Гліна з падтэкстам

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Мастак-кераміст Валерый Калтыгін нарадзіўся на Брэстчыне, з 1980-х жыве ў Бабруйску. За тры дзесяцігоддзі ён настолькі ўкараніўся ў культурную глебу гэтага горада, што стаў мясцовай славутасцю. На маю думку, уявіць Бабруйск без Валерыя Калтыгіна — тое ж самае, што Віцебск — без Марка Шагала. Пры гэтым адзначу, што такую ацэнку сваёй асобы Валерый Аркадзьевіч наўрад ці ўхваліў бы. Гэта ён у творчасці можа быць дзёрзкім, але ў жыцці — сціплы і далікатны…

/i/content/pi/cult/497/10667/8-5.jpgДнямі ў сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася персанальная выстаўка Валерыя Калтыгіна. Нават тыя, хто мала знаёмы з ягонай творчасцю, нешта чулі пра Міжнародны пленэр па кераміцы “Арт-Жыжаль”, які штогод ладзіцца ў Бабруйску. Калтыгін — нязменны кіраўнік гэтага творчага сумоўя. Паводле яго слоў, яму даспадобы дзяліцца з калегамі ўласным досведам і самому вучыцца ў іх. Гэтая адкрытасць, гатоўнасць адгукацца на новыя павевы, стылёвыя і тэхналагічныя, робіць ягоную творчасць нязменна актуальнай, а творы — запатрабаванымі і ў прыватных калекцыях, і ў дзяржаўных зборах.

Выстаўка займае невялікую залу. Пасярэдзіне размешчана аб’ёмная пластыка, на сценах — экспазіцыя невялікіх, памерам з далонь дзіцяці, медальёнаў, зробленых з нагоды розных падзей прыватнага характару (кшталту сярэбранага вяселля сяброў мастака), а таксама прысвечаных творчасці калег, святам каляндарнага цыкла ды іншым падзеям і з’явам, якія мастак палічыў вартымі сваёй увагі. Па інфармацыйнай насычанасці медальёны нагадваюць кніжныя знакі-экслібрысы, дзе на мініяцюрнай прасторы можа разгарнуцца цэлы аповед пра чалавека і ягонае жыццё. Па аналогіі з экслібрысамі, якія ў графіцы лічацца “найвышэйшым пілатажам”, назаву сведчаннем высокага майстэрства і медальёны кераміста Калтыгіна. Яшчэ дадам, што выявы на медальёнах, іх кампазіцыйны лад выдаюць добрую, усмешлівую іронію аўтара, з якой ён ставіцца да сваіх герояў. Ён шануе сваіх сяброў такімі, якія яны ёсць.

Аб’ёмная пластыка прадстаўляе іншую іпастась майстра — здольнасць працаваць з брутальнай формай, знаходзіць гармонію ў дысанансных спалучэннях. На маю думку, аўтар прадставіў у гэтых абстрагаваных формах — нейкім падабенстве нацюрмортаў — агрэсіўную ўрбаністыку, ад якой хацелася б збегчы, але — няма куды. Бо яна паўсюль…

Размаўляючы з гледачамі, Валерый Калтыгін сказаў, што яго цікавяць старыя рэчы, якія альбо перажылі сваіх гаспадароў, альбо гаспадары пазбавіліся ад іх як ад непатрэбнага жыццёвага баласту. Рэчы маюць памяць, упэўнены мастак, і яны могуць, як людзі, пакутаваць ад самоты ды крыўды. Рэчы “з біяграфіяй” — гэта люстэркавыя адбіткі чалавечых лёсаў…

У мяне ад прагляду выстаўкі і размовы з мастаком засталося ўражанне, нібыта я зноў паглядзеў фільм Андрэя Таркоўскага “Сталкер”, ізноў прайшоўся з галоўным героем па анамальнай зоне, якая насамрэч — звыклая прастора звычайнага жыцця сярэднестатыстычнага чалавека.

Валерый Калтыгін жартоўна заўважыў, што праклінае той дзень, калі ўпершыню ўзяў у рукі гліну, бо цяпер ужо не можа пазбавіцца гэтага наканавання. А між тым, той жа дарогай пайшоў і ягоны сын, які таксама стаў мастаком-керамістам. Дый унукі Валерыя Аркадзьевіча ездзяць з бацькам на “Арт-Жыжаль”, дзе практычна дапамагаюць дзеду ладзіць творчы працэс: колюць дровы для керамічнай печы…

Сярод віншавальных прамоў на вернісажы прагучалі словы пра тое, што Валерый Калтыгін здолеў надаць кераміцы, якую звыкла лічаць мастацтвам для аздобы побыту, глыбіню філасофскага тэксту і эмацыйнасць станковага жывапісу. На маю думку, гэта насамрэч так. Прыходзьце на выстаўку, каб пераканацца! Альбо — не згадзіцца… Творы Калтыгіна спрыяюць разумоваму працэсу.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"