Летуценнік без кампрамісаў

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Мікалай Тарасікаў. “Я слаўлю тых, хто след для нас пакінуў…”
На жаль, я не быў знаёмы з гэтым цудоўным мастаком. Не паспеў. Ён пайшоў з жыцця 11 ліпеня 1965 года, а я прыехаў з Ленінграда ў Мінск напрыканцы жніўня. У першыя ж дні сваёй працы ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР падрабязна азнаёміўся з тагачаснай пастаяннай экспазіцыяй беларускага выяўленчага мастацтва на першым паверсе. І сярод іншых жывапісных твораў па свежасці ды выразнасці каларыту, па яснасці кампазіцыйнага мыслення адзначыў для сябе цудоўны “Партрэт акадэміка М.М. Нікольскага”. Я зацікавіўся аўтарам (а гэта быў Мікалай Тарасікаў), і дырэктар музея Алена Васільеўна Аладава параіла мне звярнуцца да мастацтвазнаўцы Пятра Герасімовіча, таксама супрацоўніка ўстановы (мы працавалі ў адным кабінеце), і да жывапісца Яўгена Красоўскага, якія вельмі блізка сябравалі з мастаком.

/i/content/pi/cult/497/10660/15-2.jpg

Мікалай Тарасікаў. "Кветкі"; "Аўтапартрэт".

/i/content/pi/cult/497/10660/15-1.jpgТак пачынаўся мой доўгі шлях да спадчыны Тарасікава, які прадоўжыўся да дня сённяшняга. Што і казаць, нічога сур’ёзнага я за гэтыя дзесяццігодзі пра мастака так і не напісаў, не лічачы двух-трох кароткіх нарысаў ды некаторага ўдзелу (разам з рэдактарам кнігі Г.Падбярэзскім) у рэдагаванні невялічкай кніжкі “Мікола Тарасікаў” (з успамінамі пра яго сучаснікаў), якую склаў той самы Красоўскі ў 1977 годзе для выдавецтва “Беларусь”.

Прыкладна ў той жа час мы з мастаком Леанідам Дударэнкам і паэтам Анатолем Астрэйкам ездзілі ў Пінск на фестываль мастацтваў “Пінскія зоры”. І вось па дарозе я высветліў, што Анатоль Пятровіч добра ведаў Тарасікава і нават прысвяціў яму верш, у якім былі такія словы:

Бывае, смутак душу агартае…

Тады ў музей мастацтва я іду,

І смутак мой

нібы туман знікае —

З жыццёвай праўдай

гутарку вяду.

Сустрэчы рады

з кожнаю карцінай,

Перад табой

нямею, прыгажосць.

Я слаўлю тых,

хто след для нас пакінуў

Пра родны край,

пра нашу маладосць…

А пазнаёміў яго з Тарасікавым той жа Красоўскі, яшчэ даваенны сябра паэта. “Добра спазнаўшы Міколу Лукіча, я пераканаўся, — распавядаў Астрэйка, — што Тарасікаў — чалавек з густам, з жыццёвым і творчым досведам. Ён шчыра і прафесійна тлумачыў пачаткоўцам (шмат займаўся педагагічнай дзейнасцю ў розных установах), што такое колер, як трэба карыстацца палітрай і як правільна будаваць кампазіцыю. Мяне толькі трывожыла яго нейкая экспансіўнасць: ён вечна нечым захапляўся ды імкнуўся да нязведанага, але ніколі не хваліўся здабыткамі і пастаянна шукаў сваё ў святлацені, колеры, гаме жывапіснай палітры. Я ўпершыню пабачыў работы мастака на яго персанальнай выстаўцы 1938-га, калі яму споўнілася толькі трыццаць, і быў рады знаходкам, якія красамоўна сведчылі аб выдатным таленце творцы. Я нават надрукаваў пра яго работы заметку ў “Літаратуры і мастацтве”…

Але, на жаль, пасля смерці мастака за мінулыя амаль паўстагоддзя, так нічога фундаментальнага пра яго жыццё ды творчасць не з’явілася ні ў СМІ, ні ў выдавецтвах, ні на тэлебачанні, ні на радыё. У шостым томе “Гісторыі беларускага мастацтва” (1994, выйшаў пад рэдакцыяй В.Жука) толькі было сказана, што М.Тарасікаў — “…адзін з найбольш таленавітых і пакуль што не ацэненых мастакоў”. Ну, і пару разоў ягонае імя згадвалася там у пераліку іншых імёнаў. Тым не менш, падкрэслю, што ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва захоўваецца цудоўны архіў спадчыны Мікалая Лукіча — ад яго твораў да шматлікіх лістоў ды дакументаў, фатаграфій, чарнавікоў лекцый і аўтабіяграфій, і г.д., — які ў свой час быў перададзены ўдавой мастака. Так што будучым даследчыкам — зялёнае святло…

Мне здаецца, што Тарасікаў і сваёй няпростай біяграфіяй, і жывапісным іскрамётным майстэрствам, сваім індывідуальным, самабытным мастацтвам у цэлым, бескампрамісным стаўленнем да любой халтуры ды канфармізму ў творчасці і асабістай верай у новыя формы пластычнага адлюстравання рэчаіснасці не заслугоўвае быць цалкам забытым. А ўсё, на жаль, да таго і ідзе, тым больш, што людзей, якія блізка ведалі жывапісца, амаль не засталося ў жывых. Хаця не чэзне ў мяне надзея, што пры сённяшнім кіраўніцтве Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, якое вельмі далікатна ставіцца да памяці тых, хто ўнёс уклад у нашу выяўленчую культуру, гэтая справа можа атрымаць годны працяг…

У дадзеным нарысе я паспрабую хаця б трошкі закрыць тыя “белыя плямы”, якія да гэтага часу існуюць у біяграфіі Мікалая Лукіча Тарасікава. Разумею, што, магчыма, гэта сёння не патрэбна маладым мастакам ды мастацтвазнаўцам, каго ўжо мала цікавіць наша мінулае і тым больш нейкія “старыя”, якія будавалі фундамент нацыянальнага мастацтва. Але гэта не іх віна, гэта — іхняя бяда, таму што іх у большасці сваёй выхоўвалі такія ж педагогі — іваны без роду і племені…

Мікалай Тарасікаў нарадзіўся ў Омску. Яго бацька Лука Іванавіч, беларус, родам з Гомеля, быў яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя сасланы ў Сібір за ўдзел у рэвалюцыйным руху як член стачачнага камітэта, які арганізоўваў маёўкі, сходы, спробы зрабіць замах на губернатараў, і наогул — заклікаў да звяржэння самаўладства. Маці, Алена Фёдараўна Чыкішава-Тарасікава, — з сібірскіх мяшчан. Дзяды і прадзеды па маці — з данскіх казакоў, якія яшчэ з пугачоўскіх мяцежных часоў перасяліліся ў Сібір і перайшлі ў купецкае саслоўе.

Хлопчык з ранніх гадоў захапляўся рысаваннем, а незадоўга да рэвалюцыі ягонымі кумірамі сталі Маякоўскі і “кубафутурысты”, Хлебнікаў і “будэтляне”, пазней — Пікаса і яго паплечнікі-кубісты, Малевіч, экспрэсіяністы: “У іх я бачыў перш за ўсё змагароў са старым руцінным салонна-модным мастацтвам і фотанатуралізмам, ілжыва-праўдападобным, гладка прыкрым і коўзкім” (з чарнавіка аўтабіяграфіі).

Аднойчы, у пачатку нэпу, гаспадар омскай прыватнай мукамольнай фабрыкі, які дазнаўся пра мастацкі талент Колі, замовіў яму шыльду з бляхі, даў падрамнік і дзве банкі чорнай ды белай алейнай фарбы. “Гэты заказ я памятаю добра, — успамінаў Тарасікаў. — Тады тата працаваў токарам, заробку не хапала на жыццё, а сям’я была вялікая. Галадалі… Я ж быў ужо пісьменны, сам навучыўся чытаць, ведаў усе лічбы да ста, вельмі спадабалася множанне, але цярпець не мог дзесятковыя дробы. Матэматыку не любіў: занадта мудрагеліста і абстрактна, цьмяна і маркотна. Вось літаратура, гісторыя, геаграфія лічыліся сур’ёзнымі навукамі, а чамусьці рысаванне, спевы, фізкультура — так, заняткі легкадумныя, для лянівых, ад няма чаго рабіць. Словам, намаляваў я шыльду для фабрыкі з відам млына, і атрымаў за гэта цэлы мех мукі. Маці спякла пірагі і бліны, згатавала сапраўдныя пельмені — вось быў сямейны банкет на ўвесь свет!..”

У 1923-м сям’я Тарасікавых перабралася ў Гомель — на радзіму бацькі. Тут Коля скончыў дзевяцігодку і адначасова займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва ў выдатнага жывапісца Сяргея Каўроўскага, будучага аўтара знакамітай карціны “Тачыльшчык”. Побач вялі ўрокі Г.Ніскі, Л.Русецкі і А.Маневіч. Вынік заняткаў Мікалая быў добры: ён неаднойчы ўдзельнічаў у абласных выстаўках, за што атрымаў некалькі прэмій, а ў 1927-м на Другой Усебеларускай мастацкай выстаўцы было куплена адразу чатыры яго работы для Дзяржаўнай карціннай галерэі. Двума ж гадамі раней ён паслаў у Маскву на конкурс гравюру “Малочніца”, і яе надрукавалі ў часопісе “Рабоче-крестьянский корреспондент”. Гэта быў другі ганарар пасля таго самага “Млына” для мукамольнай фабрыкі…

Пра “Малочніцу” Тарасікаў так успамінаў у сваёй аўтабіяграфіі: “У той час кожны дзень з найбліжэйшай вёскі Весялоўка каля Гомеля да нас насіла малако адна сялянка. У кухні звычайна размяшчалася з бітонам. Цудоўна, маляўніча! Я рабіў накіды з натуры, потым абагульняў для графікі. У чыгуначных майстэрнях у вагонным цэху дастаў лінолеум і стаў рэзаць нажом. Потым мой сябра Стараносаў з парасона ўмудрыўся зрабіць спецыяльнае завострыванне, што вельмі аблягчыла работу над гравюрай. На жаль, усе мае эксперыменты загінулі ў час вайны…”

Пасля трох гадоў заняткаў у студыі Тарасікаў, адчуўшы ў сабе вялікія патэнцыйныя магчымасці, паехаў у Віцебск, дзе, паказаўшы свае мастакоўскія экзерсісы, адразу быў залічаны на трэці курс мастацкага тэхнікума — у групу педагога Ф.Фогта...

Працяг артыкула пра Мікалая Тарасікава чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"