Зерне ролі

№ 40 (1166) 04.10.2014 - 10.10.2014 г

Пётр Ламан: аб’ёмы ўспрымання ад Юрася да Дзеда
Сорак тры гады ў трупе Коласаўскага служыць вядучы майстар сцэны Пётр ЛАМАН. Цяжка ўявіць яго па-за нацыянальным тэатрам, бо сам голас, інтанацыя, манера сцэнічнага існавання, увогуле акцёрская індывідуальнасць Майстра маюць сваю адметнасць: яны стопрацэнтна беларускія. І гэта адчувальна нават тады, калі артыст іграе ў спектаклі паводле рускай ці заходнееўрапейскай п’есы. Найбольш жа яскрава талент Пятра Ламана раскрыўся менавіта ў нацыянальнай драматургіі. 5 кастрычніка на Вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адбудзецца бенефіс творцы з нагоды яго 65-годдзя.

/i/content/pi/cult/499/10679/6-1.jpg

Пётр Ламан у ролі Вучня (спектакль "Апошнія сведкі" паводле Святланы Алексіевіч). / Фота прадастаўлена тэатрам

— У інстытуце ў мяне быў галоўны настаўнік — Уладзімір Маланкін. У яго была фраза: “З чалавека зрабіць артыста не вельмі складана, а вось з артыста чалавека — няпроста”. Ён выдатна вучыў прафесіі. А таксама Маланкін займаўся выхаваннем асобы. Застацца чалавекам у любых умовах, любых абставінах — вельмі цяжка, заўжды казаў ён. А калі я прыйшоў адразу пасля інстытута сюды, дык тут вучыўся ў народных артыстаў Беларусі Анатоля Труса, Анатоля Шэлега, Іосіфа Матусевіча, сачыў за тым, як працуюць карыфеі нашага тэатра. Калі казаць пра літаратуру, якой займаюся, дык тут настаўнікам для мяне быў Янка Брыль — народны пісьменнік Беларусі.

— Вы маеце на ўвазе яго творы ці асабістае знаёмства?

— Вядома, чытаў ягоныя творы, але быў знаёмы і асабіста: мой тата нарадзіўся з ім у адной вёсцы — Загор’е Карэліцкага раёна. І ён быў маім хросным у літаратуры. З яго падачы мяне ўпершыню надрукавалі ў “Маладосці”…

— Што адчувалі, калі ўпершыню трапілі ў Коласаўскі тэатр? Як успрынялі вас будучыя калегі, партнёры па сцэне?

— Як успрынялі, не ведаю. Але адчуванне было цудоўнае! Жыў у пакоі, дзе зараз месціцца літчастка, глядзеў пастаноўкі гастралёраў і чакаў адкрыцця сезона. Я адразу ўвёўся ў спектакль “Несцерка” і пачуваў сябе вельмі ўтульна ў яго атмасферы. Хоць пастаноўка была ажыццёўлена ў 1941 годзе, уражанне засталося такое, быццам прысутнічаю на прэм’еры. Спачатку — масоўка. Але ў мяне памяць такая, што ў ёй асядае тое, што мне падабаецца. І я ведаў увесь тэкст “Несцеркі” (гэтак жа было пазней са “Званамі Віцебска”). Неяк перад выязным спектаклем артыст Аляксандр Кацельнікаў — выканаўца ролі Юрася — пачаў скардзіцца на хворае сэрца. Шмакаў-Несцерка, які доўга прыглядаўся да мяне і ўжо ведаў, што я не сыходзіў са сцэны цягам усіх рэпетыцый, пытаецца: “Ламан, ты ролю Юрася ведаеш?” Я кажу: “Вядома!” Па прыездзе мы з ім прайшлі некалькі кавалкаў, і я выйшаў у новай ролі.

— Дарэчы, самі абралі гэты тэатр ці прыехалі па размеркаванні?

— У мяне нават быў выбар: прапаноўвалі Брэст, Магілёў і Віцебск. Я выбраў гэты тэатр, бо ён працуе на роднай мове.

— Што для вас самае цікавае ў акцёрскай прафесіі?

— Знайсці “зерне ролі” — тую драбніцу, якая аб’ядноўвае ўсё. Калі яе знойдзеш, вобраз адразу робіцца жывым, аб’ёмным, як кажуць, “абрастае мясам”. Калі правесці аналогію з паэзіяй, я сустракаўся вось з якой рэччу: страфа напісана, толькі аднаго слова не хапае. Тады ўстаўляеш любое, якое больш-менш падыходзіць. А потым усё ж такі знаходзіцца неабходнае, і твор набывае мастацкі сэнс, па-іншаму гучыць.

— А што вас падштурхнула да заняткаў літаратурнай творчасцю?

— Паэзія — гэта стан душы. Упершыню ўзяўся за вершы ў юнацкім узросце. А ўсур’ёз заняўся, калі задумаўся, хто я такі, на якой зямлі жыву. Пасля заканчэння школы меў адчуванне, што гісторыя Беларусі пачалася з 1917-га, а да гэтага нічога не было, апрача лапцяў ды сахі. А потым, ужо ў Віцебску, даведаўся, што ён на 200 гадоў старэйшы за Маскву. Я сутыкнуўся з тым, што Беларусь — краіна неверагодных па сваёй прыгажосці гарадоў ды замкаў, якія сустракаюцца праз кожныя 30 — 40 кіламетраў. Возьмем мураванае дойлідства: так не будавалі нідзе ў Еўропе (так званы васьмярык на чацверыку). Мяне ўразіла, што гісторыя нашай зямлі можа стварыць гонар любой нацыі. Менавіта ад гэтага ўсведамлення прыйшла да мяне паэзія. У адпачынку на малой радзіме любіў гасцяваць у Янкі Брыля. Аднаго разу ён у мяне запытаў: “Пятро, а ты прозу пісаць не спрабаваў?” Я здзівіўся тады пытанню. А ўвосень пачаў сніць цэлыя сцэны… Стаў іх занатоўваць на шпалерах, і ўжо неўзабаве быў гатовы чарнавы варыянт аповесці “Астравы”. Праўда, працаваў я над ёй яшчэ два гады.

— Не хацелі паспрабаваць сябе ў драматургіі?

— П’ес не пісаў. Але быў аўтарам сцэнарыя відэафільма “Мая душа як ястраб дзікі”, прысвечанага Максіму Багдановічу (выйшаў на экраны ў 1990-м). Я ж агучваў і тэкст ад аўтара. А потым, да 50-годдзя, па сваіх вершах, урыўках з прозы стварыў монаспектакль “Радзіма душы”. Я ведаю, як гэта цяжка, і прафесія драматурга — вельмі рэдкая. Пішуць многія, але, калі браць па вялікім рахунку, магу назваць толькі двух беларускіх драматургаў — Макаёнка і Дударава. Большасць жа піша прозу ў дыялогах. Некалі мой педагог Дзмітрый Арлоў, памятаю, жартаваў: “П’есы Чэхава — што гэта такое? Іх жа чытаць немагчыма! Гавораць, гавораць — потым выйшаў адзін і застрэліўся”. Мне падабаецца наш сучаснік Эймунтас Някрошус. У яго ёсць унутранае дзеянне і абавязкова, кантрапунктам, — знешняе. Яны знітаваны так, што не адразу зразумееш, якая там повязь. Гэта вельмі прыцягальна: дае незвычайны аб’ём успрымання і выводзіць на сувязь з Сусветам.

— Якія створаныя вамі вобразы лічыце грунтоўнымі, знакавымі?

— Недзе праз два гады пасля майго прыходу ў тэатр прыехаў Барыс Эрын для пастаноўкі маладзёжнага спектакля. Ён прывёз цікавую п’есу Надара Думбадзэ “Не трывожся, мама!”. Спектакль атрымаўся ўдалым: з аднаго боку, ён быў вясёлым, з іншага — з ноткай журбінкі. Яго разы два ці тры аднаўлялі. Ішоў ён доўга. Там я іграў грузінскага хлопца Тэймураза Джакелі — гэта была мая першая вялікая роля. Потым — “Званы Віцебска” да 1000-годдзя горада. Уладзімір Караткевіч напісаў п’есу на 130 старонак —рэжысёр скараціў, здаецца, да сарака трох. Калі прывёз да аўтара скарочаны варыянт, той пачаў яго лаяць: “Я ж табе Гадунова напісаў, а ты што зрабіў?” — і выставіў на лесвіцу. Потым, праўда, злітаваўся, ізноў запрасіў да сябе. Прыязджаў і на рэпетыцыі, і на прагоны, і на прэм’еру. Спектаклем застаўся вельмі задаволены. Я іграў аднаго з арганізатараў паўстання — Марцыяна Ропата. У “Несцерцы” мне пашанцавала. Спачатку я ўвасабляў Юрася, потым — Мацея, і цяпер — галоўнага героя. Восем гадоў таму Віталь Баркоўскі (тады мастацкі кіраўнік тэатра) паставіў задачу поўнага абнаўлення спектакля і прапанаваў падаваць заяўкі. Я заяўку не падаваў, тым не менш, Несцерку выконваю.

Калі ў нашу трупу напрыканцы 1980-х прыйшоў Валерый Маслюк, ён недзе “адкапаў” камедыю “Клеменс” Казіса Саі і аддаў паэту Алесю Разанаву, які валодае літоўскай мовай. Дарэчы, шлях перакладу не з мовы арыгінала — вельмі небяспечны. Я з гэтым сутыкнуўся сам, калі перакладаў з рускай мовы “Мужа і жонку” польскага драматурга Аляксандра Фрэдры. Ужо на пачатку працы жахнуўся: нічога жывога! Праз знаёмых знайшоў арыгінал і пачаў перакладаць з польскай. Атрымалася, здаецца, няблага. А поспеху згаданага “Клеменса” паспрыяла і ўдалае размеркаванне роляў. Майго духоўнага настаўніка Алялюмаса іграў народны артыст Беларусі Леанід Трушко, такі важкі, самавіты — словам, глыба. Другі народны артыст Яўген Шыпіла выконваў свата Канкаліса, вясковага жартаўніка. Як ён цудоўна імправізаваў — рогат стаяў у зале! Артыст Яўген Баўдзей, пад два метры ростам, быў быком Клеменсам. Калі рабіў свае пацягушачкі, дык жанчыны млелі… Наогул, спектакль атрымаўся пра тое, як за дабрабыт прадаюць душу.

— Лічу, што ў пастаноўцы і рэжысёр, і вы як выканаўца галоўнай ролі ў той час выказалі свой боль за Бацькаўшчыну, бо хаця спектакль быў па п’есе літоўскага аўтара, ён адрасаваўся нам, беларусам…

— Згодзен. А з вобразаў, створаных у апошнія гады, хацелася б вылучыць Жана з “Фрэкен Юліі” Аўгуста Стрындберга, Радзівіла Рудога з “Чорнай нявесты” Аляксея Дударава, Федзю (“Я чакаю сапраўднага мужчыну” Эдварда Радзінскага), Гаспадара з “Вельмі простай гісторыі” Марыі Ладо, Дзеда (“Пахавайце мяне за плінтусам” Паўла Санаева). Дарэчы, апошні спектакль я абраў для бенефісу…

— Чаго, на вашу думку, не стае сучаснаму беларускаму тэатру, і ў прыватнасці — Коласаўскаму?

— Тут трэба быць аналітыкам. Я ж даследаваннямі не займаўся. Многія гады быў сябрам мастацкай рады тэатра, і пры ацэнцы твораў для мяне існаваў такі крытэрый: жывое дыханне спектакля. Здаецца ж, адны і тыя ж акцёры працуюць, але ў адным выпадку яно ёсць, а ў іншым — голая форма...

— Памятаю ваш адкрыты ліст у абарону беларускай мовы на сцэнічных падмостках. Можа, нярадасны стан выкліканы тым, што сёння ў тэатр ідзе, збольшага, гарадская моладзь, пра якую не скажаш, што яна натуральна валодае беларускай мовай?..

— Не згодзен. Калі ты артыст нацыянальнага тэатра, для цябе павінна стаць прафесійным абавязкам валодаць беларускай мовай і размаўляць на ёй. Калісьці ў Купалаўскі прыйшоў Павел Кармунін, ураджэнец Яраслаўля, а праз год ён стаў лепш гутарыць па-беларуску, чым іншыя артысты, якія пражылі тут усё жыццё. Калі ты хочаш быць арганічным, то павінен думаць на той мове, на якой гаворыш. Чаму? Бо аснова акцёрскай творчасці — імправізацыя. І каб яна нарадзілася, артысту даводзіцца спярша перакласці яе ў думках. Атрымліваецца зазор, паўза. Тое ж самае адбываецца і ў партнёра. Знікае сцэнічная свабода, разняволенасць, замест іх — прамаўленне завучанага тэксту…

— Што б вы пажадалі юнакам і дзяўчатам, якія мараць пра акцёрскую прафесію альбо толькі пачынаюць ёю авалодваць?

— Сумленна ставіцца да сваёй працы. У чым галоўны складнік прафесіі? Быць асобай, станавіцца ёй. Толькі ў такім выпадку мы цікавыя гледачу. А каб стаць асобай, ёсць толькі адзіны шлях: чытаць — ад Гамэра да Сервантэса, а не тую макулатуру, якую зараз часцяком спажываюць. Сам працэс чытання адбываецца на падсвядомым узроўні. Сапраўдны пісьменнік уздзейнічае на чалавека не толькі словамі, але і вібрацыяй рытмаў ды гукаў. У Талстога цягам працы над “Вайной і мірам” было да ста варыянтаў выказвання пэўнай думкі! Ён шукаў вібрацыю, якая б уздзейнічала на чытача…

Аўтар: Юрый ІВАНОЎСКІ
тэатразнаўца, тэатральны крытык, літаратурны рэдактар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа