Днямі ў сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася персанальная выстаўка Валерыя Калтыгіна. Нават тыя, хто мала знаёмы з ягонай творчасцю, нешта чулі пра Міжнародны пленэр па кераміцы “Арт-Жыжаль”, які штогод ладзіцца ў Бабруйску. Калтыгін — нязменны кіраўнік гэтага творчага сумоўя. Паводле яго слоў, яму даспадобы дзяліцца з калегамі ўласным досведам і самому вучыцца ў іх. Гэтая адкрытасць, гатоўнасць адгукацца на новыя павевы, стылёвыя і тэхналагічныя, робіць ягоную творчасць нязменна актуальнай, а творы — запатрабаванымі і ў прыватных калекцыях, і ў дзяржаўных зборах.
Выстаўка займае невялікую залу. Пасярэдзіне размешчана аб’ёмная пластыка, на сценах — экспазіцыя невялікіх, памерам з далонь дзіцяці, медальёнаў, зробленых з нагоды розных падзей прыватнага характару (кшталту сярэбранага вяселля сяброў мастака), а таксама прысвечаных творчасці калег, святам каляндарнага цыкла ды іншым падзеям і з’явам, якія мастак палічыў вартымі сваёй увагі. Па інфармацыйнай насычанасці медальёны нагадваюць кніжныя знакі-экслібрысы, дзе на мініяцюрнай прасторы можа разгарнуцца цэлы аповед пра чалавека і ягонае жыццё. Па аналогіі з экслібрысамі, якія ў графіцы лічацца “найвышэйшым пілатажам”, назаву сведчаннем высокага майстэрства і медальёны кераміста Калтыгіна. Яшчэ дадам, што выявы на медальёнах, іх кампазіцыйны лад выдаюць добрую, усмешлівую іронію аўтара, з якой ён ставіцца да сваіх герояў. Ён шануе сваіх сяброў такімі, якія яны ёсць.
Аб’ёмная пластыка прадстаўляе іншую іпастась майстра — здольнасць працаваць з брутальнай формай, знаходзіць гармонію ў дысанансных спалучэннях. На маю думку, аўтар прадставіў у гэтых абстрагаваных формах — нейкім падабенстве нацюрмортаў — агрэсіўную ўрбаністыку, ад якой хацелася б збегчы, але — няма куды. Бо яна паўсюль…
Размаўляючы з гледачамі, Валерый Калтыгін сказаў, што яго цікавяць старыя рэчы, якія альбо перажылі сваіх гаспадароў, альбо гаспадары пазбавіліся ад іх як ад непатрэбнага жыццёвага баласту. Рэчы маюць памяць, упэўнены мастак, і яны могуць, як людзі, пакутаваць ад самоты ды крыўды. Рэчы “з біяграфіяй” — гэта люстэркавыя адбіткі чалавечых лёсаў…
У мяне ад прагляду выстаўкі і размовы з мастаком засталося ўражанне, нібыта я зноў паглядзеў фільм Андрэя Таркоўскага “Сталкер”, ізноў прайшоўся з галоўным героем па анамальнай зоне, якая насамрэч — звыклая прастора звычайнага жыцця сярэднестатыстычнага чалавека.
Валерый Калтыгін жартоўна заўважыў, што праклінае той дзень, калі ўпершыню ўзяў у рукі гліну, бо цяпер ужо не можа пазбавіцца гэтага наканавання. А між тым, той жа дарогай пайшоў і ягоны сын, які таксама стаў мастаком-керамістам. Дый унукі Валерыя Аркадзьевіча ездзяць з бацькам на “Арт-Жыжаль”, дзе практычна дапамагаюць дзеду ладзіць творчы працэс: колюць дровы для керамічнай печы…
Сярод віншавальных прамоў на вернісажы прагучалі словы пра тое, што Валерый Калтыгін здолеў надаць кераміцы, якую звыкла лічаць мастацтвам для аздобы побыту, глыбіню філасофскага тэксту і эмацыйнасць станковага жывапісу. На маю думку, гэта насамрэч так. Прыходзьце на выстаўку, каб пераканацца! Альбо — не згадзіцца… Творы Калтыгіна спрыяюць разумоваму працэсу.