“Хіба ж я прымітыўная?”

№ 39 (1165) 27.09.2014 - 03.10.2014 г

Памяці майстра Зінаіды Ляйко
Усе мы родам з дзяцінства. І адбітак яго так ці інакш праяўляецца ў нашым далейшым жыцці. Так атрымалася і з лепельскай дзяўчынкай Зінай Ляйко. Нарадзілася яна ў 1935 годзе, і змалку зведала і голад, і цяжкую сялянскую працу. Але заўсёды прыкмячала прыгожыя краявіды роднай вёсачкі Вялікі Поўсвіж, прыгажосць кветак у полі ды розныя адметныя рысы аднавяскоўцаў. Як яна сама распавядала пазней: “Вот віжу красівыя цвяты — і думаю: нарысую точно так жа. Ілі вот коні пасуцца на траве: адзін — белы, яшчэ — карычневы, а ўжо чорны — дык самы красівейшы…”.

/i/content/pi/cult/497/10647/11-5.jpg

Пазней мы ўбачылі дзіцячыя ўражанні майстрыхі, увасобленыя ў цудоўных керамічных вырабах, карцінах, дзе паўсюдна — уласнае светаўспрыманне, шчырасць пачуццяў, што праяўляюцца ў непасрэднасці і незвычайнасці выяўленчых сродкаў.

Мастацтва Зінаіды Ляйко называецца прымітыўным, наіўным. А Зінаіда Уладзіміраўна крыўдзілася на гэтае азначэнне: “Хіба ж я прымітыўная? Яны ж во настаяшчыя: мае і людзі, і коцікі!” — казала майстрыха. А мы, гледачы, сёння разумеем, што каштоўнасць яе творчасці менавіта вось у такой, наіўнай, шчырасці. Кожная работа жанчыны — непаўторны вобраз (“Гаспадыня з блінамі”, “Касец”, “Праля”, кампазіцыя “Танцоры”…).

З асобай цеплынёй і любоўю стварала майстрыха сваіх знакамітых коцікаў. У гэтых работах — часцінка яе душы, сардэчнай цеплыні. Тут спатрэбіліся і прафесійныя навыкі (працавала Зінаіда Уладзіміраўна ўсё жыццё муляром-тынкоўшчыкам), бо як жа прымацаваць вейкі ды вусікі коцікам? Сакрэт гэты — уласнае аўтарскае вынаходніцтва — яна раскрыла сваім вучням. Сёння майстры Цэнтра рамёстваў Вольга Мулындзіна і Наталля Буйлова з удзячнасцю карыстаюцца вынаходніцтвам Зінаіды Ляйко і спрабуюць стварыць коцікаў, падобных да яе работ.

Цацкі, выкананыя ейнымі рукамі, маглі бачыць не толькі жыхары Беларусі, — яны дэманстраваліся ў Дрэздэне, Таліне. У 2003 годзе студыя “Беларусьфільм” зняла стужку “Беларуская цацка”. Але гліняныя фігуркі майстрыхі — не столькі цацка, колькі сапраўдная дэкаратыўная скульптура. Творы — пазнавальныя, у іх умела падкрэслены адметнасці таго або іншага персанажа (скульптура-бюсцік В.Жукавай, партрэты А.Райкіна, Я.Сахуты…).

Зінаіда Уладзіміраўна пайшла з жыцця ў 2010 годзе. Яе вырабы захоўваюцца ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры, Віцебскім краязнаўчым музеі, Лепельскім цэнтры рамёстваў, у прыватных калекцыянераў. Мы ўдзячныя Зінаідзе Уладзіміраўне за тое, што яна навучыла нас бачыць прыгожае ў паўсядзённым і радавацца жыццю…

Ірына ГАЎРЫЛЕНКА, метадыст Заслужанага аматарскага калектыву “Скарбонка” Лепельскага цэнтра рамёстваў