Падарунак падарункам…

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

А юрыдычная пісьменнасць ніколі не пашкодзіць
Мастацтва — гэта ў нейкім сэнсе раскоша. Дом спачатку мусіць мець трывалы падмурак, надзейныя сцены і дах, а ўжо потым, калі застануцца грошы ад будаўніцтва, дойдзе справа і да карункавых фіранак на вокнах. Спачатку, зразумела, дбаем пра тое, каб лядоўню запоўніць, а ўжо пасля — які “магніцік” прычапіць на яе дзверы. У гэтым сэнсе і прыватная асоба, і прадпрыемства ці ўстанова, дый, бадай, дзяржава ўвогуле, вымушана кіруюцца ў культурнай галіне аднолькавай логікай “рэшткавага фінансавання”. І падобна да таго, як чалавеку прыемна ў якасці падарунка атрымаць каштоўную рэч, пра якую марыў, ды грошай бракавала, так і суб’екты гаспадарання ды ўстановы кіравання пры распрацоўцы і рэалізацыі культурных праектаў з задавальненнем прымаюць грашовую ці арганізацыйную дапамогу прыватных асоб. Ініцыятыва грамадзян у такіх выпадках ухваляецца.

Праўда, іншым разам дабрадзей праз сваю даверлівасць рызыкуе трапіць у непрыемныя варункі, калі шляхетны ўчынак абернецца для яго немалымі праблемамі, калі за свае ж грошы яшчэ сабе і клопат непатрэбны прыдбаеш. Пра такі выпадак “К” сёлета паведамляла. Нагадаю сюжэт. Вядомы мінскі калекцыянер дамовіўся з кіраўніцтвам аднаго з вядомых нашых музеяў сабраць для ягоных фондаў тэматычную калекцыю гістарычных артэфактаў. Калекцыянер як чалавек дасведчаны ў справах рынку антыкварыяту мусіў адсачыць па каталогах аўкцыёнаў ды іншых інфармацыйных крыніцах патрэбныя музею рэчы і набыць іх за свае грошы. Музей жа абяцаў калекцыянеру кампенсаваць ягоныя матэрыяльныя страты. Але калі надышоў час кіраўніцтву музея выконваць сваю частку дамовы, высветлілася, што грошай на гэта няма і, відавочна, не будзе. Цяпер калекцыянер не ведае, што яму з гэтым скарбам рабіць, бо адмысловая, па замове сабраная калекцыя не стасуецца з тэматыкай, якой ён сам цікавіцца і якую набывае для ўласнага збору. Атрымліваецца, што трэба было не верыць на слова, бо словы да справы не падшыеш, а скласці дамову на паперы — з подпісамі і пячаткамі.

З праблемай такога ж кшталту сутыкнуўся і брэсцкі мастак Сяргей Казак. Чатыры гады таму ён дамовіўся з тагачасным кіраўніком адной з аграфірм Бярозаўскага раёна Брэстычыны пра арганізацыю пастаяннай выстаўкі сваіх работ у адным з памяшканняў адміністрацыйнага будынка гаспадаркі. У экспазіцыю творца даў 105 карцін. Для невялікага паселішча стварэнне мастацкай галерэі, што называецца, проста на рабочым месцы стала значнай культурнай падзеяй, ужо не кажучы пра эстэтызацыю рабочай прасторы ды псіхалагічны камфорт супрацоўнікаў ды наведвальнікаў офіса аграфірмы. Выстаўку наведала мноства людзей, і, мяркуючы па кнізе водгукаў, шмат у каго яна выклікала пазітыўныя эмоцыі. Кіраўнік гаспадаркі, які ініцыяваў стварэнне галерэі і з якім мастак непасрэдна дамаўляўся, паўтара года таму пайшоў на пенсію, але выстаўка некаторы час дзейнічала і пры новым кіраўніку. А потым Сяргею Казаку паведамілі, што экспазіцыя дэмантавана.

Высветлілася, што шэраг работ трапіў на сцены кабінетаў спецыялістаў гаспадаркі, а рэшту знеслі ў падвал, зусім не падобны на музейныя сховы: вільготнасць зашкальвала, а некаторыя творы, са слоў Казака, стаялі проста ў вадзе… І гэта яшчэ не самае горшае. 23 работы ўвогуле зніклі, і ніхто не можа адказаць, куды. Новы кіраўнік аграфірмы на прад’яўленыя яму прэтэнзіі адказаў, што пільнаваць безгаспадарны жывапіс не ягоная справа. І, як ні крыўдна гэта чуць мастаку, у юрыдычным сэнсе ягоны апанент мае рацыю. Бо хоць на пачатку культурнай акцыі была складзена афіцыйная папера, якая абавязвала кіраўніцтва клапаціцца аб захаванасці карцін, на момант канфлікту тэрмін яе дзеяння скончыўся, і статус работ стаў няпэўным. У сэнсе законнасці ўсё нібыта чыста, хоць і відавочна, што паступілі з Сяргеем Казаком не тое каб сумленна.

Мастак падаў заяву ў міліцыю. Але, мабыць, ён і сам разумее, што гэты жэст — чыста рытуальны. Яму ўсе спачуваюць, але дадаюць: “Сам вінаваты”. Такая вось ілюстрацыя да выказанай вышэй думкі пра тое, што быць дабрадзеем бывае сабе не на карысць.

Мяркую, гэты не асабліва прывабны ўчынак кіраўніцтва аграфірмы мае вытокі ў завядзёнцы яшчэ савецкай пары, дагэтуль укаранёнай у свядомасці некаторых адказных асоб. Было такое, што да мастацкай аздобы адміністрацыйных інтэр’ераў ставіліся, як да мэблі, якую лёгка можна спісаць, калі яна адслужыла свой тэрмін. Мастакі так з сумам і казалі, што мастацкія роспісы, карціны на сценах, аўтарскі дэкор жывуць “да першага рамонту”. А потым канцоў не знойдзеш, куды ўсё знікае…

А калі знікае твор мастацтва, аўтар якога — вядомая асоба, дык гэты інцыдэнт можа мець сякі-такі розгалас у культурным асяродку. Але я не памятаю выпадку, каб вінаватага ў неахайным стаўленні да твора мастацтва і нават у ягонай страце прыцягвалі да адказнасці. Вось вам свежы прыклад. У часе пераробкі будынка кінатэатра “Вільнюс” у спартыўную залу не стала роспісу аўтарства Зоі Літвінавай і Святланы Катковай, што ўпрыгожваў фае. Роспіс быў зроблены ў даволі рэдкай для Беларусі тэхніцы энкаўстыкі. Калі будынак перастаў функцыянаваць як кінатэатр, ён стаяў без ацяплення, па ім гуляў вецер — роспіс пачаў адслойвацца ад сцяны. Новыя гаспадары не парупіліся пра тое, каб спыніць гэты працэс. У выніку — роспісу няма. Зоі Літвінавай і Святлане Катковай, праўда, прапанавалі зрабіць яго наноў, але сёння для гэтых мастачак досыць праблемна паўтарыць творчыя подзвігі маладосці. Лічы, развітаўся Мінск з адной са сваіх мастацкіх адметнасцей…

Уладзімір Тоўсцік распавядаў, што шэраг ягоных карцін, зробленых спецыяльна для інтэр’ераў адноўленых будынкаў гістарычнага цэнтра сталіцы — Ратушы і Канцэртнай залы “Верхні горад”, — увесь час перасоўваюць з месца на месца, нібыта зменную экспазіцыю ў нейкай галерэі. Хоць тэма, змест, колеравая гама і фармат палотнаў абумоўлены архітэктурнай сітуацыяй, а месца ім вызначана і зацверджана архітэктурным планам. Гэта аўтарская экспазіцыя, якую без ведама аўтара нельга чапаць. Аднак дадзеная акалічнасць, здаецца, нікога не хвалюе. Калі такое робіцца ў будынках агульнагарадскога, нават — агульнадзяржаўнага статуса, дык што казаць пра рэгіёны, пра глыбінку?..

Як бачым, заганная з’ява мае і традыцыю, і тэндэнцыю. Але варта засяродзіцца на адной акалічнасці сітуацыі. Справа ў тым, што аздоба адміністрацыйных будынкаў ажыццяўляецца на дзяржаўныя грошы і лічыцца на балансе той або іншай установы. А 23 карціны, што зніклі з офіса аграфірмы, з’яўляюцца прыватнай уласнасцю аўтара. Але, відаць, спрацаваў стэрэатып, паводле якога ў вачах адміністратараў каштоўнасць твора мастацтва ў офісе не большая за ролю мэблі ды абсталявання, якое рана ці позна падлягае спісанню…

Я прыблізна ўяўляю, чым гісторыя скончыцца. Хацелася б памыліцца, але мяркую, што пра страчаныя работы аўтару лепш забыць і, як кажуць, не рваць з гэтай прычыны душы. А каб такога не здаралася ў будучым, лепш падстрахавацца з юрыдычнага боку. Дый увогуле, давайце будзем юрыдычна пісьменнымі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"