Пазней мы ўбачылі дзіцячыя ўражанні майстрыхі, увасобленыя ў цудоўных керамічных вырабах, карцінах, дзе паўсюдна — уласнае светаўспрыманне, шчырасць пачуццяў, што праяўляюцца ў непасрэднасці і незвычайнасці выяўленчых сродкаў.
Мастацтва Зінаіды Ляйко называецца прымітыўным, наіўным. А Зінаіда Уладзіміраўна крыўдзілася на гэтае азначэнне: “Хіба ж я прымітыўная? Яны ж во настаяшчыя: мае і людзі, і коцікі!” — казала майстрыха. А мы, гледачы, сёння разумеем, што каштоўнасць яе творчасці менавіта вось у такой, наіўнай, шчырасці. Кожная работа жанчыны — непаўторны вобраз (“Гаспадыня з блінамі”, “Касец”, “Праля”, кампазіцыя “Танцоры”…).
З асобай цеплынёй і любоўю стварала майстрыха сваіх знакамітых коцікаў. У гэтых работах — часцінка яе душы, сардэчнай цеплыні. Тут спатрэбіліся і прафесійныя навыкі (працавала Зінаіда Уладзіміраўна ўсё жыццё муляром-тынкоўшчыкам), бо як жа прымацаваць вейкі ды вусікі коцікам? Сакрэт гэты — уласнае аўтарскае вынаходніцтва — яна раскрыла сваім вучням. Сёння майстры Цэнтра рамёстваў Вольга Мулындзіна і Наталля Буйлова з удзячнасцю карыстаюцца вынаходніцтвам Зінаіды Ляйко і спрабуюць стварыць коцікаў, падобных да яе работ.
Цацкі, выкананыя ейнымі рукамі, маглі бачыць не толькі жыхары Беларусі, — яны дэманстраваліся ў Дрэздэне, Таліне. У 2003 годзе студыя “Беларусьфільм” зняла стужку “Беларуская цацка”. Але гліняныя фігуркі майстрыхі — не столькі цацка, колькі сапраўдная дэкаратыўная скульптура. Творы — пазнавальныя, у іх умела падкрэслены адметнасці таго або іншага персанажа (скульптура-бюсцік В.Жукавай, партрэты А.Райкіна, Я.Сахуты…).
Зінаіда Уладзіміраўна пайшла з жыцця ў 2010 годзе. Яе вырабы захоўваюцца ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры, Віцебскім краязнаўчым музеі, Лепельскім цэнтры рамёстваў, у прыватных калекцыянераў. Мы ўдзячныя Зінаідзе Уладзіміраўне за тое, што яна навучыла нас бачыць прыгожае ў паўсядзённым і радавацца жыццю…
Ірына ГАЎРЫЛЕНКА, метадыст Заслужанага аматарскага калектыву “Скарбонка” Лепельскага цэнтра рамёстваў