“Туман” з Беларусі

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

У панядзелак у сталічнай філармоніі адкрываецца ІХ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Асаблівасцю амаль усіх такіх форумаў была прэзентацыя новага беларускага твора, які арганізатары замаўлялі камусьці з нашых кампазітараў. Сёлета гэта будзе “Туман” для сімфанічнага аркестра і аргана, напісаны маладой, але ўжо вядомай беларускай творцай Вольгай ПАДГАЙСКАЙ, якая сама будзе і саліраваць.

/i/content/pi/cult/497/10665/8-1.jpg

— Вольга, прэм’ера вашага твора прагучыць не проста ў час фестывалю, а ў Міжнародны дзень музыкі — 1 кастрычніка, у адным канцэрце з кампазіцыямі Сафіі Губайдулінай — класіка расійскага авангарда. Такое суседства не пужае?

— Абавязвае. І вельмі радуе! Нарэшце я змагу з ёй пазнаёміцца! Бо яна ўжо больш за дваццаць гадоў жыве ў Германіі і да нас не завітвала. Для мяне (як, дарэчы, і для кожнага, хто цікавіцца сучаснай акадэмічнай музыкай) яна — адзін з прыкладаў сапраўднага кампазітара і чалавека. Я добра ведаю ейную творчасць, асабліва расійскага перыяду. Але ніколі не імкнулася пераймаць стыль — у рэшце рэшт, гэта шлях у нікуды. Нашмат важнейшымі для мастака з’яўляюцца творчыя зносіны. Дзякуючы Фестывалю Юрыя Башмета да нас ужо трэці год запар прыязджаюць папраўдзе легендарныя творцы, вядучыя класікі сучаснасці. Пазалетась — Гія Канчэлі, летась — Кшыштаф Пендэрэцкі, сёлета — Соф’я Губайдуліна. Фестываль папулярызуе не толькі музычную класіку, але і авангард, і гэта не можа не ўплываць на нашу нацыянальную культуру.

— Фестывальны рух, наколькі я ведаю, вам далёка не абыякавы, бо вы чалавек, багаты на ідэі і лёгкі на пад’ём. У свой час у складзе некалькіх калектываў шмат выступалі ў замежжы, зараз удзельнічаеце ў праекце сучаснай музыкі і нямога кіно “Кінемо”, які набывае міжнародны разгорт…

— Сутнасць “Кінемо” ў тым, што на адкрытым паветры, ва ўнутраным дворыку Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура дэманструюцца малавядомыя стужкі, разлічаныя на інтэлектуальнага гледача, а маладыя беларускія кампазітары іх агучваюць. З гэтым праектам нас запрасілі ў Белавежскую пушчу, на экалагічна-культурны “Прызба-фэст”, які праводзіўся ўпершыню. Там да нас далучыліся музыканты з Польшчы і Германіі. Наступныя паказы — у тры апошнія пятніцы кастрычніка, ізноў у Музеі Азгура. Але галоўнае, што праз “Кінемо” ў мяне яшчэ больш пачала развівацца кінематаграфічнасць мыслення.

— Гэтая рыса, магчыма, выявілася і ў драматургіі “Тумана”?

— Безумоўна. Увогуле, разнастайныя мантажныя прынцыпы шырока выкарыстоўваюцца ў музыцы, асабліва сучаснай, ажно да праславутай “кліпавасці”, калі асобныя элементы літаральна мільгаюць, паступова складваючыся ў агульную карціну.

— Але назва “Туман” наўрад ці асацыюецца з мазаікай — хутчэй, з чымсьці глейкім і адначасова прывідным…

— Прызнацца, з назвай давялося памучыцца. Але, пагадзіцеся, “туман” — слова надзвычай шматграннае, шматзначнае і цягне за сабой папраўдзе бясконцы шлейф асацыяцый.

— Так, тут і Беларусь з яе надвор’ем, і космас з яго туманнасцю Андрамеды… Нядаўні фільм Сяргея Лазніцы “У тумане”, зняты па аднайменнай аповесці Васіля Быкава… Нарэшце, выраз “туман у галаве”, што азначае перамогу падсвядомасці над свядомасцю…

— Для мяне туман — гэта яшчэ і звязаныя з ім легенды, паданні, што сустракаюцца ў розных народаў. Пра дзяўчыну, якая, каб спыніць вайну, кінулася ў бездань і ператварылася ў туман, што схаваў войскі ад непрыяцеля. Або проста пра туман, які паўстаў паміж варагуючымі лагерамі і прадухіліў ці спыніў вайну…

— Цікава, а якімі былі патрабаванні арганізатараў Фестывалю Юрыя Башмета? Тэма будучага твора не абмяркоўвалася?

— Прасілі штосьці нацыянальнае, каб былі задзейнічаны цымбалы ці дуда. Але беларускія творы з такімі інструментамі на Фестывалі Башмета ўжо гучалі. У 2011-м — “Сны замкавай гары” Канстанціна Яськова, дзе саліравала Вераніка Прадзед. У 2008-м — “Паганскае дзейства” Вячаслава Кузняцова. Там з сімфанічным аркестрам ядналіся ансамблі аўтэнтычных рускіх і беларускіх народных інструментаў. Я ж прапанавала — арган.

— Бо, акрамя атрымання кампазітарскага дыплома, вы скончылі нашу Акадэмію музыкі яшчэ і па класе аргана?

— Справа не толькі ў гэтым. Арган — той інструмент, які сімвалізуе гістарычнае мінулае нашай краіны, пласты прафесійнай музыкі беларускай даўніны. Фальклорны ж пачатак прадстаўлены ў творы на інтанацыйным узроўні — не праз цытаты, а стылізацыяй. Дарэчы, я хацела паслухаць свой твор з залы, прапаноўвала, каб саліраваў хтосьці з замежных арганістаў, але не атрымалася…

— Затое будзе цалкам аўтарская канцэпцыя!..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"