Паміж “этна” і “тэхна”

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Сонца ж можна маляваць усё жыццё
“Жыве Валянціна Шоба, у асноўным, у Гродне, але, мяркуючы па некаторых работах, час ад часу — у космасе”, — такую характарыстыку сваёй творчасці атрымала гродзенская мастачка ад мінскага крытыка. Гучыць эфектна, нават фантастычна. Але калі быць дакладным, дык гэта не больш чым канстатацыя таго навуковага факта, што ўсе мы, незалежна ад прапіскі і грамадзянства, жывём у Сусвеце (ці, як казаў Максім Багдановіч, “...усе разам ляцім да зор”). Адно што не кожны пра гэта думае, а вось мастачка, усведамляючы сваю “касмічную місію” як побытавую завядзёнку, час ад часу глядзіць у неба і малюе Сонца. З натуры. Як іншыя малююць гарадскія краявіды ды вясковыя палеткі.

/i/content/pi/cult/497/10670/9-12.jpg

Валянціна Шоба. "Сонца 2".

/i/content/pi/cult/497/10670/9-14.jpg

Фрагмент цыкла "Каляндар", прадстаўлены на выстаўцы.

Гэтыя “партрэты” Сонца — бадай, самае цікавае з прадстаўленага ў экспазіцыі “Каляндар”, што працуе ў сталічнай галерэі “Мастацтва”. Згаданы выставачны праект ужо прайшоў апрабацыю ў родным горадзе Валянціны Шоба, дзе быў прыхільна сустрэты. “Каляндар” — гэта 365 графічных работ аднаго фармату. Паводле сэнсу гэта дні календара — аднолькавыя па працягласці, розныя па насычэнні. Параўнанне з дзённікавымі запісамі ў дадзеным выпадку было б некарэктным, але нізка насамрэч дае пэўнае ўяўленне пра творчы працэс, пра тое, чым мастак заняты цягам 365 дзён года.

Я параўнаў бы гэтую экспазіцыю з дзвярамі, прачыненымі ў майстэрню. Аўтар дэманструе ўзоры і спалучэнні розных графічных тэхнік — гэта як літары алфавіта, з якіх складаюцца словы і сказы. Валянціна Шоба належыць да тых мастакоў, для каго форма з’яўляецца самадастатковай каштоўнасцю, а зместам яе напаўняе не творца, а — глядач, зыходзячы з уласнага эстэтычнага досведу і праз свой асацыятыўны шэраг.

З гэтай прычыны работы Валянціны Шоба могуць зацікавіць найперш прыхільнікаў нефігуратыўнага мастацтва, схільных да абстрактнага мыслення. Хоць мастачка, як мне падаецца, прэтэндуе на месца ў кагорце авангардыстаў, найбольш запамінальныя з яе твораў выдаюць у ёй асобу, псіхалагічна арыентаваную на славянскую (індаеўрапейскую) архаіку. Досыць выразна прасочваюцца язычніцкія матывы, скарэктаваныя эстэтыкай мадэрна. Такі напрамак быў вельмі папулярны ў мастацтве Беларусі і краін Балтыі ў 1980-х гадах. Яго носьбітамі з’яўляліся найперш адмыслоўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, далей — графікі, у меншай ступені — жывапісцы.

Цікава, што на Гродзеншчыне дадзены напрамак актуальны і сёння. Можа, таму, што гэта рэгіён, дзе рамантычная спадчына Сярэднявечча не зведала такога агрэсіўнага ўздзеяння, як у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі. Сам ландшафт гэтага краю, прыродны і гістарычны, спрыяе думкам пра вечнае…

У кантэксце мастацтва — як беларускага, так і еўрапейскага — карціны Валянціны Шоба ўспрымаюцца цалкам натуральна, як музычныя творы, дзе досыць гарманічна спалучаны “этна” і “тэхна”. Гэта сёння… Але заўтра стаўка мастачкі на эфектныя тэхнічныя прыёмы можа не спрацаваць на публіку. Бо літаральна штодня з’яўляюцца ўсё новыя і новыя мастацкія тэхналогіі — угнацца “за прагрэсам”, бадай, немагчыма. Быць у гэтых варунках пастаянна “сучасным” даволі складана. Дый навошта?

Зрэшты, мастацтва адбываецца ў шчыльным коле тэм ды ідэй, проста для вядомых паняццяў мы ўвесь час шукаем новыя словы. Валянціна Шоба як творца таксама шчыруе ў такім напрамку. Прынамсі, Сонца ў яе версіі насамрэч лашчыць вока і грэе душу. А гэта ўжо нямала… Сонца ж можна маляваць усё жыццё. Дадзеная тэма вечна будзе актуальнай.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"