Свята зрабілі сужэнцы

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

"Вераснёўскім днём у вёсцы" — так называўся этнафэст, які прайшоў у мінулую нядзелю ў Залессі Кобрынскага раёна.

/i/content/pi/cult/499/10680/6-3.jpg

Ларыса Быцко з Мікалаем Тарасюком распачалі танцавальную праграму.

Зараз тут пражывае крыху больш за сорак чалавек, але ў выхадныя прыязджаюць і тыя, хто наведваецца ў бацькоўскія дамы як на дачу. Усе разам яны сабраліся на свята, што зладзілі сваімі сіламі сужэнцы Ларыса і Аляксандр Быцко. Дарэчы, Аляксандр — сам ураджэнец гэтай вёскі. На базе яго радзіннага дома і праходзіла ўсё дзейства. Была створана імправізаваная сцэна, побач — лавы для гледачоў. Вядомы ў Брэсце культарганізатар Ларыса змагла арганізаваць прыезд сюды аматарскіх калектываў з Мінска, найбліжэйшай адсюль вёскі Тэўлі і з Дзятлавічаў, што на Лунінеччыне, а таксама з Польшчы (у тым ліку — тамтэйшых беларусаў). Былі заўважаны вядомы разьбяр па дрэве з вёскі Стойлы Пружанскага раёна, лаўрэат спецпрэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва Мікалай Тарасюк, народныя майстры Марыя Кулецкая і Уладзімір Чыквін, мясцовая паэтка Надзея Момлік ды брэсцкі літаратар і бард Алесь Паплаўскі.

Эдуард КАБЯК

Фота аўтара