Што бачна з “Белай Вежы”?

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Пра ХІХ Міжнародны фестываль...
Добры знак: у дзень закрыцця ХІХ Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая Вежа” член аргкамітэта (а насамрэч — душа і розум гэтага форуму), генеральны дырэктар — мастацкі кіраўнік Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Аляксандр Козак ужо агучыў некаторыя ідэі наконт наступнага, юбілейнага, свята. Такі доўгатэрміновы разлік і вельмі сур’ёзны, нават скрупулёзны падыход да фарміравання праграмы, імкненне насыціць фестывальны тыдзень максімальнай колькасцю спектакляў — абавязкова добрых і розных, даўно сталі адметнасцю форуму ды залогам яго пастаяннага развіцця.

/i/content/pi/cult/497/10657/7-1.jpg

Сцэна са спектакля "Кніга Іова". / Фота прадастаўлена Брэсцкім акадэмічным тэатрам драмы.

/i/content/pi/cult/497/10657/7-2.jpg

Сцэна са спектакля "Дзве ножкі".

Геаграфія па-мастацку

Праўда, адлегласць паміж добрым і розным бывае на гэтым фестывалі невымернай. У тым сэнсе, што заўсёды паўстае пытанне, на які паказчык арыентавацца: на верхнюю планку, занятую лаўрэатамі, ці на агульны “сярэднестатыстычны” ўзровень? З першага пункта гледжання, сёлетняя “Белая вежа” — унікальная. Прычым у параўнанні не толькі з самой сабой, але і з многімі найпрэстыжнымі тэатральнымі форумамі. А вось з другога — на гэты фестываль (як і на ўсё іншае, вядома) моцна ўплывае грашовы фактар, неабходнасць запоўніць залу не проста запрошанымі гасцямі, а найперш тымі, хто набыў білеты. Таму на адным полюсе апынаюцца такія знакавыя рэжысёры, як Эймунтас Някрошус, Леў Эрэнбург. На другім — танная расійская антрэпрыза, хай і ўвасобленая ў стацыянарных маскоўска-пецярбургскіх тэатрах, “нацягнуты” гумар сумніўнага ўзроўню, ад якога хочацца не крыва ўсміхацца, а плакаць. Але і пры такім мастацкім разгорце вышэйшая планка — пераважвае. А супадзенне некаторых паказаў па часе дазваляе рабіць беспамылковы выбар і знаходзіць кожнаму — сваё (хаця для тых жа крытыкаў ды спецыялістаў, якіх на фестывалі не так і мала, больш зручным быў бы зрух некаторых паказаў літаральна на паўгадзіны, максімум на гадзіну).

Увогуле ж, арганізацыйны бок фестывалю працуе як адладжаны гадзіннік. А тое, што амаль адначасовая дэманстрацыя спектакляў ажно на трох пляцоўках без праблем збірае публіку, сведчыць: фестываль выхаваў свайго гледача — тэатральнага, дасведчанага, зацікаўленага. Мае форум і сваіх прыхільнікаў у той жа сталіцы, не абдзеленай, здавалася б, падзеямі. Год за годам у Брэст едуць “павышаць кваліфікацыю” найбольш апантаныя студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, маладыя рэжысёры, крытыкі, артысты. Хтосьці спыняецца ў родных і знаёмых, хтосьці здымае ўсёй кампаніяй кватэру. І — на прагляды ды абмеркаванні. Зразумела, ідэальным было б камандзіраванне творцаў, мастацкага кіраўніцтва тэатраў на гэты ды іншыя форумы. Але і пры адсутнасці такой магчымасці кожны спецыяліст, асабліва малады, вырашае для сябе амаль гамлетаўскае пытанне: ехаць ці не ехаць? Застаецца спадзявацца, што праз час тая ж “Белая вежа” дасць дадатковы кірунак культурнаму турызму, у тым ліку сярод замежнікаў. Бо ўжо зараз намецілася тэндэнцыя максімальна шырока прадстаўляць тэатры былых савецкіх рэспублік. Сёлета, да прыкладу, акрамя ўдзельнікаў з Італіі, Польшчы, Славакіі, былі тэатры не толькі з Расіі і Украіны, але і з Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Эстоніі. І сярод іх — не адно перыферыйныя (дзе, дарэчы, здараюцца суперпадзеі), але і сталічныя, са статусам нацыянальных, якія даюць больш поўнае ўяўленне пра цяперашні стан тамтэйшага тэатральнага мастацтва. Гэта — яшчэ адна важная тэндэнцыя фестывалю, якая заслугоўвае далейшай увагі і ўсебаковай падтрымкі, робячы форум цікавым нават для тых, хто ў курсе найбольш нашумелых расійскіх і еўрапейскіх прэм’ер.

Пяць кульмінацый — не мяжа!

Асабіста я налічыла на фестывалі ажно пяць кульмінацый, прычым разнапланавых. Генеральнай кульмінацыяй, як і трэба было чакаць, аказалася “Кніга Ёва” Тэатра-студыі “Meno Fortas” з Вільнюса (Гран-пры фестывалю, дыплом лаўрэата “За лепшую мужчынскую ролю”). Ці можна паставіць Біблію, ды не ў сюжэтным, а менавіта ў філасофскім разгорце? А яшчэ каб гэта было надзвычай тэатральна, відовішчна, пластычна, а не “размоўна-лекцыйна”. І каб спектакль, які патрабуе ад гледача не меншай аддачы ды паглыблення, чым ад пастаноўшчыкаў і артыстаў, не адпускаў далей, вымушаючы зноў і зноў вяртацца да ўбачанага ды асэнсоўваць-пераасэнсоўваць яго, пераконваючыся ў дакладнасці і дасканаласці выкладзеных у ім думак. Бо, пры ўсёй “літоўскасці” ды актуальнасці пастаноўкі, бязмежнай разгалінаванасці асацыятыўных шэрагаў і мастацкіх спасылак, што заўсёды ўласціва Някрошусу, пры ўсіх новых вымярэннях тэатральнай прасторы, спектакль застаецца класічным у галоўным — гімне ў гонар чалавека, чалавецтва, чалавечнасці. А тое, што брэстчане паспелі паглядзець яго аднымі з першых, літаральна адразу пасля прэм’еры (нават у Маскве пакуль дэманстраваўся толькі эскіз да спектакля), робіць дадатковы гонар арганізатарам форуму ў горадзе над Бугам і сведчыць пра яго вельмі высокі прэстыж.

Прэстыжнасць фестывалю падкрэслівае і той факт, што Тэатр маленькіх ножак з Фарлімпопалі (Італія) прыехаў на яго па ўласнай ініцыятыве. Вероніка Ганзалес знайшла звесткі пра фестываль праз Інтэрнэт і, што называецца, літаральна напрасілася ва ўдзельнікі. А між тым, яе монаспектакль “Аднойчы дзве маленькія ножкі…” можа ўпрыгожыць любы фестываль самага высокага ўзроўню. А тэхніка, у якой яна працуе, увогуле з’яўляецца ўнікальнай: на сённяшні дзень, як распавяла артыстка, ёй валодаюць толькі двое — яна сама і яе настаўніца. Бо ў якасці лялек выкарыстоўваюцца… ногі выканаўцы: ступні ператвараюцца ў твары, на шчыкалаткі чапляюцца сцэнічныя ўборы — і лялька гатова. У якасці “зыходнага матэрыялу” Вероніка выкарыстоўвае і іншыя часткі цела, пераўвасабляючыся на нашых вачах. Яе спектакль — сямейны, аднолькава цікавы людзям усіх узростаў, пачынаючы амаль з немаўлят. Цыкл мініяцюр, прысвечаны вечнай і такой актуальнай сёння тэме ўзаемаразумення (ад асабістага шчасця і кахання да міру ва ўсім свеце), аказаўся падпарадкаваны сапраўднай сімфанічнай драматургіі. А ў вобразах і выкарыстаных прыёмах чытаўся працяг традыцый не толькі італьянскай камедыі масак (не забывайцеся, што для Італіі гэта жывая нацыянальная тэма!), але і старажытнагрэчаскага (і, дарэчы, старажытнарымскага) тэатра, разнастайных сярэднявечных пастановак, розных форм школьнага тэатра і да т.п. А над усім — вялікая абаяльнасць артысткі, яе імкненне быць зразумелай, “пасябраваць” з публікай, ні ў якой меры не апускаючы высокую мастацкую планку. Трэба было бачыць, як пасля спектакля дзеці кінуліся да яе, а яна, у сваю чаргу, шчодра адорвала іх сувенірнымі паштоўкамі (якія выконвалі яшчэ і дадатковую рэкламную функцыю)!..

Не менш ярка быў выяўлены нацыянальны пачатак у абодвух прачытаннях Уільяма Шэкспіра, што можна лічыць яшчэ адной найвышэйшай кропкай “Белай Вежы”, падзеленай на падыход да кульмінацыі і яе апафеоз. Цікава, што ў абодвух выпадках тэатры па розных прычынах звярнуліся да не самых папулярных яго п’ес. Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Габрыэла Сундукяна з Ерэвана (Арменія) прывёз спектакль “Кароль Джон”, атрымаўшы дыплом лаўрэата “За захаванне нацыянальных традыцый у спектаклях класічнага рэпертуару” (дадамо, што спектакль рыхтаваўся па замове знакамітага англійскага тэатра “Глобус” і упершыню быў паказаны на яго сцэне ў рамках Шэкспіраўскага фестывалю). Дзяржаўны прафесійны тэатр юнага гледача імя Надара Думбадзэ з Тбілісі (Грузія) паказаў “Зімовую казку” (але выступаў апошнім, ужо пасля падвядзення вынікаў, і таму, на вялікі жаль, апрыёры не мог прэтэндаваць на ўзнагароду). Абедзве п’есы не трактаваліся літаральна, а сталі падставай для актуальнай размовы — усё на тую ж тэму ўзаемаразумення, асабістага і грамадскага: “Кароль Джон” даследаваў механізмы, “паліттэхналогіі” развязвання вайны, “Зімовая казка” — жудасныя наступствы рэўнасці, шлюбнай і бацькоўскай, і, шырэй, неўтаймаваных жарсцяў, што не былі суцішаны розумам.

Грузінскі ТЮГ, да ўсяго, паказаў прыклад фарміравання рэпертуару і эстэтыкі, скіраваных яшчэ і на маладзёжную праблематыку. Акурат у адпаведнасці з класічнай формулай, што для дзяцей (а ў дадзеным выпадку — для падлеткаў і моладзі) трэба рабіць, як для дарослых, толькі яшчэ лепш. Імя маладога рэжысёра (а яшчэ і драматурга, адзначанага безліччу прэмій, а таксама акцёра) Дата Тавадзэ, які супрацоўнічае з Лонданскім тэатрам Каралеўскага квартала, у нас пакуль не так шырока вядома, але, я ўпэўнена, хутка яно стане знакавым.

Тэатр-студыя “Невялікі драматычны тэатр” з Санкт-Пецярбурга здзівіў трагікамедыяй (а на мой погляд, трагіфарсам) “Ю” паводле аднайменнай п’есы Вольгі Мухінай (дыплом лаўрэата “За лепшую рэжысуру”). Праўда, ад п’есы, як гэта часцяком бывае ў Льва Эрэнбурга, практычна нічога не засталося. І калі ў ягонай “Навальніцы”, паказанай некалькі гадоў таму ў Мінску на сцэне Купалаўскага, заставалася сама атмасфера, аўра драматургіі А.Астроўскага, дык у “Ю” змяніўся не адно літаратурны тэкст, а сама танальнасць аповеду. Ад слова “люблю” засталася не двойчы паўтораная апошняя літара, а супрацьлегласць — “не люблю”, скіраванае кожным персанажам на сябе самога. А ўся пастаноўка стала збіральным і зусім не ідылічным партрэтам савецкай эпохі, дзе не толькі героі, а сам грамадскі лад жыцця няўмольна рухаецца да самазабойства. Спалучэнне абсурдысцкіх дыялогаў з гэткай рэалістычнай эстэтыкай самога спектакля стварыла адчуванне “рэальнага” сюррэалізму — бясконцага да бясконцасці.

І ўжо абсалютна нечаканым фестывальным адкрыццём стаўся Ровенскі абласны акадэмічны ўкраінскі музычна-драматычны тэатр з “Апошнім тэрмінам” (паводле аднайменнай аповесці Валянціна Распуціна; дыпломы лаўрэатаў “За лепшы спектакль малых форм” і “За лепшую жаночую ролю”). Ён цалкам абверг думкі і наконт “састарэласці” традыцыйнага псіхалагічнага тэатра, і наконт “перыферыйнасці” тэатраў абласнога маштабу, і наконт залежнасці рэжысёра ад акцёрскай адоранасці. Уладзімір Петрыў зрабіў такую пастаноўку, у якой крытыкі былі гатовы падзяліць прызы за лепшыя ролі паміж усімі ўдзельнікамі! І гэта прытым, што спектаклю ўжо больш за шэсць гадоў і ў ім узніклі акцёрскія замены. А яшчэ — пастаноўка ўшчэнт разбіла звыклы падзел спектакляў на “фестывальныя” і “нефестывальныя”. Бо якасць, раўназначная высокай класіцы, не можа быць “нефестывальнай”. І, наадварот, без адэкватнага ўвасаблення ніякая творчая ідэя не вырасце да ўзроўню фестывальнай.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"