Культурны фастфуд ды... Талстаеўскі

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Вера САВІНА, кінасцэнарыст, журналіст:
— У мяне на кухні ўвесь час гудзе тэлевізар. Не гляджу, не слухаю — хутчэй, стаўлюся, як да інтэршумоў. Часам раптам рэагую і “ўключаюся” на нейкую музыку, тэксты і нават асобныя словы. Але тое, што я пачула нядаўна, спачатку падалося мне галюцынацыяй, — ды не: гэта была рэальнасць…

/i/content/pi/cult/499/10684/3-3.jpgНа нейкім з цэнтральных расійскіх каналаў з мільённай аўдыторыяй — невыразны канцэрт невыразнай музыкі... І раптам (я на гэтым моманце і “ўключылася”) — спяваюць (!) “Прыгажосць выратуе свет”. А далей: “Леў Талстой (!!!), відаць, не пра тую прыгажосць напісаў, а пра тваю — ільдзінка, сняжынка, слязінка...” І далей — падобнае (выбачайце, не магу паўтарыць у рыфму). Ну як?

Але засумавала я не ад таго, што артысты эстрады “пераблыталі” Дастаеўскага з Талстым (гэткі Талстаеўскі), і не ад таго, што гэтага не заўважылі рэдактары і прапусцілі ў эфір, а ад таго, што і словы Дастаеўскага аб выратаванні прыгажосцю сталі фастфудам ды страцілі свой першапачатковы змест ад бессэнсоўнага тыражавання, ад таго, хто, дзе і калі іх прамаўляе. А прамаўляюць іх усё ж такі людзі культуры, адукаваныя, якія імкнуцца да разумення свету і да яго ўдасканалення. Але, сказаныя дарэмна, гэтыя словы страчваюць свой высокі сэнс і становяцца пустымі, чымсьці накшталт лозунгу “Эканоміка павінна быць эканомнай”, што, памятаю, некалі зачараваў мяне.

Успомнілася, як знаёмая настаўніца літаратуры неяк стомлена сказала: “Заўтра даю дзецям “Майстра і Маргарыту”. Смела, аднак. І, на жаль, называецца гэта — “мільён мяняюць па рублю”. А вось фастфудныя серыялы ды праграмы не лаяў толькі лянівы! Я ж выдатна разумею стваральнікаў такой прадукцыі пад цынічным дэвізам “піпл хавае”. У аўтараў — свая мэта, якую яны паспяхова дасягаюць, і нават камерцыйны поспех.

“Піпл” жа, дарэчы, — гэта мы з вамі. Але ў нас ёсць выбар: “хаваць” або не. І наогул, ёсць выбар, як паступаць са сваім жыццём і са сваёй несмяротнай душой. Можа, так: “Здабудзь свет у душы сваёй, і каля цябе выратуюцца многія”, — як у Серафіма Сароўскага?

І ўсё ж, на мой погляд, не ўсё бессэнсоўна, безнадзейна ды бесперспектыўна. Знаходжуся пад вялікім уражаннем ад турэцкай стужкі “Зімовая спячка”, што атрымала “Залатую пальмавую галіну” Канскага фестывалю-2014. Ішла ў кінатэатр з прадузятасцю: усё ж такі тры гадзіны і дзесяць хвілін — нязвыклы фармат. У зале — не больш за дзесяць гледачоў. З першых жа хвілін з экрана абвальваюцца ўзрушальнай прыгажосці пейзажы Кападокіі — “Краіны цудоўных коней”, той часткі Турцыі, што зусім не падобная на лубочныя курорты ды ўсходнія кірмашы. Героі фільма — турэцкія інтэлігенты — вядуць сур’ёзныя дыялогі, дзе адчуваюцца і Талстой, і Дастаеўскі, і Чэхаў, які названы як адзін з аўтараў сцэнарыя. Перажыўшы катарсіс, героі, а разам з імі гледачы, і ачысцілі душу, і знайшлі Бога.

А можа, сапраўды, якая розніца, хто сказаў “Прыгажосць выратуе свет”: Талстой ці Дастаеўскі? Не страціць бы сэнс гэтай фразы…