І што тут дзіўнага?

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Цягам паўгода стаўлю над сабой своеасаблівы эксперымент: чытаю кнігі толькі на беларускай мове. Раблю так не ўпершыню, але раней гэтага вымагала, скажам, праграма ВНУ, а цяпер атрымалася… проста так. Недзе пасля трэцяй кнігі запар я заўважыў заканамернасць і вырашыў яе падтрымаць. Вось такая асабістая варыяцыя на тэму акцый у падтрымку чытання, пагатоў — на роднай мове.

/i/content/pi/cult/499/10683/2-1.jpgПа шчырасці, у поспех мерапрыемстваў па прапагандзе (вось ужо дзе словазлучэнне “прыцягальнае”!) чытання мне ніколі не верылася. І не верыцца. Папулярны цяпер бібліятэчны інтэрактыў з запісам у шэрагі чытачоў, пра які распавядаюць з радасцю ва ўстановах культуры, ніколі не суправаджаецца паведамленнямі пра чытацкую актыўнасць тых “навабранцаў”. Ну а дэклараванне поспеху бібліятэчных кніжных выставак… Даруйце, такая форма, скажам так, не выглядае актуальнай.

Але стэнды з новымі выданнямі ў кнігарнях, безумоўна, радуюць вока ды выклікаюць жаданне пагартаць тыя фаліянты і танюткія томікі, але ж кошты як кусаюцца… Асабліва гэта засмучае ў адносінах да кніг беларускіх выдаўцоў на ёй. Ды што тут зробіш? Урэшце, палова (і няменшая) маёй хатняй бібліятэкі і без таго складаецца якраз з выданняў на роднай мове. Хай сабе нават найгустоўныя перавыданні старых айчынных тэкстаў стараюся не набываць (перачытваць тры ВНУшныя спісы па літаратуры пакуль не цягне, дый сабраў амаль усё з ліку “першай неабходнасці”), а вось пераклады замежных аўтараў, наадварот, з’яўляюцца на маіх паліцах.

Цягам маёй “акцыі” спіс прачытаных тэкстаў папоўніўся дзясяткам найменняў. Былі там і айчынныя, і іншаземныя аўтары. Адкрыццяў асаблівых не здарылася, расчараванняў таксама. Усе было будзённа і якраз тым мяне і ўзрадавала: гэта так натуральна — штодня чытаць па-беларуску і не ўзводзіць гэты працэс у ранг нейкай асаблівай заслугі альбо звышскладанай справы. А менавіта так яно і гучыць-фармулюецца, калі за рэляцыі бяруцца нашы “прамоўтары” ад кніжнай справы і бібліятэкары. Ну сапраўды, што тут дзіўнага: чытаць кнігі па-беларуску?

На маю думку, справа ў кантэкстах, якіх літаратура на нашай мове па розных прычынах пазбаўлена. Чытачы — прафесійныя і звычайныя — не разглядаюць яе як частку сусветнага літпрацэсу (а часцей, калі шчыра, і наогул не разглядаюць беларускамоўныя кнігі як варыянт для баўлення часу ці інтэлектуальнай спажывы), выдаўцы не спадзяюцца на светлую будучыню ўласнага ж прадукту “на мове” (і фарміруюць тыраж найперш пад бібліятэкі), прадаўцы робяць настолькі дзіўныя маркетынгавыя і мерчандайзінгавыя хады, што такая-сякая рэалізацыя кніг нашых аўтараў часам падаецца не менш як дзівам…

А рашэнне ж, думаецца мне, ляжыць на паверхні: змяніць вектар разгляду айчыннай літаратуры з адасаблення (яна наша, і мы яе, маўляў, беражом, але... ці чытаем?) да інтэгравання ў сусветную тэкставую прастору. Так, трэба ганарыцца сваім і падтрымліваць яго, але ж і нельга вечна аказвацца "па-за". Пагадзіцеся, беларуская літаратура (і беларускамоўная асабліва) не таму “айс” ці “не айс”, што беларускамоўная, а таму, што яна з’яўляецца ці не часткай кантэксту якаснай літаратуры канкрэтнай краіны, пэўных традыцый, нейкай прасторы, кантыненту, свету наогул. Калі так, дык краіна паходжання аўтара і мова ягонага творчага выказвання адыгрываюць нейкую ролю толькі ў тым выпадку, калі таго вымагае тэкст. Таму для мяне чытаць па-беларуску гэтак жа натуральна, як на любой іншай даступнай мове. І чытаць на ёй Чэслава Мілаша, Альбэра Камю альбо Эдгара Алана По можна, як і Рыгора Барадуліна ці Альгерда Бахарэвіча. Ды хоць Паола Каэльа “Гары Потэра” і “Пяцьдзясят адценняў шэрага”, абы пераклалі ды выдалі па-беларуску для беларускіх чытачоў. Але чаго няма, таго няма… Бо — хто ж набудзе па-беларуску? Слушнае пытанне? Слушнае! І — скрушнае…

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Развагамі пра “неверагодны” маркетынг айчынных культурнай і калякультурнай сфер хацелася б падзяліцца ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах