Фестываль мастацтваў землякоў: уражанні

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Пятрусь КАПЧЫК, кіраўнік гурта беларускай культуры “Зорка Венера” (горад Ізяслаў, Украіна):
— Учора мне патэлефанавала знаёмая, таксама беларуска з Украіны, якая гэтымі днямі гасцюе ў сваякоў на Магілёўшчыне. Калі я ёй паведаміў, што браў удзел у ІІ Фестывалі мастацтваў беларусаў свету ад Украіны (на жаль, аказаўся адзіным яе прадстаўніком), запыталася, ці застаўся я задаволены падзеяй. Так! Задаволены!

/i/content/pi/cult/497/10649/2-1.jpgУ адрозненне, відаць, ад некаторых суродзічаў з Латвіі ды Расіі, якія прывезлі ў Мінск па 7 — 11 творчых калектываў ды выканаўцаў, а ў фінальным гала-канцэрце ад кожнай краіны мог выступіць толькі адзін прадстаўнік (таму іншыя сядзелі ў зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў ролі гледачоў). На жаль, некаторыя суайчыннікі адзначалі ў сваіх інтэрв’ю менавіта той момант, што ім даводзілася праехаць сотні, а то і тысячы кіламетраў ды выступіць хіба што на сцэне па-за сталіцай… Але ж ёсць рэгламент фестывалю ды галоўны рэжысёр са сваімі дарадцамі, якія на рэпетыцыі і вырашалі, хто з гасцей з 18 краін свету будзе задзейнічаны ў гала-канцэрце. Я чытаў сваю мікрабайку “Хай спявае” трэцім па ліку, а потым, перабраўшыся ў залу, слухаў выступленні іншых і атрымліваў сапраўдную асалоду ды задавальненне ад майстэрства землякоў з Польшчы (ансамбль “Аморфас”), Малдовы (Маргарыта Івануш), крымчаніна з Алушты Віталія Бартохава, “Світанку” з літоўскага Вісагінаса, вакальнай групы “Надзея” з казахстанскага Паўладара... Адкрыццём жа фестывалю стала (мяркую, не толькі для мяне) спявачка з расійскага Новасібірска Настасся Трубянкова-Дзяменцьева: яе нумар большая палова залы глядзела стоячы, а пасля заканчэння спеву з прытанцоўкамі не сціхалі бурныя апладысменты і воклічы ўдзячных слухачоў!.. Мне падумалася ў гэты момант: менавіта яна павінна прадстаўляць нашу гістарычную Бацькаўшчыну на чарговым “Еўрабачанні”!

І яшчэ колькі слоў пра ўдзел у фэсце. Нас прыехала ў Мінск больш як 250 чалавек, але ніводзін не быў пакінуты арганізатарамі без увагі ды апекі. І ў гэтым я бачу асабістую заслугу дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіла Рыбакова ды супрацоўнікаў РЦНК. Яны літаральна “валіліся з ног”, каб усім дагадзіць, каб усё адбылося ў запланаваны ў праграме форуму час. Мяркую (прычым не толькі я), што дзякуючы іхняму разумнаму ды шляхетнаму кіраванню імпрэзамі фестываль прайшоў на еўрапейскім узроўні, а пасля пабачанага на экскурсіі па Мінску мы смела канстатавалі: гэта еўрапейская сталіца!

Мне пашчасціла таксама наведаць аграгарадок “Вясея” Слуцкага раёна, дзе мы, прадстаўнікі Польшчы, Эстоніі, Італіі і Украіны, давалі свой першы міні-канцэрт для працаўнікоў вёскі. А па дарозе ў аграгарадок мы наведалі Музей слуцкіх паясоў, у Вясеі ж кожны ўдзельнік — калектыў ці асобны выканаўца — атрымаў цудоўны падарунак: прыгожа аформлены каляровы фотаальбом “Слуцкія паясы”, абярэг і падкову на шчасце…

Нашай удзячнасці случчанам не было межаў! Цягам зваротнага шляху да сталіцы мы спявалі беларускія народныя песні: гэтак вялі рэпетыцыю перад канцэртам для мінчан на адкрытай пляцоўцы ля Палаца спорту. Прайшоў ён выдатна, калі казаць адным словам. Засталіся цудоўныя ўражанні і ад творчага спаткання з пісьменнікамі ў Музеі Якуба Коласа. Ну а развітваючыся, усе мы казалі адно аднаму: “Да новай сустрэчы!...”