“Жар-птушка” прыляцела...

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Восень. “ТэАрт”. Прэм’ера
Сёння стартуе IV Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТeАrt” — як і летась, з разгорнутага беларускага блока, насычанага найноўшымі айчыннымі прэм’ерамі. Міжнародную ж праграму сёлетняга фестывалю адкрые не драматычны спектакль, а балет “Жар-птушка” Ігара Стравінскага ў харэаграфіі Міхаіла Фокіна, пастаўлены народным артыстам Андрысам Ліепам у нашым Вялікім тэатры. Крытыкі і журналісты паспелі ацаніць падзею пад час здачы спектакля мастацкаму савету.

/i/content/pi/cult/497/10669/9-10.jpg

Сцэна з балета "Жар-птушка". / Фота Сяргея ПАЖОГІ

Вядома, не было галоўнага, дзеля чаго, пэўна, і ладзілася пастаноўка, — карціны Льва Бакста “Эскіз касцюма Жар-птушкі”, якая будзе выстаўлена ў фае тэатра ў дзень прэм’еры, 3 кастрычніка. Год таму прыдбанае на аўкцыёне палатно папоўніла карпаратыўную калекцыю “Белгазпрамбанка” і стала на сённяшні дзень першай і пакуль адзінай работай гэтага сусветна вядомага мастака — ураджэнца Беларусі, якая захоўваецца ў нашай краіне. Але балет — мастацтва самадастатковае, ён застанецца ў рэпертуары тэатра і без далейшага дэманстравання жывапіснага арыгінала. Таму і ставіцца да яго трэба як да доўгатэрміновага, а не толькі ўласна фестывальнага набытку.

З “Жар-птушкай”, якая стагоддзе таму стала адной з сенсацый знакамітых “Рускіх сезонаў у Парыжы”, арганізаваных Сяргеем Дзягілевым, на нашай сцэне можна было пазнаёміцца ў кастрычніку 2010-га, калі Ліепа прывозіў сваю трупу на гастролі. Цяпер гэты балет, як і раней увасобленыя іншыя “руска-сезонныя”, будзе ў нашай афішы, яшчэ больш ператвараючы Вялікі тэатр Беларусі ў своеасаблівы дзягілеўска-ліепаўскі філіял. Можна, вядома, гэтым ганарыцца, але ж хочацца і адметнасці. Тым больш, што ў нас была і свая “Жар-птушка”, ужо знятая з рэпертуару, — у пастаноўцы народнага артыста СССР і Беларусі Валянціна Елізар’ева. Ажыццёўленая ў 1998-м і запісаная тэлебачаннем (улетку, дарэчы, яна была ў эфіры), яна стала апошняй абсалютнай прэм’ерай майстра ў нашым тэатры, бо далей ён рабіў рэдакцыі ўласных і класічных балетаў, а “Клеапатра” з музыкай Вячаслава Кузняцова так і не ўбачыла святла рампы.

У параўнанні з расійскімі, нашы артысты надалі фокінска-ліепаўскай “Жар-птушцы” новае дыханне. Вольга Гайко (Жар-птушка), Ігар Аношка (Царэвіч), Людміла Кудраўцава (Красуня Ненаглядная), Юрый Кавалёў (Кашчэй Бессмяротны) — кожны з салістаў адшукаў і падкрэсліў у сваім героі найбольш яркія фарбы. Сур’ёзна папрацаваў і кардэбалет, старанна ўвасабляючы шматлікіх добрых і яшчэ больш “густанаселеных” злых персанажаў у змрочным Кашчэевым царстве. Немагчыма не адзначыць увагу артыстаў да характараў сваіх герояў, імкненне не проста годна выконваць, а — менавіта асэнсоўваць, адухаўляць рухі, што ўвогуле з’яўляецца моцным бокам нашай балетнай трупы. Але ж які сэнс нясе сама пастаноўка?

Стагоддзе таму гэты балет, вырашаны ў рамантычных традыцыях, павінен быў адкрыць для Еўропы ўсходнюю экзотыку, часткай якой было і рускае мастацтва. Невыпадкова Дзягілеў, распрацоўваючы сваю задуму, з’яднаў у ёй сюжэтныя лініі розных рускіх народных казак, не спыняючыся на якойсьці адной. Пастаноўка адпавядала эстэтыцы знакамітага творчага аб’яднання “Мир искусства”, сярод заснавальнікаў якога быў антрэпрэнёр. У спектаклі ўсё павінна было здзіўляць ды вабіць прыгажосцю, казачнасцю, экзатычнасцю. Чым не гэткае “фэнтазі” мінулых часоў, разлічанае найперш на замежнікаў?

Сёння ж, прыйшоўшы ў тэатр (а тым больш, на спектакль у рамках “ТэАрта”), чакаеш не толькі “карцінку”, але і працу для душы. На гэта цяперашняя “Жар-птушка” не разлічана. Бо як толькі пачынаеш глядзець спектакль праз прызму сучаснага тэатральнага і балетнага досведу, у галаву так і лезуць зусім не адпаведныя думкі, што ніяк не стасуюцца з колішнімі ідэямі пастаноўкі. Можа, трэба ўспрымаць яе прасцей — як тую ж казку для маленькіх? Але і ў дашкольна-школьным узросце сучасныя дзеці могуць задаць бацькам “няёмкія” пытанні. Да прыкладу, чаму Царэвіч, паклікаўшы на дапамогу Жар-птушку, збягае са сцэны — на ўвесь час, пакуль тая змагаецца са злымі сіламі? Атрымліваецца, ён баязлівец? Але гэта не перашкаджае яму з’явіцца з вялізным яйкам, у якім схавана Кашчэева смерць, акурат тады, калі страшнае войска ўжо палягло. Маўляў, я пераможца! Лепшымі чалавечымі якасцямі не вылучаецца і Красуня Ненаглядная. Адчуўшы небяспеку, яна не думае, як папярэдзіць Царэвіча, а збягае разам з сяброўкамі. А вось калі ён ужо перамагае, тады і пра вяселле можна падумаць!.. Чым не сучасная псіхалогія?

Супрацьстаўленне вольналюбівай Жар-птушкі і лірычнай Красуні шмат у чым працягвала парнасць жаночых вобразаў у опернай творчасці Мікалая Рымскага-Корсакава, дзе казачная гераіня гінула і нават прыносіла сябе ў ахвяру, пакідаючы свайго любага для рэальнай (ва ўсіх сэнсах слова) дзяўчыны. Гэтае ж супрацьстаўленне гераінь было ўласціва ўсім далейшым харэаграфічным версіям балета. Елізар’еў, дарэчы, быў першым, хто з’яднаў іх у адну, паставіўшы балет пра веліч, моц і жыватворную сілу кахання, пад уздзеяннем якога і адбывалася ператварэнне Жар-птушкі ў Красуню Ненаглядную.

У тым прачытанні, якое па харэаграфічнай лексіцы было квінтэсэнцыяй пазнавальных елізар’еўскіх “фішак”, існавала арыгінальная канцэпцыя, якая, да ўсяго, выклікала шмат самых розных, вельмі актуальных сёння, асацыяцый: Захад і Усход, асоба і грамадства, чужынец, хтосьці “не такі” сярод астатніх — як знайсці паміж імі паразуменне?

Не магу забыць у той пастаноўцы не толькі адметную пластыку Жар-птушкі (цікава, што балетмайстар у ёй быццам спаслаўся на Фокіна і развіў да неверагодных вяршынь ідэю “зламаных” рук-крылаў), але і адну вельмі выразную сцэну, дзе дзяўчаты з кардэбалета стаялі перад партнёрамі на каленях, а Жар-птушка быццам лунала над сваім абраннікам. Падтрыманая яго моцнымі рукамі, яна — ляцела, бы сапраўдная птушка… Міжволі ўзнікалі думкі: што ж адбываецца, калі дзяўчына — “не такая”, як іншыя, з душой вольнай птушкі — трапляе ў атмасферу побыту, які мае звычку “паглынаць”? Паводле Валянціна Елізар’ева, яна не павінна абавязкова загінуць пад уздзеяннем таго самага “побыту” ці згубіцца ў “натоўпе”. У шматзначным фінале яго пастаноўкі кардэбалет, стаўшы побач з салістамі, ужо па сваіх абрысах нагадваў птушку. Дый у артыстак з’яўляліся рухі, што нагадвалі трапятанне крыльцаў. Асоба Жар-птушкі аказвалася настолькі моцнай, што запальвала і астатніх сваім станам палёту… Ідылія? Можа, і так. Ды ў сённяшняй балетнай рэчаіснасці ўсё аказалася з дакладнасцю наадварот...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"