Небяспечны тэатр?

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

“Артмігранты” задалі тэндэнцыі
У кожнага тэатральнага форуму свае мэты і задачы, але, здаецца, усе фестывалі аб’ядноўвае адна ідэя: узнаўленне культурнага і чалавечага дыялога, калі важнымі становяцца мастацкія памкненні ды цікавасць да бліжняга. Папулярны тэрмін “open-minded” (“адкрытасць свету”) робіцца невербальным лозунгам ці не кожнага тэатральнага фэсту. Вось і Маладзёжны форум “Артміграцыя”, які прайшоў у другі раз у Маскве, меў на мэце стымуляванне маладзёжнай творчай мабільнасці, стварэнне матывацый для мастацкага эксперыменту і наладжванне кантакту.

/i/content/pi/cult/497/10659/14-3.jpg

Сцэна з дакументальнага спектакля "Запіскі на згушчонцы. Клаўдзія" Цюменскага маладзёжнага тэатра "Ангажэмент".

Арганізатар фэсту — расійскі Саюз тэатральных дзеячаў. Ён займаецца шырокім спектрам падтрымкі тэатральнай справы, асабліва — маладых творцаў: Летняя школа, падтрымка форумаў у рэгіёнах, фестываляў студэнцкіх спектакляў “Твой шанец” і “Solo”, рускіх тэатраў краін СНД і Балтыі, сістэма грантаў на пастаноўку аперэты, мюзікла і рэалізацыю праектаў для дзяцей ды падлеткаў, стыпендыі для рэгіянальных труп з мэтай падтрымкі моладзі…

Праграма “Артміграцыі” — гэта спектаклі рэжысёраў, выпускнікоў цэнтральных ВНУ Расіі, якія ажыццявілі пастаноўкі за межамі Масквы і Санкт-Пецярбурга. А таксама майстар-класы “Гамер у дзеянні” ад Стафіна Лівафіноса (Афіны), “Гэта мы не праходзілі” ад Вячаслава Какорына для акцёраў, Лабараторыя маладых крытыкаў пад кіраўніцтвам Паўла Руднева, праект “Жывы журнал “Тэатр” ад Марыны Давыдавай, інсталяцыі, чыткі п’ес, відэапаказы… Маладыя рэжысёры, акцёры, крытыкі з Расіі, Беларусі, Арменіі, Літвы, Казахстана, Грузіі, Украіны мелі магчымасць не толькі абмеркаваць спектаклі ды паўдзельнічаць у майстар-класах, але і стварыць сумесныя праекты. Прычым праектнае мысленне насамрэч стала новым спосабам камунікацыі, у якой важнае — стварэнне новых мастацкіх форм. Урэшце, тэатр сёння становіцца ўсё больш сінтэтычным: скажам, лялечны злучаецца з відэаартам, выкарыстоўваюцца медыйныя дэкарацыі, святло можа рэагаваць на цялеснасць артыста, рэжысёры часта адмаўляюцца ад вялікай сцэны і выкарыстоўваюць лофты для спектакляў, каб быць бліжэй да гледача. Перад намі спроба даць гледачу адчуць, што ён сам можа стаць аб’ектам мастацтва. Тэатр, адмаўляючыся ад ролі храма, становіцца ўсё больш мабільным і адкрытым да дыялога. Гэтая думка чырвонай ніткай праходзіла праз усю “Артміграцыю”.

У Расіі, як і ў Беларусі, маладыя рэжысёры імкнуцца застацца ў сталіцы. Аднак грантавая сістэма падтрымкі рэжысёраў, якія ажыццяўляюць свае пастаноўкі ў іншых гарадах, зрабіла сваю справу. Рэгіянальныя тэатры прадставілі цікавы зрэз з пераасэнсаваннем класікі ды сучаснай драмай. Рэжысёры, якія ў Маскве, можа, ніколі і не атрымалі б пляцоўкі для рэалізацыі амбіцый, стварылі тэндэнцыйныя спектаклі.

Цікавай аказалася оптыка бачання маладых рэжысёраў у дачыненні да класікі і сучаснай п’есы. “З “Нахлебнікам” Івана Тургенева я працаваў як з п’есай, напісанай сёння, — распавядае рэжысёр спектакля Яўген Маленчэў (Тульскі акадэмічны тэатр драмы). — Хацелася зразумець, наколькі гэтая гісторыя сучасная. Я хацеў збіць пыл, пазбавіцца штампаў, міфаў, напрыклад, нейкага стэрэатыпу тургенеўскіх паненак, стэрэатыпу нуднай класікі, якую немагчыма чытаць. Гэта насамрэч вялікі тэкст, але не трэба ставіцца да яго пагардліва, трэба быць з ім на роўных, як з жывым. Мне здаецца, у гэтым — ключ да прачытання класікі. Нібыта аўтар жыве сёння, і я магу яму патэлефанаваць ды спытацца пра нешта”. 
Не займаючыся рэзкім асучасніваннем п’есы, рэжысёр аскетычнымі прыёмамі пераносіць тургенеўскі тэкст на сцэну. Мінімалістычныя, але дакладныя дэкарацыі (сцяна, якая “вымушае” артыстаў іграць увесь спектакль на авансцэне), паказваюць пачуцці і дзеянні нібы пад павелічальным шклом. Просты сюжэт: у памешчыцкай сядзібе жыве кранальны нахлебнік, які аказваецца бацькам маладой уладальніцы маёнтка. “Вы дзе-небудзь у куточку пасядзіце”, — такі лейтматыў месца героя ў чужым доме ўвасабляецца ў сцэнаграфічным рашэнні вострага кута пасярэдзіне сцяны — прытулак героя, які толькі напрыканцы гісторыі асмеліваецца заявіць: “Мяне Васіль Сямёнавічам завуць!”.

Імкненне да дакументальнасці, адмаўленне ад метафарычнасці і сцэнаграфічнай грувасткасці праглядалася ва ўсіх спектаклях форуму. Ілья Ратэнберг, рэжысёр пастаноўкі “Як я стаў” Яраславы Пуліновіч (Томскі тэатр юнага гледача), выкарыстоўвае мінімальныя сродкі. Гісторыя маладога чалавека, які апынаецца перад складаным маральным выбарам, іграецца амаль на пустой сцэне. Дарэчы, аўтарка аказалася запатрабаванай. Яе ўжо культавую п’есу “Наташына мара” ажыццявіў Уладзімір Кузняцоў ва Уладзімірскім абласным тэатры драмы. Маналог 15-гадовай выхаванкі дзіцячага дома насычаны драматызмам. Спектакль адначасова напоўнены гумарам і шчымлівай інтанацыяй. Актрыса Наталля Дзямідава стварае вобраз траўміраванай дзяўчыны, і разам з ім паўстае вобраз краіны і вобраз эпохі.

Рэжысёр Кірыл Леўшын працягвае размову пра сучаснага чалавека ў спектаклі “Тэхніка нумар 8” па аднайменнай п’есе маладога аўтара Анастасіі Малейка (Гарадскі драматычны тэатр “Пошук”, Лесасібірск): сям’я, якая ўжо шмат гадоў удзельнічае ў рэаліці-шоу, страчвае пачуццё рэальнасці і не жыве насамрэч, а толькі выконвае ролі. Тэндэнцыйнай зрабілася адмаўленне ад вялікай сцэны і стварэнне пастановак у свабоднай прасторы з медыяпраекцыямі. Спектакль “Музей Дастаеўскага” рэжысёра Сямёна Серзіна — своеасаблівы квэст, у якім дзеянне адбывалася ў розных кутах пляцоўкі “Баярскія палаты”. Гледачам выдавалі карту, і яны маглі пераходзіць ад аднаго дзеяння да іншага. У постапакаліптычнай меладраме “Фантазіі Трэплева” Юрыя Муравіцкага і Сабы Лагадзэ акцёраў не было ўвогуле. Відэапрэзентацыя спарадзіла спрэчку на тэму “Што можна лічыць тэатрам і дзе яго межы?”.

Менавіта сёння як ніколі адкрываюцца дзверы паміж рознымі культурамі, менавіта сёння можна ажыццяўляць міжнародныя праекты ды шукаць новыя тэатральныя формы. “Тэатр у Расіі робіцца ўсё больш ўплывовым і небяспечным“, — падкрэсліваў вядомы тэатральны крытык Павел Руднеў пад час фестывалю. Здаецца, у гэтым і ёсць сэнс тэатральнага мастацтва…

Крысціна СМОЛЬСКАЯ, тэатральны крытык, кандыдат мастацтвазнаўства

Фота з сайта фестывалю