Не “абавязаны прапісцы”

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Магілёў і Гомель: два погляды на поспех і “геаграфічнае становішча”
Не раз чуў такія фразы, што музыканты, якія выконваюць непапсовую музыку (урэшце, і не толькі) і пры тым жывуць не ў сталіцы, адрасавалі мінскім калегам: “Вам лёгка стаць знакамітымі! Усе цэнтравыя пляцоўкі — у вас, вядучыя СМІ, Інтэрнэт, FM-станцыі, студыі гуказапісу, прадзюсары, двухмільённы горад!.. Невядома яшчэ, ці здолелі б вы стаць папулярнымі, каб мы з вамі памяняліся геаграфічным становішчам!” Усё так. І — не так. А як? Пра тое мы папрасілі выказацца музыкантаў двух гуртоў, адзiн з якіх, “Akute”, “вырваўшыся” з Магілёва, сёння карыстаецца ўстойлівым попытам не толькі ў Мінску, але і за мяжой. Іншы ж, “Glofira”, з Гомеля, нягледзячы на ўзрост, усё яшчэ набірае абароты. Бас-гітарысту “Akute” Раману ЖЫГАРАВУ (далей — Р.Ж.) і франтмену “Glofira” Сяргею СОЧНЕВУ (С.С.) мы задалі адны і тыя ж пытанні…

/i/content/pi/cult/497/10655/6-1.jpg

Гурт "Akute". Раман Жыгараў — у цэнтры.

/i/content/pi/cult/497/10655/6-2.jpg

Гурт "Glofira". Сяргей Сочнеў — першы злева.

— Як жывецца неэстрадным выканаўцам, якiя працуюць не ў сталіцы? Існаванне іх “у прафесіі” мае асаблівасці?

Р.Ж.: — Пытанне варта разглядаць у некалькіх кантэкстах. Першы аспект — калі нехта стаў займацца такой музыкай. Возьмем умоўную кропку адліку, блізкую нам, — 2008 год. Калі тады сапраўды было цяжкавата з банальнымі рэчамі накшталт новых струн або інструментаў, дык цяпер такога дабра — навалам. У сувязі з апошнім не бачу перашкод для развіцця рок-гуртоў не ў сталіцы.

Другі аспект — хто пачынае займацца музыкай. Усе музыканты нашага гурта прайшлі пэўны творчы шлях, і таму мы лёгка знаходзім агульную прафесійную мову. Між тым, адна з галоўных праблем “перыферыі” — якраз добрыя музыканты. Асабіста я строга стаўлюся да творцаў, таму, мне здаецца, у тым і адрозненне: у Мінску больш людзей, і сярод іх, відавочна ж, нехта прыдатны знойдзецца. У Магілёве — не ўсё так відавочна.

Трэці аспект — адсутнасць або недапушчальна нізкая прысутнасць натуральнай, падавалася б, музычнай інфраструктуры. Растлумачу. У невялікім горадзе няма стала дзеючых устаноў з штотыднёвымі, прынамсі, жывымі, выступленнямі. Гэта і зразумела, паколькі попыту на падобныя імпрэзы папросту няма, а ўсе так званыя рок-клубы рана ці позна “здзімаюцца”. Я выказваюся зусім не ацэначна ў сэнсе негатыву. Лічу, што невялікія гарады не ў стане забяспечыць наведвальнасць штотыднёвых канцэртаў. Яно і натуральна. “Akute” знаходзіць сабе пляцоўкі ва ўсіх гарадах Беларусі. Адбываецца тое некалькі разоў за сезон, што ў цэлым нядрэнна.

С.С.: — Тут усё залежыць ад таго, якія мэты ставіць. Калі ёсць настойлівае жаданне стаць “пупам зямлі”, то для рэалізацыі гэтага плана вельмі зручна жыць у Мінску. Калі ж ставіцца да кар’еры выключна з меркаванняў творчых і як да прыемнага баўлення часу, а не як да працы, то і ніякай напругі няма. Ствараеш, эксперыментуеш, выплыў канцэрт — з’ездзіў, паказаў, адпачыў ад працы.

Але спадзявацца на тое, што само ўсё ўладкуецца, нельга. Як паказаў наш досвед, гэтая схема не працуе. Калі хочацца дамагчыся поспеху, трэба гурту надаваць практычна ўвесь свой час. Гэта датычыцца не толькі рэпетыцый і канцэртаў, але і працы ў Інтэрнэце, са СМІ. Мяркуючы па гомельскіх гуртах “Gods Tower”, “ТТ-34” і “Rasta”, не абавязкова жыць у сталіцы, каб стаць папулярным. Мае значэнне толькі час, выдаткаваны на свой калектыў, і добры матэрыял. Вядома, ёсць і тыя, хто пераехаў у Мінск і там атрымаў прызнанне. Што да нас, дык нам было няпроста пачынаць кар’еру на радзіме. Кожны абласны цэнтр нясе ў сабе свой гук. Напрыклад, для Магілёва гэта, хутчэй, панк і барды (адбіваецца блізкасць да Масквы, Санкт-Пецярбурга). Гомель жа ў 2000-х увесь патануў у хардкоры. Мы не траплялі ў абойму па стылістыцы, і многія добрыя для кар’еры канцэрты прайшлі міма нас. А ў Мінску нас заўсёды прымаюць добра: больш людзей з падобнымі густамі. Зараз, праз адзінаццаць гадоў, змянілася пакаленне фанаў, і ўсё стала лягчэй…

— А ці стаяла перад вашымі гуртамі задача заваяваць хаця б Мінск? Або мэтай было стаць папулярнымі яшчэ і за межамі краіны?

Р.Ж.: — Любы музыкант бярэ ў рукі інструмент, каб каму-небудзь спадабацца. Мінск ці ўсялякі іншы горад планеты ніколі не стане цалкам заваяваным: гэта ж азначае бессэнсоўнасць далейшага руху. Калі па парадку, дык мы ўдзельнічалі ў любых прыдатных нам конкурсах або “каляспаборніцкіх” авантурах, жадаючы, вядома, быць пачутымі народам. Атрымлівалася далёка не ўсё, пры гэтым тое, што ўдалося, падштурхоўвала да наступнай прыступкі. Першым адчувальным поспехам стала, дарэчы, перамога на “Басовішчы”: мы выйгралі “штуку” баксаў і запісалі альбом. Наогул, сярод крокаў (і для многіх гэта становіцца цяжкапераадольнай перашкодай) — дасягненне якаснага ўзроўню запісу. Не магу прыгадаць ніводнага беларускага рэлізу, дзе мяне задаволіла б па гуку ўсё. І ўжо тым больш — ва ўласных запісах. Мы столькі гадоў галодныя да добрага гуку і да гэтага часу не наеліся…

С.С.: — Вядома, як і любая каманда, хочам кампенсацыі ўкладзеных часу, сродкаў і сіл, але тут, зноў жа, усё залежыць ад нас. Для пачатку трэба заняць сваю нішу ў Беларусі. А потым, набраўшыся досведу, рушыць далей. Хоць ужо зараз пра нас у Расіі нядрэнныя водгукі. Нядаўна трапілі з кліпам “Седатыў” на маскоўскі інтэрнэт-канал. Нягледзячы на жорсткі адбор і канкурэнцыю велізарнай суседняй краіны, атрымалі шмат кампліментаў. Клічуць паказаць усё жыўцом. Я думаю, рэалізуем гэта неўзабаве. На радзіме ж крытыкі ставяцца да нас роўна. Некаторыя нават не бяруць навіны ад гурта на свае сайты: маўляў, працуем толькі з прыярытэтнымі артыстамі…

— Ці задавальняе вас тое становішча ў айчыннай музыцы, якое зараз займаюць каманды?

Р.Ж.: — Я так разумею, што гэта пытанне “стайлу”? Тады — так. “Akute” — гурт поўнай унутранай згоды. Няма ні адной песні, якая была б прахадной для нас, і тым больш нам не сорамна ні за мінулае, ні за цяперашняе гурта. Выйшлі тры поўнафарматныя альбомы, і я магу сказаць, што не наўмысна, а па ўнутраным натхненні сфарміраваўся менавіта наш лад музычнага мыслення. У працэсе імправізацый мы можам спыніцца, напрыклад, калі адчуваем ухіл ў чужое. І гэта не рамкі, а ўзаемнае разуменне таго, чаго мы хочам, якога гуку альбо пасылу…

С.С.: — Не магу сказаць нешта канкрэтнае, бо не валодаю ўсёй інфармацыяй. Інтэрнэт дае вялікія магчымасці для раскруткі калектываў. Часцяком мы натыкаемся на свае песні ў Сеціве, выкладзеныя слухачамі. Гэта і расіяне, і зусім замежнікі. Песні жывуць сваім жыццём, і нам застаецца выпускаць новыя, каб папаўняць іх фонд. Мяне грэе толькі тое, што адсутнічаюць адмоўныя водгукі. А добрае імя — самае галоўнае. У нас няма менеджара, ніхто намі не займаецца. Уся ўвага падтрымліваецца самімі слухачамі. Здабыццё сваёй надзейнай фан-базы — доўгі працэс, але затое ён забяспечвае ўвагу да калектыву на доўгія гады, а не на адзін сезон.

— У чым сакрэт поспеху нямінскіх альтэрнатыўных музыкантаў, якія здолелі стаць вядомымі і запатрабаванымі па-за роднымі населенымі пунктамі?

Р.Ж.: — Я хацеў бы пазбегнуць канкрэтных параўнанняў. Усе — розныя. Поспех — гэта сур’ёзная праца над сабой. Вынік пакажа, на што ты здольны: на стадыён або “склеп”, на натоўп разумны або вар’яцкі. Асабліва гэта важна, калі феноменам уласнай папулярнасці артыст ужо не кіруе, а гэта, прызнацца, — малапрывабнае відовішча. Карацей, праца і яшчэ раз... грошы. Варта сказаць і пра харызму. Калі ў беларускай музыцы мала падобных людзей, гэта значыць, што не знайшоўся яшчэ канкрэтны персанаж, які ўсё ставіць “на вушы”, гэткі рэальны геній, герой. Не тое, што іх няма, але геній на тое і ўнікальны...

С.С.: — Поспех, напрыклад, “Akute”, думаю, у іх былым менеджары, хоць магу і памыляцца. Мне здаецца, ён, Зміцер Бескаравайны, датычны да такога выніку. Дый матэрыял: мы “разагравалі” іх у Гомелі, — вельмі нядрэнная каманда. Урэшце, і не маладыя яны. Я — пра “Глюкi” (двое музыкантаў з цяперашняга складу “Akute” гралі ў тым гурце, што распаўся некалькі гадоў таму. — А.К.), якія чуў гадоў дзесяць таму. Так што гэта вынік шматгадовых пошукаў свайго гуку. А сакрэт, дапусцім, мінскіх “The Toobes”, напэўна, у англійскай мове ды нястрымнай энергіі кожнага з іх. Напор, якога не хапае многім добрым гуртам. Ну, і шанцаванне, думаю.

— У чым бачыце вартасці ды недахопы уласных гуртоў?

Р.Ж.: — Гурт — гэта людзі, а чалавек — нестабільны, ад чаго пакутуе агульная справа. Я — прыхільнік жорсткага рэгулявання, паколькі шмат зведаў на сваім досведзе прыкладаў а-ля “і так добра” ды іншых дылетанцкіх штук. Справу такое стаўленне толькі забівае.

С.С.: — Недахоп — залішняя меланхалічнасць, уласцівая людзям нашага роду дзейнасці. І нас можна лёгка вывесці са строю рэзкай фразай. А пакрасавацца на сцэне і нешта даводзіць — ненармальны стан чалавека. З добрых якасцей прафесіі нічога не магу назваць...

— Ваш погляд на нашу непапсовую сцэну: плюсы і мінусы…

Р.Ж.: — Плюсы — тое, што яна існуе і абнаўляецца. Прыходзяць новыя калектывы, адраджаюцца старыя. “Забіў”, пасталеў, апусціліся рукі — гэта вынік чалавечага фактара, а пацярпела агульная справа: кшталту, гурт разваліўся, сцэна абмялела, кірунак аслабеў...

С.С.: — Я бачу адзін вялікі мінус, які перашкаджае развівацца рокерам у нашай краіне: як бы падзел на беларускамоўны і рускамоўны лагеры. Прычым непрыманне ідзе ад прадстаўнікоў першай плыні. У выніку, адны “пасуцца” ў Польшчы, а іншыя — у Расіі. Але ў нас — агульная краіна. З плюсаў можна адзначыць тое, што цяжкасці нас загартоўваюць, ад чаго становімся больш настойлівым.

— Да чаго наогул імкнуцца калектывы?

Р.Ж.: — Сфармулявана намі ж даўно: хочам, каб нам хапала сродкаў для дасягнення творчых мэт.

С.С.: — Хацелася б “намацаць” стыль, рафінаваць агульную ідэю. Не ўсё мяне задавальняе. Марыцца пра тое, што калі-небудзь у нас будзе больш часу адно для аднаго і для агульнай справы. Цёплыя ўзаемаадносіны — галоўнае ў гурце…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"