“Кватэрнік” для геданістаў

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Музейны маркетынг у дзеянні
Кавярня ў музеі? Спевы пад гітару сярод карцін? Танцы ў музейным дворыку? Сёння гэтым ужо нікога не здзівіш… Усё таму, што правераныя часам прынцыпы агрэсіўнага маркетынгу ды менеджменту актыўна выкарыстоўваюцца не толькі ў камерцыйных установах, але і ў арганізацыях сферы культуры. У тым ліку, натуральна, і ў музеях…

Кліент, а не наведвальнік

А нядаўна некаторыя айчынныя музейшчыкі нават і не ведалі, што значыць слова “маркетынг”, вымаўляючы яго са страхам у голасе. Цяпер жа пра новыя падыходы ў музейнай справе, якія спрыяюць зацікаўленню наведвальнікаў (ці, як модна казаць, кліентаў), гаворыцца шмат і ўсюды. Прычым інавацыйныя падыходы не толькі абмяркоўваюцца, але і ўвасабляюцца.

Днямі на адно падобнае абмеркаванне была запрошана і “К”. Праўда, заяўлены міжнародны “круглы стол” з кіраўнікамі і спецыялістамі мемарыяльных літаратурных музеяў Беларусі, Расіі і Літвы пад гучнай назвай “Музейны маркетынг. Асаблівасці пазіцыянавання музея ў сучасным грамадстве” быў зладжаны, хутчэй, у фармаце лакальнай міні-канферэнцыі. Пад час імпрэзы ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, на якой, на жаль, прысутнічаў з дзясятак чалавек, гучалі даклады, пасля выступоўцы адказвалі на пытанні… А вось абмеркавання “актуальных пытанняў прэзентацыі музея і музейнага прадукту ва ўмовах развіцця сучаснага грамадства”, пра што паведамлялі арганізатары ў прэс-рэлізе, на жаль, не адбылося…

Але нават у такім фармаце мерапрыемства зацікавіла, у першую чаргу, досведам замежных спецыялістаў. Хаця, трэба прызнаць, і нашы, айчынныя музейшчыкі, што называецца, не спяць у шапку, а актыўна асвойваюць сёння маркетынгавую “дзялянку” ды ўвасабляюць на практыцы цікавыя і прыцягальныя для наведвальнікаў праекты. І часам робяць гэта так, што ў некаторых пытаннях могуць даць фору калегам з іншых краін...

Гітарысты побач з Коласам

І калі казаць пра такі беларускі досвед, дык адно з цікавых паведамленняў прагучала з вуснаў загадчыка аддзела навуковай прапаганды Музея Якуба Коласа Марыі Казакевіч. Пачала свой расповед спецыяліст, зазначыўшы, што асноўная катэгорыя наведвальнікаў ці не любога айчыннага музея, — школьнікі. А вось “нешкольнікаў” — дзяцей, студэнтаў, сямейных пар ды турыстаў — “зацягнуць” у музейныя ўстановы Беларусі складана… Але ж “коласаўцы” агучаную праблему вырашаюць паспяхова, і ў музеі сёння часта бывае як моладзь, так і сталыя наведвальнікі. А ўсё таму, што ў доме, дзе калісьці жыў класік айчыннай літаратуры, цяпер нікога не здзівіш вечарынамі класічнай музыкі, прэзентацыямі ці сустрэчамі з пісьменнікамі… Але і гэта, натуральна, яшчэ не ўсё. Актыўную моладзь сюды завабліваюць “паці-вячоркамі” ды “кватэрнікамі" ў дзядзькі Якуба”. Для дзяцей, што завітваюць у госці да класіка, тут таксама шмат цікавага. Прыкладам, пры ўстанове працуе майстэрня, дзе можна і маляваць, і ляпіць фігуркі, і выразаць з паперы. А яшчэ музейшчыкі ладзяць калядныя сустрэчы і вясельныя цырымоніі, “гукаюць вясну” ды прэзентуюць лялечныя спектаклі для ўсіх ахвотных… Словам, мерапрыемстваў на любы густ тут хапае, што, натуральна, адбіваецца на колькасці наведвальнікаў…

Не варта, мабыць, і казаць, што досвед “коласаўцаў” прыдасца не толькі калегам з-за мяжы, а і шматлікім айчынным музейшчыкам… Я, да прыкладу (ды, маю спадзеў, не толькі я), быў бы вельмі рады, каб падобныя “паці-вечарыны” ды “кватэрнікі” ладзілі раённыя музейшчыкі, прапаноўваючы іх сваім наведвальнікам замест надакучлівых экскурсій “пад адзін грэбень” па традыцыйных залах археалогіі і прыроды з муляжамі біўняў мамантаў ды пабітымі цвіллю шкурамі лася ці ваўка… Цікава было б даведацца, хто з раённых музеяў пазычыць крэатыўную ідэю першым і зробіць такі маркетынгавы ход у сваёй установе культуры? Ці, можа, гэтыя хады ўжо даўно зроблены?.. Не, я не пра адзінкавыя акцыі “з нагоды…”, а пра сістэматычны працэс.

Па вуліцах Блока

Але ж айчынныя музейшчыкі “жывяцца” і здабыткамі замежных спецыялістаў. Вось і выступленне загадчыка філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі Санкт-Пецярбурга “Музей-кватэра Аляксандра Блока” Лідзіі Пушкаровай было праслухана яе калегамі з Беларусі з цікавасцю. А прыцягнула ўвагу спецыяліст адной праблемай, пра якую распавяла на пачатку свайго выступлення.

Музей Блока знаходзіцца аддалена ад цэнтра горада. Адсюль узнікае шэраг іншых праблем: і цяжкасці з даездам, і нястача наведвальнікаў, і недахоп сродкаў… А яшчэ паўстае пытанне неабходнасці агрэсіўнай рэкламы, іначай турыстаў сюды, на ўскраек Санкт-Пецярбурга, не завабіш… Таму тактыку нестандартнага маркетынгу тут засвоілі здаўна. І хаця праблем з аддаленасцю ад цэнтра горада рэспубліканскія ды раённыя музеі звычайна не маюць, але ж досвед існавання ва ўмовах “жыцця на ваколіцы” можа ім прыдацца…Што ж робяць “блокаўцы”, каб прывабіць наведвальніка “на край свету”? Адказ адзін: ладзяць акцыі. І ў першую чаргу, як адзначыла Пушкарова, музейшчыкі “шчыруюць” з тэматычнымі экскурсіямі...

Прыкладам, хочацца турысту пашпацыраваць па Піцеры часоў Блока? Калі ласка: экскурсію можна замовіць тут жа, у музеі. Акрамя таго, “блокаўцы” не абмяжоўваюцца толькі гэтым, а прапаноўваюць падарожжа з экскурсаводам па Каломне (у гэтым раёне паўночнай сталіцы Расіі знаходзіцца ўстанова культуры), па тамтэйшых храмах, распавядаючы пры гэтым пра гісторыю і знакамітых людзей, што калісьці жылі ў тых мясцінах, па наваколлях паўночнай сталіцы, дзе таксама любіў бываць Аляксандр Блок… Колькасць тэматычных экскурсій расце з кожным годам ды, дадае неблагую “капейчыну” ў музейную скарбонку…

Шмат цікавостак і ў самім Музеі-кватэры. Прыкладам, усталяваны аўдыягіды ды працуе аўдыясістэма, дзякуючы якой кожны можа паслухаць вершы паэта, напісаныя менавіта тут. А яшчэ ў музеі можна паглядзець нямыя фільмы пачатку 1920-х гадоў, пагартаць копіі фотаальбомаў ды лістоў пісьменніка і яго сяброў…

...І яшчэ. Немалую ўвагу надаюць мясцовыя музейшчыкі выпуску ды распаўсюджванню сваёй кніжнай прадукцыі. А гэта і буклеты, і календары, і кніжкі-размалёўкі, і даведнікі па Санкт-Пецярбургу ды яго наваколлях, і многае іншае… Акрамя таго, актыўная рэкламная дзейнасць для “блокаўцаў” — не пусты гук. Таму музейшчыкі прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах — ад Дня горада да спартакіяд, — прэзентуюць сябе ў сацыяльных сетках ды на сайтах, выязджаюць з выстаўкамі ў школы ды дзіцячыя садкі…

Па светлавой лесвіцы...

Выступленне музейшчыкаў з Вільнюса можна абазначыць двума словамі: “Заўсёды ў пошуку!”. Прычым і ў пошуку таго, як зарабіць грошай для сваёй дзейнасці. Усё таму, што музеі ў Літве, як, дарэчы, і ў Беларусі ды Расіі, пастаянна адчуваюць на сабе недахоп дзяржаўнага ці муніцыпальнага фінансавання...

На дапамогу ў вырашэнні гэтага пытання літоўскім музейшчыкам прыходзяць шматлікія фонды культуры, што працуюць у Еўрасаюзе і выдаткоўваюць сродкі пад найбольш значныя ды цікавыя творчыя праекты. Але каб атрымаць грошы з падобных фондаў, супрацоўнікам музейных устаноў трэба быць не толькі выбітнымі маркетолагамі, але і крэатыўнымі праектантамі ў сваёй сферы.

Напрыклад, як патлумачылі галоўны захавальнік фондаў Дома-музея В.Мікалайціса-Пуцінаса Шорыенэ Рамунэ ды галоўны захавальнік фондаў Дома-музея сям’і Венцлава Ёзенайтэ Юсціна (гэтыя ўстановы ўваходзяць у адзіную Вільнюскую дырэкцыю мемарыяльных музеяў), праектная дзейнасць у іхніх арганізацыях пастаўлена, лічы, “на паток”. Музейшчыкі пішуць некалькі праектаў у год, адпраўляючы іх на конкурснай аснове ў свае галаўныя арганізацыі ды шматлікія фонды, а там ужо спецыялісты і вызначаюць, які праект варты рэалізацыі ды адпаведнага фінансавання. І добра, калі з пяці напісаных работ атрымаецца “выбіць” грошы для аднаго-двух праектаў… Так што праца гэтая не толькі крэатыўная, але і даволі цяжкая ды карпатлівая…

З маркетынгавых хадоў музейшчыкаў Літвы згадаю рэкламу ўстаноў культуры. Гэта і сацыяльныя сеткі, і ўказальнікі, і плакаты ў школах, а таксама агучка будучых мерапрыемстваў па радыё ды бягучы радок на канале мясцовага тэлебачання. А каб яшчэ больш прывабіць наведвальніка да сваіх устаноў, каля музеяў усталявалі асвятляльную сістэму. Таму парэнчы і сама лесвіца, што вядзе ў музейныя памяшканні, у вечаровы час свецяцца рознымі колерамі, прыцягваючы ўвагу мінакоў і турыстаў… Чым не прыклад для пераймання ў айчынных музеях, асабліва ў зімовы час, калі цямнее амаль адразу пасля абеду?

Але ж калі казаць пра яскравы досвед літоўскіх музейшчыкаў, якім абавязкова варта было б скарыстацца беларускім спецыялістам, дык гэта, канешне ж, праектная дзейнасць… На жаль, многія айчынныя музеі нават і не здагадваюцца пра тое, што напісаўшы ды абгрунтаваўшы некалькі праектаў, а пасля адаслаўшы іх у разнастайныя замежныя арганізацыі, можна атрымаць належнае фінансаванне. Згадайма хоць бы тыя праекты, якія рэалізуюцца пад эгідай ААН у Беларусі…

Іншая справа, што тут адразу ж паўстае шэраг пытанняў. Першае з іх, вядома ж, арганізацыйнае: куды падаваць тую заяўку на грант, што ў ёй пісаць, чым зацікавіць грантадаўцаў?.. А другое, натуральна, вымагае пільнай патрэбы ў перакладчыках. Бо для таго, каб падаць тую ж заяўку, трэба, як вядома, падрыхтаваць шматлікія дакументы, зрабіць пераклады тэкстаў з замежнай мовы, узгадніць усе нюансы з кіраўнікамі праекта ды вырашыць яшчэ тузін пытанняў…

Пры гэтым не варта забываць, што асноўную працу — экскурсійную ды навуковую — для айчынных музейшчыкаў ніхто яшчэ не адмяняў… Вось таму і атрымліваецца своеасаблівае “замкнёнае кола”: праекты можа і пісаліся б, каб было больш часу, цудоўнае валоданне англійскай мовай, шмат крэатыўных праектаў… Але ж чамусьці музейшчыкам Вільнюса ўсе агучаныя перашкоды не падаюцца такімі ўжо і цяжкімі… Так што, хутчэй за ўсё, справа тут — у ініцыятыўнасці ды зацікаўленасці… Зразумела, для паспяховага выніку трэба зрабіць вялікі аб’ём працы і, што называецца, “пакруціцца”, але справа, пагадзіцеся, таго вартая...

У якасці заключэння

Высноў з наведанай імпрэзы ў мяне — больш чым дастаткова. Але галоўная, бадай, адна: роля і функцыі музеяў сёння імкліва змяняюцца. Музейнае “асветніцтва” паступова сыходзіць у нябыт, змяняючыся так званай геданістычнай канцэпцыяй, разлічанай на задавальненне наведвальнікаў-кліентаў. І тое зусім не выпадкова. У сучасным імклівым свеце людзі пастаянна адчуваюць стрэс, таму цалкам лагічна, што ва ўстановах культуры яны шукаюць магчымасць адпачыць, пабавіць час, а калі і жадаюць нечаму навучацца, дык без прымусу ды цяжкасці, нібыта гуляючы. Вось таму ва ўстановах культуры і патрэбны новыя формы ды цікавыя маркетынгавыя хады, каб стомлены пасля працы наведвальнік заехаў вечарам не ў піўніцу, а, прыхапіўшы жонку і дзетак, скіраваўся ў музей на адкрыццё новай выстаўкі — з нагоды дня адкрытых дзвярэй ці “кватэрніка”…

І апошняе. Я вельмі быў уражаны тым, якое вялікае значэнне надавала стварэнню адпаведнай атмасферы ў сваёй установе Лідзія Пушкарова. І сапраўды, антураж, атмасфера музея маюць велізарнае значэнне. Кажу гэта як наведвальнік, а не як журналіст… Вельмі важна і тое, хто ды як сустракае турыста ці сталага музейнага аматара на ўваходзе, з якімі словамі, з якім выразам твару, якім позіркам праводзяць яго наглядчыкі... Ці адчувае наведвальнік сябе пры гэтым жаданым госцем, альбо — нечаканым прыхаднем? Ці баіцца задаць пытанне экскурсаводу? Але гэта, мабыць, тэма ўжо для зусім іншага артыкула…

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"