Хачу адгукнуцца на публікацыю...

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Уладзімір ГОЛУБЕЎ, пенсіянер:
— Як шматгадовы чытач газеты хачу адгукнуцца на публікацыю Ігара Вугліка “Мінск “зробяць” святы?” (“К” № 37 за 2014 год), хаця выданне друкуе яшчэ шмат чаго цікавага. Сапраўды, рост Мінска, так званыя спальныя раёны не заўжды станоўча ўплываюць на культурна-побытавую атмасферу гарадскога жыцця. Зразумела, улады сталіцы, асабліва ў апошнія гады, нешта робяць для таго, каб Мінск захаваў сваё аблічча, уласны стыль жыцця. Шкада толькі тое, што ўсё гэта робіцца неяк марудна... Тыя ж гарадскія святы — збольшага не самыя цікавыя, бо — аднастайныя… Паўтаруся: Мінск павінен усё ж такі абраць свой стыль жыцця, захаваць сваю асаблівую духоўнасць, ветлівасць ды чуласць людзей адно да аднаго. Такія традыцыі неабходна захоўваць і працягваць, бо, у адваротным выпадку, горад становіцца, даруйце, “прахадным дваром”…

Некалі ж Мінск быў маленькім горадам са сваім побытам, іншай культурай, людзі былі больш адкрытыя, чулыя, шчырыя, дружныя, чым сёння… Вось такой дабрыні гораду і не хапае: шмат чаго наогул штучнага, механічнага, дый дзе той дабрыні быць, калі няма культуры менавіта на побытавым узроўні. А горад дзеля імгненнай кан’юнктурнай выгады губляе свае цікавыя месцы і пабудовы! Пра гэта ўжо неаднаразова пісалася.

У свой час (1950 — 1960 гады) я вучыўся ў школе № 2 па вуліцы Энгельса. Там было яшчэ шмат пабудоў, якія маглі захаваць, але ж — загубілі. Сёння тая самая вуліца, калі глядзець на яе з суседняй Ульянаўскай, выглядае нібы абвешаная моднымі цацкамі. А што з ёй станецца далей, якім будзе развіццё гэтага кутка сталіцы?.. Асабіста для мяне пытанне вельмі балючае.

Хочацца спадзявацца, што Мінск увойдзе ў кірунак свайго стылю на маім веку. Але ўсё гэта ў руках саміх жыхароў сталіцы…

Аўтар гэтага водгуку — карэнны мінчанін. Так склалася, што мае дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі сярод беларускіх пісьменнікаў, мастакоў. Маім духоўным настаўнікам быў паэт Пятро Глебка. Дзякуючы дзядзьку В.П. Калеснікаву, мне давялося пабываць у Маскве ў гасцях у слыннага паэта У.Дубоўкі. А ў 1930-я дзядзька сябраваў з П.Глебкам, З.Бядулем, М.Лужаніным, Я.Скрыганам, А.Пальчэўскім, П.Броўкам, М. Лыньковым, К.Чорным ды іншымі. Усе яны бывалі час ад часу ў гасцях у Якуба Коласа. А мне, чым і ганаруся, давялося аднойчы адчуць цёплы поціск рукі Песняра…

Сам я заўзяты аматар беларускай літаратуры. І ўсё сваё жыццё дбаю толькі аб адным: каб сярод людзей была хоць нейкая культура, у добрым сэнсе слова. Інакш — проста прападзём, страцім сваё аблічча, аблічча роднай Беларусі!..

Чытайце саму публікацыю Ігара Вугліка тут, водгук на яе Людмілы Крушынскай — тут.