёстваў праведзена амаль 40 разнапланавых мерапрыемстваў: ад народных каляндарных святаў да пленэраў памяці І.Хруцкага.

Але найбольш ярка такая методыка ўзаемадзеяння творчых структур раёна праяўляецца ў час раённага свята “Чашніцкая скарбонка”. У вёсцы Сялец на маляўнічых берагах рэчкі Улы збіраюцца раз на год не толькі народныя майстры і іх вучні, але і самыя лепшыя самадзейныя калектывы раёна, народны клуб аматараў беларускай кухні “Смак” з вёскі Проземля. “Чашніцкая скарбонка”— тварэнне Наталлі Непляховіч, якая ў суседнім Іванску пачынала кар’еру ў якасці дырэктара СДК, разам з Мікалаем Пашынскім (на той час кіраўніком абласнога навукова-метадычнага цэнтра) ладзіла першыя буйныя раённыя мерапрыемствы. У вёсцы пры непасрэдным удзеле мясцовага старшыні сельсавета Міхаіла Гацуры быў створаны Дом фальклору — своеасаблівая творчая лабараторыя РДР. Тут сабрана калекцыя мясцовых старадаўніх прылад працы, збіраюцца рамеснікі і выступае народны гурт “Прасніца”, у якім Гацура спявае разам з жонкай Валянцінай. Узаемадзеянне не толькі творчых суполак, але і мясцовых улад, ад сельсаветаўскіх да раённых,— таксама методыка развіцця культуры Чашніччыны.

 /i/content/pi/cult/149/1069/Chashniki2.jpg

 Аклады для ікон робіць саломкапляцельшчыца
Зінаіда Сяргееўна Елісеева — лаўрэат прэміі
“За
духоўнае адраджэнне” за 2002 год.

Дарэчы, начальнік аддзела культуры яшчэ і намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў. І асветнік, і гаспадарнік. Таму не дзіва, што мінулым летам у Іванску і Сяльцы прайшоў абласны семінар сакратароў сельсаветаў, дзе гаворка ішла не толькі пра паляпшэнне вясковага дабрабыту, але і пра развіццё мясцовых мастацкіх промыслаў. Гэтая ж тэма была ўзнята і ў верасні— на раённай сесіі Савета дэпутатаў, прысвечанай адраджэнню народных традыцый. Ці варта казаць, што ў справаздачы Наталлі Непляховіч значнае месца займаў аналіз работы РДР, а сам Дом рамёстваў ладзіў у той жа дзень у Сяльцы і ГДК чарговую выстаўку-продаж мастацкіх твораў.

І яшчэ адна рыса дзейнасці РДРу вясковым антуражы Сяльца. Мінулым летам, такім багатым на падзеі, народныя майстры, іх выхаванцы і аддзел культуры ладзілі Свята калодзежа (сцэнарый у вобласці прызнаны ўзорным і вартым паўсюднага пераймання). Усе канцэртныя, выставачныя і кулінарныя праграмы канцэнтраваліся вакол адкрыцця добраўпарадкаванай студні. Перадача звычайнага бляшанага вядра адказнаму за стан калодзежа вяскоўцу стала добрай нагодай для чарговага ўшанавання мясцовых традыцый, сімвал якіх — залаты саламяны анёльчык-ахоўнік...

У тым, што старшыня Чашніцкага райвыканкама Анфім Міхалевіч з райбюджэту выдаткаваў летась на развіццё культуры 3,3 мільярда рублёў, ёсць неаспрэчная заслуга і Раённага дома рамёстваў.

Эвалюцыя творчасці

Сённяшні дырэктар РДР Ларыса Варчэня (жонка таленавітага разьбяра і ганчара Валерыя) таксама закончыла знакаміты Віцебскі мастграф. Прафесійна займаецца саломкапляценнем і батыкам. І гэта таксама сённяшняя ява культасветнікаў раёна — 90 іх працэнтаў маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Не здала пазіцый і дырэктарка Дома рамёстваў Валянціна Атрашкевіч.

 /i/content/pi/cult/149/1069/Chashniki6.jpg
Кіраўнік народнага клуба “Майстар”, метадыст РДР Валянціна Атрашкевіч.
Яна — метадыст РДР, кіраўнік народнага клуба “Майстар”. Гэта яна адказвае за еднасць народных майстроў і з іх дапамогай вядзе летапіс этнаграфічных адметнасцей раёна, папулярызацыя якіх і становіцца асновай гадавых планаў работы РДР. На апошнім пасяджэнні “Майстра” вырашана падвоіць у хуткім часе колькасць сяброў народнага клуба.

Справа ў тым, што Дом рамёстваў апошні месяц працуе ў будынку колішняга гарадскога дзіцячага садка. Памяшканні тут дагледжаныя, утульныя, але ўжо цеснаватыя і для гурткоўцаў, і для майстроў. Кіраўніцтва раёна, улічваючы выніковасць дзейнасці РДР, эвалюцыю развіцця народнай творчасці і яго выключную ролю ў самарэалізацыі і выхаванні жыхароў Чашніччыны, вырашыла перавесці Дом рамёстваў у пустуючы канторскі будынак адной з ПМК Чашнікаў. Чамаданны настрой не толькі ў народных майстроў, але і ў супрацоўнікаў аддзела культуры, райбібліятэкі, метадцэнтра. У сакавіку — пярэбары. Трохпавярховы будынак, дзе за сродкі райбюджэту заканчваецца рамонт, стане сапраўдным штабам раённай культасветработы. Толькі адной маладзечанскай мэблі закуплена для гэтага на 11 мільёнаў рублёў. За ўласныя грошы летась для ўстаноў культуры раёна, у тым ліку і для РДР, на 300 мільёнаў рублёў набыта абсталяванне.

Новыя плошчы — новыя магчымасці. Колькасць майстроў у аднайменным народным клубе павялічыцца як мінімум да 70. У РДР з’явіцца тэатр “Батлейка”. Узрасце, натуральна, і сям’я гурткоўцаў, і школьнікаў, і людзей сярэдняга веку. Дарэчы, для падлеткаў навучанне ў Доме рамёстваў бясплатнае, для дарослых — за сімвалічную штомесячную плату ў тры тысячы рублёў.

Яшчэ адзін штрышок да эвалюцыі работы РДР. Гаворка не толькі пра камп’ютэрызацыю
 /i/content/pi/cult/149/1069/Chashniki8.jpg

У сакавіку тут размесціцца Дом рамёстваў.

этнаграфічных даследаванняў. Справа ў тым, што аддзел культуры днямі набыў за раённы кошт аўтаклуб з мультымедыйным абсталяваннем. Значыць, новыя магчымасці для больш мабільнай выставачнай дзейнасці з’явяцца і ў Раённага дома рамёстваў. Творчыя вандроўкі па раёне мясцовыя майстры збіраюцца аб’ядноўваць з этнаграфічнымі пошукавымі экспедыцыямі. Таму абавязкова будуць папаўняцца і калекцыя Дома фальклору ў Сяльцы, і рамесніцкая скарбонка РДР.

А кіраўніком аўтаклуба стане сын начальніка аддзела культуры Сяргей, які завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на аддзяленні “народная творчасць”. Другі сын Андрэй таксама пайшоў па матчыных слядах: працуе аператарам па абслугоўванні камп’ютэрнай тэхнікі раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. Спраў хапае, бо значная частка бібліятэчных устаноў у раёне — камп’ютэрызаваны...

Сярод перспектыўных планаў на бліжэйшую будучыню — і стварэнне ў новым РДР галерэі-салона па рэалізацыі вырабаў народных майстроў не толькі ў час выездаў на знакавыя рэспубліканскія і абласныя мерапрыемствы, але і стацыянарна. Плошчы, па словах Наталлі Непляховіч, дазволяць разгарнуцца на поўную моц. Тым больш, што Чашнікі— мястэчка адмысловае і надта прывабнае для аўтатурыстаў і адметнай забудовай купецкага Старога горада, і сучасным добраўпарадкаваннем Новага, і цікавымі экспазіцыямі гістарычнага музея, аздобленага работамі мясцовых майстроў, якія заўжды гатовы вучыцца, вучыць і здзіўляць сваімі творамі. Так што, дынамічная эвалюцыя мясцовай культуры — такая ж натуральная і непазбежная, як рост бюджэтных матэрыяльных укладанняў у развіццё ўстаноў культуры раёна.

Такім чынам, праблема ў супрацоўнікаў РДР сёння адзіная: ці спадабаюцца новыя шыкоўныя пакоі агульнаму ўлюбёнцу Грышу.

 /i/content/pi/cult/149/1069/Chashniki3.jpg
Ядро новалукомльскага філіяла РДР: кіраўніца гурткасаломкапляцення Тэрэза Худзякова (у цэнтры), муж і жонка Людміла і Эдуард Лапаціны, маладая змена народных майстроў.
Сям’я прырастае талентамі

І на заканчэнне — пра агульны партрэт культасветнікаў раёна. Жывуць і працуюць яны адзінай сям’ёй не толькі ў пераносным, але і ў літаральным сэнсе. Культура Чашніччыны спрадвек славілася дынастыямі. Маю на ўвазе Наталлю Непляховіч з яе маладымі няўрымслівымі сынамі, Міхаіла ды Валянціну Гацураў з Сяльца, Ларысу і Валерыя Варчэняў з Раённага дома рамёстваў.

Усё натуральна: мастацтва, як любоў і каханне, аб’ядноўвае аднадумцаў і ў творчыя суполкі, і ў сем’і. І колішнія выхаванцы прыходзяць на змену сваім педагогам і бацькам. Дарэчы, пра сямейныя дынастыі мясцовага Дома рамёстваў гаворку працягваць можна яшчэ доўга. Жывапісныя работы Валерыя Карабліна ўпрыгожваюць інтэр’еры музея і РДР, а жонка яго Аксана кіруе гуртком ткацтва. Новалукомльскія сужэнцы Людміла і Эдуард Лапаціны, што з’ядналіся вакол саломкапляцельшчыцы Тэрэзы Худзяковай, — ядро новалукомльскага філіяла РДР. Не толькі твораць цуды з саломкі, але і спяваюць у хоры ветэранаў, лёгкія на ўздым і ініцыятыву ў любой творчай справе. Таму і моладзі вакол гэтых шчаслівых людзей заўжды шмат...

А выснова ўсяму адзіная — рэзервы ў Раённага дома рамёстваў, як і выхаваўчы патэнцыял, невычэрпныя. На іх рэалізацыю і скіравана сёлетняя праграма дзейнасці РДР.

Андрэй СТАРЖЫНСКІ,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Чашнікі — Сялец — Мінск

Фота аўтара