Вясёлкавая “Баллада пра салдата”

№ 7 (825) 16.02.2008 - 22.02.2008 г

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе беларуска-расійская выстаўка юных мастакоў “Балада пра салдата”. Яна ажыццяўляецца ў рамках Міжнароднага культурнага праекта “Свет без межаў” і конкурсу Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва, прысвечанага 90-годдзю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

 /i/content/pi/cult/149/1067/Balada.jpg
Ветэраны на выстаўцы: Анатоль Лявонцьевіч Канановіч, Генадзь Герасімавіч Пудзілаў і Уладзімір Васільевіч Пархімчык.
Прадставіла выстаўку Грамадскае аб’яднанне “Бабруйская гарадская дзіцяча-юнацкая ўзорная студыя выяўленчага мастацтва “Вясёлка” (аўтар і кіраўнік праекта — Ігар Моцін). Актыўную падтрымку аказалі Студыя ваенных мастакоў пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускі фонд міру, Маскоўская міжнародная дзіцячая
мастацкая галерэя, іншыя дзяржаўныя ўстановы і грамадскія аб’яднанні Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.

У выставачным праекце бяруць удзел юныя мастакі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ва ўзросце ад 9 да 17 гадоў. Выставачная калекцыя сфарміравана з 30 лепшых твораў дыпламантаў міжнароднага конкурсу юных мастакоў “Мая зямля, апаленая вайной”.

Творы юных мастакоў— удзельнікаў беларуска-расійскай выставачнай праграмы “Балада пра салдата” адлюстроўваюць міратворчую місію Савецкай Арміі па вызваленні краін Еўропы ад фашызму і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Вядома, такія праекты фарміруюць у моладзі Беларусі і Расіі пачуцці патрыятызму, інтэрнацыяналізму, высокіх маральных якасцей абаронцаў Айчыны. Дзіцячыя карціны спрыяюць пераемнасці пакаленняў у захаванні заваёў і гістарычных традыцый братэрства воінаў Савецкай Арміі, у адчуванні адказнасці кожнага за бяспеку сваёй Радзімы.

Плануецца, што 22 сакавіка, у памятны дзень 65-годдзя Хатынскай трагедыі, выстаўка “Балада пра салдата” завершыцца ў Мінску. У сталічны Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прыбудзе група юных мастакоў Бабруйскай студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка” — ініцыятараў праекта, каб азнаёміцца з музейнай экспазіцыяй і закрыць выстаўку, а потым наведаць мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Працягам гэтай дзіцячай мастацкай дабрачыннай міратворчай акцыі стане новы выставачны праект “Дзеці вайны”, прысвечаны 65-годдзю Вялікай Перамогі і запланаваны на 2009 — 2010 гады.

У 2008 годзе, юбілейным для нашых Узброеных Сіл, выстаўка “Балада пра салдата” ў рамках шэфскага культурнага супрацоўніцтва будзе далей экспанавацца ва Узброеных Сілах Беларусі і Расіі, у культурных і адукацыйных установах.

Фота Юрыя ІВАНОВА