Форум № 2

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Граф з графіняй “прызямліліся” ў… Гомелі: інтэрактыў, інавацыі, тэхналогіі
Выходзячы на традыцыйны шпацыр, патомны граф з графіняй сустракалі на сваім шляху… салдат часоў Другой сусветнай вайны… І гэта, як мог бы хтосьці раптам падумаць, зусім не пачатак амаль фантастычнай гісторыі. Такую карціну можна было назіраць у кулуарах ІІ Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”. Усё таму, што экспазіцыя Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея, вакол якой “дэфілявалі” супрацоўнікі, апранутыя ў касцюмы часоў сярэдзіны XVIII стагоддзя, знаходзілася непадалёк ад павільёна Гомельскага абласнога музея ваеннай славы...

/i/content/pi/cult/499/10681/7-1.jpg

Амаль сотня музеяў

Да слова, графам і князёўнам, якія 26 і 27 верасня “прызямліліся” ў лёгкаатлетычным манежы Гомеля, дзе і ладзілася маштабная музейная імпрэза, сустракаліся на дарозе не толькі салдаты, але і князі ды каралеўны, рыцары ў даспехах, патомныя ганчары ды апранутыя па апошняй модзе дырэктары шматлікіх музеяў з усіх куткоў краіны… Падобныя “спатканні” з героямі розных эпох перажыў кожны (у тым ліку, натуральна, і я), хто напрыканцы мінулага тыдня змог наведаць горад над Сожам і завітаць у спартыўны комплекс, што месціцца на вуліцы Юбілейнай…

Каля сотні музеяў з усіх куткоў краіны прадстаўлялі тут свае адметныя экспазіцыі, госці з Расіі, Славакіі і Германіі здзіўлялі напрацоўкамі ў сферы найноўшых тэхналогій, а насычаная дзелавая ды прэзентацыйная праграма дазваляла спецыялістам, якія працуюць у музейнай галіне, абмеркаваць надзённыя праблемы ды вызначыць шляхі развіцця на перспектыву…

Але наўрад ці варта цяпер, праз тыдзень пасля заканчэння форуму, распавядаць пра тое, што там адбывалася. Кожны, хто хацеў сюды завітаць ды ўбачыць шматлікія музейныя цікавосткі на свае вочы, так і зрабіў. Хто ж не змог ды не пабачыў — няхай, што называецца, кусае локці і чакае наступнага, ужо трэцяга па ліку, падобнага свята, якое пройдзе яшчэ праз два гады ў адным з абласных цэнтраў Беларусі...

А вось пэўныя высновы — вядома ж, толькі першыя і тыя, што навідавоку, — з нагоды музейнага форуму можна зрабіць ужо сёння. Што ж, паспрабуем…

Кубікі з карцінай Пэна

І адна з першых такіх высноў — наступная: айчынныя музеі сёння робяць стаўку не толькі на дэманстрацыю сваіх калекцый, а і на прыцягненне гледачоў з дапамогай разнастайных гульнёвых праграм, конкурсаў ды спаборніцтваў. І, натуральна, асабліва цікава гуляць у падобныя гульні дзецям…

Напрыклад, на стэндзе Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі любы ахвотны — асабліва маленькі наведвальнік — мог з вялізных кубікаў скласці карціну Юдаля Пэна “Гадзіншчык” ды яшчэ шэраг іншых, якія знаходзяцца ў выставачных залах сталічнай установы. А супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту прапаноўвалі дзецям выразаць з чорнай паперы розныя сілуэты ды паўдзельнічаць з імі ў якасці акцёраў у інсцэніроўцы казкі ў своеасаблівым тэатры ценяў…

Хтосьці запрашаў гасцей форуму сабраць з пазлаў партрэты князёў, нехта — патанчыць у карагодзе ды згуляць у традыцыйныя беларускія гульні. А, напрыклад, Столінскі раённы краязнаўчы музей заклікаў паспрабаваць сілы ля ганчарнага круга: патомны майстар з вёскі Гарадная тут жа вучыў дзяцей і дарослых, як замешваць гліну ды рабіць з яе глечыкі і талеркі… Усё гэта без лішніх слоў сведчыла аб тым, што айчынныя музейшчыкі сёння не проста дэманструюць свае музейныя здабыткі ды каштоўнасці, але і актыўна змагаюцца за наведвальніка, у першую чаргу — маладога…

 

Інтэрактыўнасць — да месца

Другая выснова, якая яскрава выявілася для мяне на форуме амаль адразу: музейныя ўстановы Беларусі ўсё больш і больш выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці найноўшыя, так званыя інтэрактыўныя, тэхналогіі. І гэта не толькі звыклыя для ўсіх аўдыя- і відэагіды ці віртуальныя экскурсіі па музейных залах, а і ўкараненне 3D-фармату. Напрыклад, на музейным форуме кожны мог паглядзець на карціны, што знаходзяцца ў экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага, начапіўшы знаёмыя кінаманам пластмасавыя акуляры…

Акрамя таго, на многіх экспазіцыйных стэндах я бачыў сэнсарныя экраны, вельмі зручныя для карыстальніка. Дзякуючы ім кожны сёння можа самастойна даведацца пра гісторыю і адметнасці таго або іншага экспаната, паглядзець амаль “жыўцом” бітву пад Оршай, а таксама сабраць з пэўных дэталей старадаўні дарожны экіпаж ці паўдзельнічаць у пазнаваўчай віктарыне.

Адна падобная інтэрактыўная віктарына, прадстаўленая супрацоўнікамі Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, выклікала такое захапленне ў наведвальнікаў, што пагуляць у яе збіралася цэлая чарга!.. Чым не яскравы прыклад таго, у якім кірунку варта развівацца айчынным установам, прычым як у сталіцы, так і ў абласцях ды раёнах?.. Праўда, напачатку варта стварыць ва ўсіх музеях Беларусі адпаведную матэрыяльна-тэхнічную базу… Іначай пра такія шляхі і дарогі “ў нагу з часам” айчынным музейшчыкам давядзецца адно толькі марыць…

І яшчэ. Замежныя госці з Музея Славацкага нацыянальнага паўстання цягам імпрэзы дэманстравалі сваім калегам апошнія дасягненні ў музейнай сферы: абсталяванне для дыгіталізацыі, або, кажучы прасцей, для пераводу інфармацыі ў лічбавую форму… Не варта і казаць, што падобныя “штукарствы” з’яўляюцца дзівам, так бы мовіць, “нечуваным-нябачаным”, не толькі для айчынных спецыялістаў, але і для многіх іхніх калег на прасторы СНД. Так што пабываць на форуме варта было хаця б з гэтай нагоды…

Фота з вітрыны

Выснова трэцяя цалкам лагічна вынікае з папярэдняй: попыт на найноўшае музейнае абсталяванне з кожным годам расце. Прычым не толькі ў сталічных, але і ў абласных спецыялістаў сферы. І, мабыць, не такі ўжо далёкі час, калі падобныя распрацоўкі пачнуць выкарыстоўваць і ў раёнах.

Таму вельмі парадаваў той факт, што арганізатары міжнароднага форуму не забыліся на фірмы па распрацоўцы музейнага абсталявання. Праўда, было іх тут не так ужо і шмат — менш за дзесяць, — і прадстаўлялі яны ў асноўным беларускага ды расійскага вытворцу. Праўда, “засвяцілася” і адна кампанія з Украіны…

Што і казаць, не багата… Мабыць, польскія, літоўскія ці нямецкія менеджары прадпрыемстваў, якія вырабляюць разнастайнае абсталяванне для музейнай сферы, нашым Нацыянальным музейным форумам не зацікавіліся. Ці, магчыма, увогуле пра яго не ведалі з-за недастаткова наладжанай рэкламнай кампаніі? Пэўна, другая выснова — больш дакладная, хаця сцвярджаць гэта катэгарычна не варта... Таму ці будзе гэтых фірмаў больш на ІІІ Нацыянальным музейным форуме, прадказаць не бяруся.

А вось ажыятаж, які выклікалі гэтыя фірмы ў Гомелі, быў досыць прадказальны. Я сам быў сведкам таго, як каля стэнда аднаго прадпрыемства-распрацоўшчыка з Санкт-Пецярбурга пастаянна віраваў народ. Паглядзець тут сапраўды было на што. Акром многіх сваіх распрацовак, расіяне прадставілі ў лёгкаатлетычным манежы сапраўднае музейнае “ноу-хау” — мультымедыйную вітрыну.

У гэтай, з першага погляду звычайнай, вітрыне гледачам дэманстраваліся дэталі з легендарнага самалёта Пе-2. Але тое, натуральна, было яшчэ не ўсё. Націснуўшы на адпаведныя іконкі, кожны ахвотны мог убачыць невялічкі дакументальны фільм, у якім распавядалася пра знакамітую крылатую машыну, пакінуць свой водгук у віртуальнай кнізе наведвальнікаў ці проста пачытаць водгукі іншых гасцей. Акрамя таго, тут жа, як кажуць, “не адыходзячы ад касы”, можна было прывесці ў дзеянне размешчаную ў мультымедыйнай вітрыне міні-відэакамеру, а пасля і атрымаць у падарунак раздрукаваную на прынтары паштоўку з выявай Пе-2 ды сваім партрэтам…

Як гарачыя піражкі разляталіся сярод гасцей форуму буклеты, улёткі ды прэзентацыйныя матэрыялы пецярбургскай фірмы. А многія дырэктары ўстаноў падыходзілі да расіян, каб даведацца аб умовах пастаўкі ды аплаты прадэманстраванага абсталявання…

Прычым айчынных спецыялістаў зусім не адштурхоўваў той факт, што за падобнае ноу-хау давядзецца выкласці ні многа, ні мала — ажно паўмільёна расійскіх рублёў. Відаць, змаганне за наведвальніка вымушае сёння кіраўнікоў дзейнічаць па перафразаваным вядомым афарызме: “Хто валодае інфармацыяй і інфармацыйнымі тэхналогіямі — той валодае светам”... Няхай сабе і свет той толькі музейны…

У якасці заключэння

І апошняе. “К” неаднаразова пісала пра шаблонасць ды безаблічнасць разнастайных культурных мерапрыемстваў, што ладзяцца цягам года ў розных кутках краіны. Згадаю хаця б адну з апошніх падобных публікацый — пад назвай “Мажарэткі таварыша Дыніна” (гл. “К” № 32 за 2014 год).

Але ж арганізатары гомельскай імпрэзы, мабыць, падобныя матэрыялы не чытаюць. Іначай не ўключылі б у праграму ІІ Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”… так, сапраўды, алею “Горада майстроў”. Прычым знаходзілася яна на вуліцы Кожара — за дзясятак метраў ад лёгкаатлетычнага манежа… Майстры з розных раёнаў Гомельшчыны дэманстравалі тут свае вырабы з саломкі, керамікі і дрэва, ручнікі ды посцілкі… Але ж для каго? Для гасцей форуму? Для гамяльчан? Прынамсі, апошніх я ў гэтых радах заўважыў вельмі мала…

Ды і чаму менавіта выстаўкамі народных майстроў пажадалі здзіўляць музейшчыкаў з усёй Беларусі, а таксама замежных спецыялістаў, арганізатары форуму? Мабыць, не памылюся, калі скажу, што тут спрацаваў вядомы прынцып “абы было”… Глядзець на гэтыя пустыя рады і тых людзей, якія прыехалі за сотні кіламетраў у Гомель са сваіх раёнаў ды стаялі на халоднай вуліцы пад адкрытым небам, было вельмі дзіўна: імпрэза ж музейная! Але, мабыць, не арганізатарам…

Таксама не магу не згадаць вось яшчэ што. У канферэнц-зале Нацыянальнага форуму, дзе ладзілася дзелавая праграма, а таксама праходзіла прэс-канферэнцыя з удзелам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова, я — ды, натуральна, не толькі я — звярнуў увагу на стэнды, дзе былі пазначаны інфармацыйныя партнёры гомельскай імпрэзы. “Культура” была там прадстаўлена як “отыднёвая” газета… Тэхнічная памылка, якая, відаць, кажа пра неахайнасць тых, хто гэтыя стэнды вырабляў… Але ж не варта і казаць, што падобная прыкрасць выглядае на мерапрыемстве, мякка кажучы, несалідна…

Фота аўтара

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"